Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Форум «Усходняга партнэрства» заступіўся за Алеся Бяляцкага


Праваабаронца Алена Танкачова паведаміла «Свабодзе», што ўдзельнікі форуму грамадзянскай супольнасьці «Ўсходняга партнэрства» прынялі рэзалюцыю ў абарону асуджанага кіраўніка «Вясны» Алеся Бяляцкага і асудзілі беларускія ўлады за рэпрэсіі супраць праваабаронцы і палітычных апанэнтаў.

У рэзалюцыі сказана: «Мы заяўляем наступнае: судовы перасьлед і абвінавачаньне Алеся Бяляцкага прыдуманыя і не адпавядаюць сапраўдным прычынам рэпрэсіяў супраць праваабаронцы. Мы перакананыя, што падатковыя абвінавачаньні, якія зьвязаныя з адкрыцьцём асабістых банкаўскіх рахункаў праваабаронцы ў краінах Эўразьвязу ёсьць толькі падставай да ізаляцыі ключавой асобы беларускага праваабарончага руху.

Прысуд, які вынесены Бяляцкаму, ёсьць вынікам шматгадовых рэпрэсіяў супраць праваабарончых групаў
Мы падкрэсьліваем, што суд не змог знайсьці нават ускоснага пацьвярджэньня віны Бяляцкага.

Мы лічым, што прысуд, які вынесены Бяляцкаму, ёсьць вынікам шматгадовых рэпрэсіяў супраць праваабарончых групаў у сувязі з іх крытыкай нездавальняючай сытуацыі з правамі чалавека ў краіне.

Мы заклікаем краіны-сябры Эўразьвязу прыняць сумесныя захады, скіраваныя на вызваленьне Алеся Бяляцкага ды іншых палітвязьняў, паколькі існаваньне палітычна матываванага перасьледу ў краінах, якія падпісалі дэклярацыю Ўсходняга партнэрства, ёсьць недазваляльным.

Мы патрабуем неадкладнага і безумоўнага вызваленьня Алеся Бяляцкага».


24 лістапада судзьдзя Першамайскага суду Менску Сяргей Бандарэнка пакараў кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна», віцэ-прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Алеся Бяляцкага чатырма з паловай гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.

Алеся Бяляцкага прызналі вінаватым ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў з грошай, якія ішлі на праваабарончую дзейнасьць.

Банкаўскія дадзеныя Бяляцкага афіцыйнаму Менску перадалі Літва і Польшча.
XS
SM
MD
LG