Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскія актывісты абскарджваюць штрафы


Грамадзкія актывісты Гомелю абскарджваюць буйныя штрафы, вынесеныя 28 лістапада судамі Чыгуначнага раёну за ўдзел у Народным сходзе 8 кастрычніка.

«Судзьдзя Парэмскі аштрафаваў мяне на 1 мільён 750 тысяч рублёў. Гэта больш, чымсьці мой месячны заробак машыніста цеплавоза вагонарамонтнага заводу, дзе я працаваў да нядаўняга часу», — заявіў беспрацоўны Дзьмітры Карашкоў.

У касацыйнай скарзе ў абласны суд спадар Карашкоў пазначыў, што раённы суд мусіў даць прававую ацэнку ягонага ўдзелу ў Народным сходзе, а не караць паводле закону аб масавых мерапрыемствах.

Самы буйны штраф, на думку Карашкова, вынесены яму з прычыны ягонай актыўнай жыцьцёвай пазыцыі. У кастрычніку Дзьмітры стаўся ініцыятарам збору подпісаў працаўнікоў транспартнага цэху вагонарамонтнага заводу за павелічэньне заробку на 100 адсоткаў. Гэта мела рэзананс і прыйшлося не даспадобы адміністрацыі прадпрыемства. Актывіст вымушаны быў звольніцца з працы.

Дарэчы, падчас затрыманьня 12 лістапада толькі ў дачыненьні да Дзьмітрыя Карашкова міліцыянты склалі адразу два пратаколы — за ўдзел у Народным сходзе 12 лістапада і 8 кастрычніка.

Абскарджваць штрафы ў памеры 20–30 базавых велічыняў зьбіраюцца таксама Ільля Міронаў, Ксеня Яраслаўцава й Васіль Такарэнка.

«Мне яшчэ не даслалі з Чыгуначнага суду пастанову на 700-тысячны штраф. Калі яна прыйдзе, то адразу й напішу касацыйную скаргу ў абласны суд», — сказаў спадар Міронаў.

А вось 49-гадовы грамадзкі актывіст Валер Хамутоўскі паведаміў, што ня мае намеру абскарджваць свой 175-тысячны штраф. На яго думку, дамагацца справядлівасьці ў залежных ад выканаўчай улады судах ня мае сэнсу:

«У нашай краіне ўсе суды падкантрольныя — дзейнічаюць па ўказцы. Дамагчыся справядлівасьці немагчыма. Па законе, па справядлівасьці ня судзяць. Канстытуцыю топчуць, як каму захочацца».
XS
SM
MD
LG