Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі пракамэнтаваў падпісаньне Аляксандрам Лукашэнкам шэрагу дакумэнтаў, якія накіраваныя на стварэньне Эўразійскага саюзу. «Беларусь зрабіла свой выбар», — сказаў кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства, выступаючы ў Познані, дзе другі дзень працуе форум грамадзянскай супольнасьці «Ўсходняга партнэрства».

Сярод тых 300 дэлегатаў форуму, хто сёньня слухаў міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага, быў і нацыянальны каардынатар па Беларусі форуму грамадзянскай супольнасьці Ўлад Вялічка.

У размове са «Свабодай» ён сказаў, што з выступу Радаслава Сікорскага вылучыў для сябе два аспэкты: «Па-першае, камэнтуючы сытуацыю з Эўразійскім саюзам, Сікорскі сказаў, што Беларусь робіць свой выбар.Але ж немагчыма адначасова зрабіць выбар і ў адзін бок, і ў другі. Так што зь яго словаў вынікае, што Беларусь свой шлях ужо абрала і свой выбар зрабіла.

Што да сытуацыі з Алесем Бяляцкім, то на пытаньне, якое наўпрост супольна задалі польскія і беларускія праваабаронцы: ці будзе Польшча ўдзельнічаць у кампэнсацыі і вырашэньні сытуацыі, якая часткова ўзьнікла і зь віны польскіх чыноўнікаў, міністар адказаў, што Польшча будзе ўдзельнічаць у гэтай справе і будзе шукаць магчымасьць загладзіць сваю віну».

На форуме прайшла прэзэнтацыя праекту рэзалюцыі ў падтрымку беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага. Яе зрабіла супрацоўніца Бяляцкага па праваабарончым цэнтры «Вясна» Тацьцяна Равяка. Аднак галасаваньне па гэтым дакумэнце яшчэ не праходзіла.

Праваабаронца Алена Танкачова, якая таксама знаходзіцца ў Познані, адзначае: «Тэкст з праектам рэзалюцыі мы расклалі на крэслы кожнага ўдзельніка форуму. І падчас выступу Сікорскага пытаньне пра Бяляцкага ўздымалася даволі жорстка. Я думаю, што заля гатовая працаваць з рэзалюцыяй. Проста да яе прыняцьця мы яшчэ не дайшлі».

Верагоднасьць прыняцьця рэзалюцыі Алена Танкачова ацэньвае як высокую: «Дэлегаты з розных краін. Але мы стараемся прытрымлівацца агульнай канцэпцыі, каб форум не „расьцякаўся“ па ўнутраных праблемах кожнай канкрэтнай краіны. Бо мы бачым, як, напрыклад, разьвіваецца канфлікт паміж Армэніяй і Азэрбайджанам з-за Нагорнага Карабаху. І я думаю, што рэзалюцыя будзе прынятая».

Трэці форум грамадзянскай супольнасьці «Ўсходняга партнэрства» завершыцца 30 лістапада.

Першыя дзьве такія сустрэчы праходзілі ў Брусэлі (лістапад 2009 году) і Бэрліне (лістапад 2010 году).

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG