Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Гомель: абласны суд прызнаў арышты Палякова і Міронава законнымі


Гомельскі абласны суд

Гомельскі абласны суд

Гомельскі абласны суд адхіліў скаргі грамадзкіх актывістаў Васіля Палякова й Ільлі Міронава на пакараньне адміністрацыйнымі арыштамі за Народны сход.

"Судзьдзя Аляксандар Сужаеў, які разглядаў маю касацыйную скаргу на пакараньне 5 суткамі арышту, заявіў, што мы меліся зарэгістраваць у гарвыканкаме ініцыятыўную групу па правядзеньні Народнага сходу. Я запярэчыў, што ў такім разе мяне трэба было судзіць не за арганізацыю несанкцыянаванага масавага мерапрыемства, а за парушэньне закону "Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах", – заявіў Васіль Палякоў.

Міліцыя прэвэнтыўна арыштавала старшыню гарадзкога аргкамітэту Народнага сходу Васіля Палякова 8 лістапада. Ля пад’eзду яго каравулілі ажно тры маёры з Савецкага райаддзелу міліцыі. Палякоў выходзіў з дому, каб ехаць на паседжаньне аргкамітэту Народнага сходу, але быў затрыманы й зьмешчаны ў ізалятар.

На наступны дзень судзьдзя Савецкага раёну Гомеля Віктар Купрацэвіч арыштаваў Палякова на 5 сутак. Гэты прысуд і аспрэчваў сёньня грамадзкі актывіст.

Спадар Палякоў быў абраны старшынём аргкамітэту Народнага сходу ў Гомелі. Аднак міліцыя зьвінаваціла яго ў тым, што ён незаконна распаўсюдзіў у горадзе ўлёткі з запрашэньнем прыйсьці 12 лістапада да ДК "Віпра" на сход. Ва ўлётках быў пазначаны ягоны мабільны тэлефон. Па вэрсіі міліцыі, дазволу гарадзкіх уладаў на сход не было, значыць, Палякоў парушыў закон пра масавыя мерапрыемствы. Такая фабула абвінавачваньня, якой трымаўся сёньня й абласны суд.

Ільлю Міронава спэцназаўцы затрымалі 26 кастрычніка. Нейкім загадкавым чынам, як кажа сам Ільля, у ягоным заплечніку апынулася 8 запрашэньняў на Народны сход. На гэтай падставе Міронава таксама зьвінавацілі ў арганізацыі несанкцыянаванага масавага мерапрыемства, а судзьдзя Савецкага раёну Сяргей Уласаў пастанавіў арыштаваць яго на 10 сутак.

Судзьдзя абласнога суду Аляксей Шамехін, які разглядаў скаргу Міронава, ня згледзеў падставаў для адмены гэтага выраку.

І Палякоў, і Міронаў будуць спрабаваць аспрэчыць свае адміністрацыйныя арышты ў Вярхоўным судзе, а калі спатрэбіцца, то і ў Камітэце ААН па правах чалавека.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG