Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародная амністыя пачала кампанію за вызваленьне Бяляцкага


Праваабарончая арганізацыя "Міжнародная амністыя" пачала кампанію за вызваленьне асуджанага Алеся Бяляцкага. Сутнасьць кампаніі – у адпраўцы зваротаў уладам Беларусі з патрабаваньнем неадкладна вызваліць асуджанага праваабаронцу, паведамляе "Вясна".

У сваёй заяве "Міжнародная амністыя" прызнае права беларускіх уладаў на крымінальны перасьлед у межах закону, але пры гэтым сьцьвярджае: абвінавачаньні на адрас Бяляцкага маюць палітычную падаплёку, а іх мэта – перашкодзіць яго законнай праваабарончай дзейнасьці.

Арганізацыя заклікае ўсіх неабыякавых людзей накіроўваць на адрас беларускіх службовых асоб лісты з заклікам "неадкладна і безумоўна вызваліць Алеся Бяляцкага, спыніць перасьлед і пагрозы на адрас праваабаронцаў, а таксама нагадваць, што ўлады абавязаны аказваць праваабаронцам падтрымку ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі Дэклярацыі ААН аб праваабаронцах, у якой праваабарончая дзейнасьць прызнаецца неабходнай і законнай".

Лісты прапаноўваецца адпраўляць да 6 студзеня 2012 году на імя кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі, генпракурора Аляксандра Канюка, а копіі зваротаў – у пасольствы Беларусі ў сваёй краіне.

Алесь Бяляцкі – віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, кіраўнік закрытага ўладамі праваабарончага цэнтру "Вясна" – прыгавораны да чатырох з паловай гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. Ён прызнаны вінаватым на падставе часткі 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэксу (утойваньне даходаў у асабліва буйным памеры).

На судзе праваабаронца растлумачыў, што адкрыў банкаўскія рахункі за мяжой, бо зрабіць гэта ў Беларусі не ўяўлялася магчымым. Праваабарончы цэнтар "Вясна" быў закрыты ўладамі ў 2003 годзе, а на шматлікія спробы праваабаронцаў легалізаваць сваю арганізацыю Мін'юст адказваў адмоўна. Грошы, што пералічваліся на рахункі Бяляцкага, выкарыстоўваліся, каб дапамагаць ахвярам палітычных рэпрэсій у Беларусі.
XS
SM
MD
LG