Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Слоніме тройчы адмовілі заяўнікам пікету ў падтрымку Бяляцкага


Усе тры заяўкі на правядзеньне пікету ў падтрымку Алеся Бяляцкага падаваў кіраўнік раённай арганізацыі БНФ Іван Шэга.

Са слоў Шэгі, першы раз яму адмовілі, спаслаўшыся на тое, што ў заяўцы ён няправільна пазначыў месца правядзеньня пікету — маўляў, яго няма ў сьпісе дазволеных уладамі.

Другі раз, калі месца правядзеньня ўжо было зьменена, дазволу не далі з той прычыны, што ў заяўцы не ўдакладнялася, ці заключаныя загадзя дамовы зь міліцыяй і іншымі адпаведнымі службамі, якія адказваюць у горадзе за правапарадак і санітарны стан.

У трэцяй заяўцы, са слоў Шэгі, ён улічыў усе пажаданьні ўладаў, аднак 29 лістапада ён атрымаў з райвыканкаму адказ, у якім гаворыцца, што камісія райвыканкаму перагледзела месцы, вызначаныя для правядзеньня пікетаў і масавых мерапрыемстваў у горадзе Слоніме.

24 лістапада судзьдзя Першамайскага суду Менску Сяргей Бандарэнка пакараў кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна», віцэ-прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Алеся Бяляцкага чатырма з паловай гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.

Алеся Бяляцкага прызналі вінаватым ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў з грошай, якія ішлі на праваабарончую дзейнасьць.

Банкаўскія дадзеныя Бяляцкага афіцыйнаму Менску перадалі Літва і Польшча.
XS
SM
MD
LG