Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дэмакратычныя актывісты хочуць склікаць Кангрэс беларускіх нацыяналістаў


Група грамадзкіх актывістаў з Магілеву заявіла пра намер правесьці ўвесну 2012 году Кангрэс беларускіх нацыяналістаў. Неабходнасьць яго скліканьня яны тлумачаць дыскрымінацыяй беларускамоўнага насельніцтва, а таксама пагрозай страты Беларусьсю незалежнасьці.

«Мы наагул імкнёмся пазьбегнуць палітызацыі гэтага мерапрыемства і таму запрашаем у аргкамітэт усіх людзей, якім неабыякавы лёс Беларусі, незалежна ад іх палітычных ці грамадзкіх перакананьняў. На дадзены момант пагроза страты беларускай незалежнасьці становіцца рэальнай. Адзіная сіла, якая можа супрацьстаяць пагрозам незалежнасьці — гэта беларускія патрыёты, і цяпер надышоў час, прынамсі, скаардынаваць іх сілы», — заявіў старшыня магілёўскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Зьміцер Салаўёў.

Адным з асноўных пытаньняў, якое будзе ставіцца на кангрэсе, будзе пытаньне абароны культуры
Неабходна разам, заяўляе Салаўёў, бараніць беларускую культуру, дамагацца адкрыцьця беларускамоўных навучальных устаноў, даваць адпор зьнявагам і абразам:

«Адным з асноўных пытаньняў, якое будзе ставіцца на кангрэсе, будзе пытаньне абароны культуры, бо безь яе няма нацыі, бяз нацыі няма краіны. Канкрэтныя дзеяньні будуць выпрацаваныя пад час працы Кангрэсу. Яго будзем намагацца правесьці ў Менску. Зразумела, будзем падаваць адпаведную заяўку. Аднак мы не выключаем і запасныя варыянты. Напрыклад, калі такая сытуацыя складзецца, то правядзём Кангрэс па-за межамі Беларусі, у мясьцінах, якія гістарычна зьвязаныя зь лёсам Беларусі».

Ініцыятыва правесьці Кангрэс беларускіх нацыяналістаў была агучаная 25 лістапада ў Львове. Як заяўляюць ініцыятары, ідэя кангрэсу паўстала пасьля таго, як стала вядома пра затрыманьне і зьдзекі магілёўскімі міліцыянтамі з актывіста «Моладзі БНФ» Андрэя Падаляка за тое, што ён гаварыў па беларуску.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG