Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баранавічы: міліцыянты "вылічылі" ўдзельніка пікету па фота ў прэсе


На баранавіцкага моладзевага актывіста Арцёма Бабея маёр Павал Кульгавік склаў пратакол за арганізацыю несанкцыянаванага пікету салідарнасьці з палітзьняволенымі.

Пікет адбыўся каля кінатэатру "Кастрычнік" у Баранавічах 24 кастрычніка. Актывісты некаторы час стаялі з партрэтамі палітвязьняў. У часе акцыі ніхто затрыманы ня быў.

Аднак, як кажа Арцём Бабей, міліцыянты "вылічылі" яго па фота- і відэаздымках у прэсе і сацыяльных сетках:

"Міліцыянты даўно мяне шукалі. Прыяжджалі нават дадому, але мяне не было тады. А зараз міліцыянт сустрэў мяне ў аўтобусе і сказаў, што калі я не зьяўлюся ў міліцыі, то ў мяне будуць праблемы. Таму я пайшоў у пастарунак, дзе на мяне склалі пратакол за арганізацыю несанкцыянаванага пікету. Яны памятаюць мяне яшчэ з маўклівых акцыяў, тады я затрымліваўся міліцыянтамі і мяне папярэджвалі, каб больш у акцыях ня удзельнічаў. А зараз пратакол яны склалі на падставе фота і відэа ў прэсе, а таксама паведамленьняў на маёй старонцы ў сацыяльнай сетцы", – распавёў Арцём Бабей.

Актывіст кажа, што нязгодны з пратаколам, паводле якога яго вінавацяць у арганізацыі акцыі 24 кастрычніка, бо ён ня быў яе арганізатарам. Ён мяркуе, што кожны чалавек мае права выказваць сваю пазыцыю, таму ня бачыць у сваіх дзеяньнях нейкага правапарушэньня.

У міліцыі Арцёму Бабею патлумачылі, што ў хуткім часе яго позвай выклічуць у суд.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG