Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Найлепшай пазытыўнай санкцыяй было б аднабаковае зьмяншэньне цэн на шэнгенскія візы»


Алесь Лагвінец
Алесь Лагвінец
У сьнежні гэтага году Эўрапейскі Зьвяз прадставіць новае бачаньне сваіх дачыненьняў зь Беларусьсю. Ці здольны цяпер Эўразьвяз на фоне моцных эканамічных праблемаў прапанаваць істотныя сумы для дапамогі дэмакратычнай Беларусі? Якія крокі, што не патрабуюць матэрыяльных укладаньняў, мог бы зрабіць Эўразьвяз дзеля эўрапейскай пэрспэктывы Беларусі?

На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Алесь Лагвінец.

Цыганкоў: Анатоль Лябедзька назваў адзін з накірункаў таго, што Эўразьвяз мяркуе прапанаваць для Беларусі — гэта «плян Маршала». Ці не занадта гучная назва, улічваючы, што зараз на фоне эканамічных праблемаў Эўразьвязу, не відаць, каб Эўропа была настолькі зацікаўленая ў Беларусі, што магла б прапаноўваць істотныя сумы?

Лагвінец: Плян Маршала — дастаткова ўмоўная назва, не літаральная. Так, сёньня ў Эўразьвяза ёсьць шмат іншых прыярытэтаў. Але гэта не азначае, што Беларусь на задворках, і пра яе забыліся. Калі казаць пра сумы, то яны могуць быць акумуляваныя ва ўзаемадзеяньні з ЗША і міжнароднымі арганізацыямі.

Пытаньне тут у іншым. Калі Беларусь пачне трансфармацыю, збліжэньне з цывілізаванымі краінамі, то можна будзе даволі хутка знайсьці ахвотных падтрымаць гэты працэс. Зараз з боку Эўразьвязу ідзе канцэптуальнае, стратэгічнае асэнсаваньне таго, што ён можа зрабіць для дэмакратычнай Беларусі, для той Беларусі, якой патрэбная Эўропа.

Цыганкоў: Можа эўрапейскія палітыкі таму і могуць сабе дазволіць прапаноўваць даволі вялікія сумы Беларусі ў выпадку правядзеньня справядлівых выбараў, бо ведаюць, што гэта яшчэ ня хутка будзе?

Лагвінец: Такія пасланьні ў любым выпадку вельмі важныя. Яны скіраваныя ня толькі да ўладаў, але да ўсяго грамадзтва. Зразумела, што крэдыт даверу ўладам даўно страчаны. Але важна, каб беларускае грамадзтва ведала пра існаваньне эўрапейскай ініцыятывы. Асаблівасьць супрацоўніцтва з Эўразьвязам якраз у тым, што гэта ня толькі вэртыкальнае, але і гарызантальнае супрацоўніцтва, пошук партнэраў на мясцовым узроўні, у сфэры грамадзянскай супольнасьці, бізнэсу. І ад такога супрацоўніцтва выйграе ўсё беларускае грамадзтва.

Цыганкоў: Калі казаць ня толькі пра матэрыяльны аспэкт эўрапейскага ўплыву на Беларусь, то якія крокі, не зьвязаныя з матэрыяльнымі выдаткамі, мог бы зрабіць Брусэль. Напрыклад, тое самае візавае пытаньне...

Лагвінец: Я лічу, што найлепшай пазытыўнай санкцыяй з боку Эўразьвязу было б аднабаковае зьмяншэньне коштаў шэнгенскіх віз і спрашчэньне працэдуры атрыманьня гэтых віз. Таксама пазытыўным было б спрыяньне тым беларусам, якія хочуць легальна працаваць у Эўразьвязе. Сёньня шмат якія беларусы хочуць працаваць за мяжой, і тут важна, каб лепшыя ўзоры і тэхналёгіяў, і аховы працы былі даступныя беларусам.

Сёньняшнія беларускія ўлады хочуць захаваць наша грамадзтва на ўзроўні трошкі вышэйшым за жабрацкі, каб беларусы цалкам залежалі ад дзяржавы. І якраз роля Эўрапейскага Зьвязу у тым, каб адчыніць магчымасьці беларусам будаваць свой дабрабыт, незалежна ад дзяржавы.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG