Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крупкі: Начальнік міліцыі незадаволены рашэньнем суда


Начальнік Крупскага РАУС падпісаў скаргу ў Менскі абласны суд на рашэньне Крупскага раённага суда.

Трое жыхароў Крупак (Менская вобласьць), якія былі затрыманыя 18 лістапада менскім спэцназам міліцыі, а пазьней апраўданыя Крупскім раённым судом, зноў паўстануць перад судом.

Іх адміністрацыйныя справы, закрытыя 21 лістапада судзьдзёй Крупскага раёну Сіваковай, будуць перагледжаныя ў Менскім абласным судзе 16 сьнежня.

Адзін з апраўданых Руслан Вялюха распавёў праваабарончаму цэнтру «Вясна», што скарга ў Менскі абласны суд на рашэньне Крупскага раённага суду падпісана начальнікам Крупскага РАУС палкоўнікам Сацуком. У дакумэнце ставяцца пад сумнеў паказаньні сьведак, якія даводзілі неправамернасьць затрыманьня і прымяненьня сілы адносна затрыманых. Таксама там сьцьвярджаецца, што сьведкі нібыта зьяўляюцца зацікаўленымі асобамі. Зьвяртаецца ўвага і на тое, што ў якасьці сьведак у зале суда не былі дапытаныя супрацоўнікі спэцназу міліцыі.

«Апраўданых Крупскім судом больш. Але пакуль пра перасуд паведамілі толькі нам траім», — кажа Руслан.

Хлопец рыхтуе скаргу на дзеяньні мясцовых міліцыянтаў у раённую пракуратуру, а таксама на дзеяньні спэцназаўцаў міліцыі ў Генпракуратуру.
XS
SM
MD
LG