Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыцьцё і сьмерць дачкі Сталіна


Сёньня стала вядома, што 22 лістапада ў ЗША на 86 годзе жыцьця ад раку памерла Лана Пітэрс, больш вядомая як Сьвятлана Алілуева, дачка савецкага тырана Іосіфа Сталіна. Яе ўцёкі на Захад і асуджэньне камуністычнай сыстэмы выклікалі тады сэнсацыю.

Сьвятлана Алілуева зьбегла на Захад у 1967 годзе. Тады ж на прэсавай канфэрэнцыі ў Нью-Ёрку яна заявіла:

«Я не ўхваляю многія рэчы, але я мяркую, што многія людзі, якія знаходзяцца ў нашым ЦК і ў палітбюро, павінны несьці адказнасьць за тое, у чым абвінавачваюць аднаго майго бацьку. За жудасныя рэчы, за забойствы людзей, за несправядлівасьць несла і нясе адказнасьць партыя і ідэалёгія ў цэлым».

На Захадзе яна напісала дзьве кнігі мэмуараў «20 лістоў да сябра» і «Ўсяго адзін год», якія сталі бэстсэлерамі. Заходнія радыёстанцыі чыталі для сваіх аўдыторыяў у СССР кнігі Алілуевай. На Радыё Свабода кнігу дачкі Сталіна чытала Галіна Руднік, вэтэран беларускай службы.

«Адшукалі дачку славутага Шаляпіна і даручылі ёй начытваць кнігу Сьвятланы Алілуевай. — пісала Галіна Руднік у кнізе ўспамінаў «Птушкі пералётныя». — Але ў Тацяны Шаляпінай быў вельмі нізкі хрыплаваты голас. Сьвятлана Алілуева ейнае чытаньне забракавала. А Мюнхэн толькі гэтага й чакаў! Памятаю, у нядзелю раніцай выклікалі мяне сьпешна на Радыё й папрасілі начытаць адзін разьдзел гэтай кніжкі (амаль без падрыхтоўкі). Стужку адразу адаслалі ў Нью-Ёрк, там далі яе паслухаць Сьвятлане. Ёй маё чытаньне вельмі спадабалася. У нас зь ёй аказаліся падобныя галасы. Яна нават запрапанавала, каб я перачытала сваім голасам запісаныя ею першыя два разьдзелы. Гэтага мы, ясна, не зрабілі, бо голас дачкі Сталіна на хвалях нашага Радыё гэта была такая сэнсацыя, што нам зайздросьцілі ўсе заходнія радыёстанцыі, уключна з Голасам Амэрыкі й Бі-Бі-Сі.»

Сьвятлана Сталіна ўзяла сабе прозьвішча маці пасьля сьмерці бацькі ў 1953 годзе, каб дыстанцыявацца ад асобы, адказнай за забойства мільёнаў людзей.

Сяргей Хрушчоў, сын савецкага лідэра Мікіты Хрушчова, які таксама ў свой час зьбег на Захад, кажа, што засмучаны сьмерцю Алілуевай. Яны ніколі не сустракаліся, але Сяргей Хрушчоў заўсёды адчуваў падабенства іх біяграфіяў.

"Яна пражыла няпростае жыцьцё. Яна — трагічная постаць, у шэксьпіраўска-талстоўскім вымярэньні. Жыла са Сталіным, потым пасьля Сталіна, увесь час быць у яго ценю. Я таксама жыў у ценю бацькі, але ў мяне быў зусім іншы бацька. А яна жыла ў ценю тырана, злачынцы. Яна заўсёды пакутавала ад таго, што ён бацька і яна павінна прызнацца, што ён тыран і злачынца. Яна хацела быць сама сабой. Яна зусім не палітычная асоба. Яна хацела любіць, адказваць не на вашы пытаньні, а жыць іншым жыцьцём. Для савецкай сыстэмы гэта была ідэалягічная параза. Яна ня ведала ніякіх сакрэтаў, але яна зьбегла ў разгар халоднай вайны, перабегла лінію фронту. Яна як бы пацьвердзіла Захаду, што ён выйграе ў гэтым спаборніцтве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG