Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь і сьмяротнае пакараньне


Пракурор запатрабаваў для абвінавачаных у тэракце ў менскім мэтро вышэйшай меры. Колькі сьмяротных прысудаў вынесена ў сучаснай Беларусі і якія пэрспэктывы адмены сьмяротнага пакараньня.

Паводле міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International, з 1991 году ў Беларусі пакаралі сьмерцю каля 400 чалавек. У Беларусі афіцыйна не публікуюцца статыстычныя дадзеныя пра колькасьць вынесеных і прыведзеных у выкананьне сьмяротных прысудаў, хаця Беларусь, як чалец АБСЭ, абавязаная «прадстаўляць грамадзкасьці інфармацыю адносна ўжываньня сьмяротнага пакараньня».

Зараз чакае выкананьня прысуду гомельскі рабаўнік і забойца Ігар Мялік, якому Калегія Вярхоўнага Суду Беларусі 11 лютага 2011 адмовіла ў задавальненьні скаргі на зьмену пакараньня.

Колькі сьмяротных прысудаў вынесена?

Паводле апублікаваных дадзеных Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС Беларусі, з 1998 па 2010 год было вынесена 102 сьмяротныя прысуды, у 2006 было пакарана 9 чалавек, у 2007 вядома прынамсі пра аднаго пакаранага сьмерцю, у 2008 — пра трох расстраляных.

Паводле дадзеных, прыведзеных у артыкуле былога Старшыні Канстытуцыйнага Суду Беларусі Рыгора Васілевіча ў пэрыяд з 1994 па 1998 год колькасьць прысуджаных да сьмяротнага пакараньня павялічвалася (25, 37, 29, 46, 47 чалавек адпаведна). Пры гэтым, паводле дадзеных Мінюсту, з 1990 па 1993 год было вынесена 85 сьмяротных прысудаў.

У 2009 годзе да сьмяротнага пакараньня прысудзілі Андрэя Жука (за ўзброены напад і забойства мужчыны і жанчыны) і Васіля Юзапчука (за забойства шасьці жанчын сталага веку). У кастрычніку 2009 году асуджаныя падалі скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека, а сам Камітэт заклікаў урад Беларусі не прыводзіць у выкананьне сьмяротныя прысуды да разгляду скаргаў у Камітэце. Аднак іх пакаралі сьмерцю да разгляду скаргаў — у 2010 годзе. У 2010-м да расстрэлу былі прысуджаныя два гарадзенцы — Андрэй Бурдыка і Алег Грышкавец за ўчыненьне трайнога забойства. Прысуд быў выкананы ў 2011 годзе.

Паводле інфармацыі былога начальніка (снежань 1996-га — май 2001-га) Сьледчага ізалятара № 1 Камітэту выкананьня пакараньняў МУС Алега Алкаева, з канца 1996-га і да ліпеня 2001-га было пакарана сьмерцю 140 чалавек, а пасьля гэтага былі прыведзеныя ў выкананьне шэсьць прысудаў. У 2007 годзе, вядома, напрыклад, што быў расстраляны былы супрацоўнік міліцыі Аляксандар Сяргейчык.

Як адзначаў у сваім артыкуле ў 2007 годзе Рыгор Васілевіч, амаль усе сьмяротныя прысуды былі вынесеныя за «наўмыснае пазбаўленьне жыцьця пры цяжкіх абставінах». Пры гэтым ён падкрэсьліў, што немагчыма ўсталяваць сувязь паміж дынамікай забойстваў і колькасьцю прысудаў аб сьмяротным пакараньні. Ён прывёў прыклад, што ў 2006 годзе было зарэгістравана 946 забойстваў і замахаў на забойства. «У параўнаньні з папярэднім годам адзначаецца істотнае зьніжэньне гэтых злачынстваў (на 86). Аднак на гэты ж год прыпала павелічэньне сьмяротных прысудаў (на 7)».

За якія злачынствы прызначаецца сьмяротнае пакараньне?

У адпаведнасьці з арт. 24 Канстытуцыі Беларусі, «сьмяротнае пакараньне да яго адмены можа прымяняцца ў адпаведнасьці з законам як выключная мера пакараньня за асабліва цяжкія злачынствы і толькі згодна з прыгаворам суду». Прызначацца яно можа за 12 катэгорый злачынстваў у мірны час і 2 — у ваенны час.

Пакараньняў сьмерцю ў сьвеце робіцца ўсё менш

Па дадзеных Amnesty International, на канец 2010 году ў сьвеце налічвалася ня менш як 17 800 асуджаных на сьмерць. Разам з тым у тым жа годзе праваабарончая арганізацыя адзначыла зьніжэньне колькасьці сьмяротных прысудаў, пра якія афіцыйна вядома як аб прыведзеных у выкананьне: з 714 (як мінімум) пакараньняў сьмерцю ў 2009 годзе да 527 (як мінімум) у 2010 годзе. Лідзіруюць па ліку пакараных у сьвеце Азія і Блізкі Ўсход. Сярод галоўных «катаў» — Кітай, Іран, Саудаўская Аравія, ЗША і Емэн. Пры гэтым лічыцца, што ў 2010 годзе ў Кітаі пакаралі сьмерцю тысячы чалавек.

Ад ужываньня сьмяротнага пакараньня адмовіліся 139 краін. За апошнія 10 гадоў выключная мера пакараньня была адмененая заканадаўча альбо на практыцы ў 31 краіне сьвету.

На тэрыторыі былога СССР сьмяротнае пакараньне захоўвалася ва ўсіх былых савецкіх рэспубліках на момант набыцьця імі незалежнасьці ў 1991 годзе. Аднак з часам Армэнія, Азэрбайджан, Грузія, Кіргізстан, Малдова, Туркмэністан, Узбэкістан адмянілі сьмяротнае пакараньне ў заканадаўчым парадку. У Таджыкістане, Казахстане і Расеі дзейнічае мараторый на вынясеньне і выкананьне сьмяротных прысудаў.

У 1993 годзе Беларусь падала заяўку на ўступленьне ў Раду Эўропы і атрымала статус адмыслова запрошанай краіны, аднак у 1997 годзе Бюро ПАРЭ прыняло рашэньне аб прыпыненьні статусу «з-за адсутнасьці прагрэсу ў сфэры дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства права». Прыпынены быў і разгляд заяўкі аб уступленьні ў Раду Эўропы.

Беларусь застаецца адзінай эўрапейскай краінай, у якой выносяцца і выконваюцца сьмяротныя прысуды. Мараторый на сьмяротную кару — адна з асноўных умоваў вяртаньня беларускаму парлямэнту статусу спэцыяльнага запрошанага Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы.

Сьмяротнае пакараньне — часовая мера?

У сваім заключэньні ад 11 сакавіка 2004 году Канстытуцыйны суд Беларусі адзначыў, што Канстытуцыя Беларусі дапускае ўжываньне сьмяротнага пакараньня, аднак яно мае выключны і часовы характар. Больш за тое, суд заключыў, што на момант правядзеньня рэфэрэндуму аб сьмяротным пакараньні ў 1996 годзе максымальны тэрмін пазбаўленьня волі, прадугледжаны Крымінальным кодэксам, складаў 15 гадоў. Суд падкрэсьліў, што ў многіх эўрапейскіх краінах сьмяротнае пакараньне скасавалі, нягледзячы на рашучую падтрымку вышэйшай меры пакараньня з боку грамадзкасьці.

КС заключыў, што ў Беларусі існуе магчымасьць увядзеньня мараторыя на сьмяротнае пакараньне. Ён падкрэсьліў, што прымаць рашэньне аб увядзеньні мараторыя на сьмяротнае пакараньне можа прэзыдэнт альбо парлямэнт. У сваім артыкуле ў 2007 годзе Рыгор Васілевіч таксама пісаў, што Беларусь «рухаецца ў бок адмены сьмяротнага пакараньня і, магчыма, у якасьці першага кроку — абвяшчэньне на яе мараторыя». Праўда, тады Васілевіч зрабіў агаворку "выключэньнем могуць быць толькі выпадкі злачынстваў тэрарыстычнай накіраванасьці, якія прывялі да масавай гібелі людзей.

Vox populi пра сьмяротнае пакараньне

Паводле апытаньня, праведзенага напачатку 2010 году Інфармацыйна-аналітычным цэнтрам (ІАЦ) пры адміністрацыі прэзыдэнта, амаль 80% (79.5%) рэспандэнтаў не падтрымліваюць выключэньне сьмяротнага пакараньня зь пераліку пакараньняў за ўчыненьне асабліва цяжкіх злачынстваў.

Яшчэ 7% лічаць, што вышэйшую меру пакараньня неабходна захаваць, але можна пры неабходнасьці накласьці на яе мараторый. Паводле ІАЦ, за адмену вышэйшай меры пакараньня выступае толькі 4,5% насельніцтва краіны.

Лічбы афіцыйнай сацыялёгіі істотна адрозьніваюцца ад дадзеных незалежных сацыёлягаў. Паводле апытаньня, праведзенага НІСЭПД у 2009 годзе, і апытаньня лябараторыі НОВАК 2010 году, супраць адмены сьмяротнага пакараньня выступае 48% грамадзян краіны, за адмену — 42% (апытаньне НІСЭПД) ці 39%(апытаньне НОВАК).

Паводле парталу TUT.BY і матэрыялаў Радыё Свабода
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG