Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь змагла здабыць толькі 20% замежных інвэстыцыяў ад заплянаванага


У беларускай эканоміцы два праблемныя пытаньні: малыя замежныя інвэстыцыі і інфляцыя, заявіў віцэ-прэм’ер Сяргей Румас на сумесным паседжаньні Нацыянальнага сходу.

Румас прызнаў, што на пачатак сьнежня Беларусь мае толькі 20% наўпроставых замежных інвэстыцыяў ад таго, што было плянавала прыцягнуць у 2011 годзе.

У 2011-м урад плянаваў прыцягнуць 6,5 млрд. даляраў наўпроставых замежных інвэстыцыяў.

Чыноўнік чакае, што сытуацыя выправіцца, калі афіцыйны Менск атрымае ад Расеі 2,5 мільярда даляраў за продаж другой часткі «Белтрансгазу».

Другой праблемай беларускай эканомікі Румас назваў інфляцыю. Ён заявіў, што ў 2012 інфляцыя плянуецца на ўзроўні 19-22%.

Румас таксама паведаміў, што 29 лістапада антыкрызісны фонд ЭўрАзЭС вырашыў выдзеліць Беларусі 440 мільёнаў даляраў.

Румас: "Мы ня зможам фінансаваць будаўніцтва ў такім памеры, як раней"


Беларускі ўрад прапануе значна скараціць пералік людзей, якія маюць права на ільготнае будаўніцтва жытла.

"Гэта зьвязана з тым, што ў наступным годзе мы ня зможам фінансаваць будаўніцтва ў такім памеры, як раней", – прызнаўся віцэ-прэм'ер Сяргей Румас, выступаючы на сумесным паседжаньні Савету рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў.

Румас дадаў, што ў дзяржавы няма фінансаў, каб завяршыць усё ільготнае будаўніцтва, якое вядзецца цяпер. Таму, кажа, чыноўнік, вырашана найперш фінансаваць тыя будоўлі, дзе засталося мала працы.

Грошы за Белтрансгаз і з антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭс цалкам пойдуць у золатавалютныя рэзэрвы Беларусі


Пра гэта сёньня сказаў віцэ-прэм'ер беларускага ўраду Румас, адказваючы на пытаньне "Свабоды" пасьля свайго выступу перад дэпутатамі.

"Наколькі мне вядомая пазыцыя Газпрому, ён пералічыць цалкам усе 2,5 мільярда даляраў цягам бліжэйшых 15 дзён. І гэтыя грошы, і грошы з антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭс – усе будуць залічаныя ў золатавалютныя рэзэрвы дзяржавы. Сытуацыя на фінансавым рынку стабілізавалася, і цяпер няма неабходнасьці рабіць валютную інтэрвэнцыю".
XS
SM
MD
LG