Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print


Цэны на прадукты харчаваньня ў Беларусі па-ранейшаму працягваюць расьці, не зважаючы на распараджэньне кіраўніка краіны аб іх зьніжэньні. Гэта вымусіла значную колькасьць спажыўцоў набываць меней мяса і каўбасаў ды пераходзіць на малочныя ды хлебабулачныя вырабы.

На менскім Камароўскім кірмашы ў радах з каўбасамі і мяснымі вырабамі пакупнікоў вобмаль. Перадусім людзі становяцца ў чэргі каля вітрынаў з малаком ды хлебам. У пераважнай большасьці гэта пэнсіянэры:

Карэспандэнтка: «Што ў асноўным вы набываеце на Камароўцы?»

Спадарыня: «Па малочнае ходзім, па хлеб. Мяса стала для нас ужо дэфіцытам».

Іншая спадарыня: «Вельмі дорага, канечне. Чакалі ад ураду значна большых зьніжак. Мы доўга жылі з мужам за мяжой і памятаем, як там да ўсіх сьвятаў улады стараюцца зрабіць так, каб кожны, самы бедны чалавек меў магчымасьць сабе нешта набыць. А ў нас — не. Нават самая танная каўбаса — яна дарагая. Крыўдна, вельмі».

Карэспандэнтка: «Кіраўнік краіны патрабаваў ад ураду, каб былі зьніжаныя кошты на прадукты харчаваньня. Ці адчулі вы гэтае зьніжэньне?»

Спадарыня: «Не, канечне, нічога мы не адчулі. Наадварот, усё даражэе і даражэе».

Карэспандэнтка: «Хто ў гэтым вінаваты, як вы думаеце?»
Мы самі вінаватыя, бо абыякавыя

Спадарыня: «Мы вінаватыя. Мы самі вінаватыя, бо абыякавыя. А калі ў грамадзтве 20% абыякавых людзей, то там зусім няма грамадзтва. Таму так і пакутуем усе».

Прадавачка Камароўскага кірмашу Натальля гандлюе мясам птушкі і іншымі вырабамі. Яна кажа, што попыт на яе прадукцыю залежыць ад таго, калі ў Менску выдаюць заробкі:

Карэспандэнтка: «Ці набываюць у вас прадукты гэтак жа, як і раней, ці ўсё ж менш сталі купляць?»

Натальля: «Ня ведаю, здаецца, гэтаксама — як прадавалі, гэтак і прадаём».

Карэспандэнтка: «Але я бачу, што цяпер каля вашага прылаўку зусім няма людзей».

Натальля: «Так — цяпер канец месяца, заробкаў няма — менш, канечне, людзей. Пачнуцца заробкі — будуць ізноў набываць».

Карэспандэнтка: «Дык на продажах адчуваецца, калі даюць заробкі?»

Натальля: «Канечне».

Карэспандэнтка: «А вы самі — гэтак жа, як і раней, набывалі сабе прадукты, ці гледзіце, колькі ўзяць і чаго?»

Натальля: «Гляджу, канечне, — усё!»
А што тычыцца коштаў, то пераб’емся ці зьедзем адсюль

Маладзейшыя наведнікі менскай Камароўкі кажуць, што з сумам назіраюць за тым, што адбываецца на кірмашы і ў дзяржаве ў цэлым:

Юнак: «Больш напружвае псыхалягічны фактар таго, што зараз адбываецца, і сваволя таго, што адбываецца ў вярхах. А што тычыцца коштаў, то пераб’емся ці зьедзем адсюль».

Юначка: «У нас перавага ў тым, што мы маладыя, у адрозьненьне ад тых старых, якія тут стаяць гадзінамі ў чэргах у чаканьні танных прадуктаў».

Карэспандэнтка: «Што вы пра гэта думаеце?»

Юначка: «Папраўдзе сказаць — агідна. Нават ня хочацца на гэта глядзець. І выклікае гэта выключна эмоцыі агіды і шкадобы».

Юнак: «А я з гэтай нагоды думаю, што тут шмат вінаватая прапаганда, якая зрабіла з 40-гадовых людзей даверлівую і неразумную масу. Яны гатовыя харчавацца выключна бульбай і нічога не рабіць. А ёсьць два варыянты — альбо пратэставаць, альбо зьяжджаць адсюль. Пэнсіянэры могуць пратэставаць, а такія, як мы, таксама могуць пашавяліцца».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG