Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Менску адкрыецца пэрсанальная выстава знакамітага майстра каліграфіі, аўтара дызайну кніг «Бібліятэкі Свабоды» Генадзя Мацура.

Выстава адкрыецца 29 лiстапада ў 17.00 у малой залі Музэя сучаснага выяўленчага мастацтва (Менск, пр. Незалежнасьці, 47, ст. мэтро «Плошча Якуба Коласа»).
Генадзь Мацур. Верш на Свабоду

Генадзь Мацур. Верш на Свабоду


Што такое каліграфія — рамяство, мастацтва, філязофія, дух?..

Чым розьніцца прыгожая лінія ад проста лініі, прыгожая літара ад проста літары?.. Чаму адзін намаляваны тэкст захапляе, а іншы пакідае абыякавым?..

Каб зразумець, трэба паспрабаваць хоць нешта стварыць на чыстым аркушы паперы. Гэта адзін з самых простых і складаных тэстаў у сьвеце.

Каліграфія не трывае падману, тут усё навідавоку. Бачны настрой, думкі, памкненьні, памылкі. Немагчыма нічога схаваць, як немагчыма схавацца ад сябе. Каліграфічны твор нельга стварыць, калі няма ўнутранай свабоды. Толькі поўнае суладзьдзе з самім сабой дае чыстую лінію і завершаны вобраз.

Усе «Рукатворы» ідуць «ад рукі», хоць і з дапамогай розных прыладаў, ад традыцыйных пяра, пэндзля і паперы да кампутарнай графікі. Але ў кожнай працы рукатворная аснова.

Выстава дзеліцца на тры часткі. Першая — росчыркі, малюнкі-лініі, якія ўяўляюць асацыяцыі і вобразы.

Другая — канкрэтныя літары ці альфабэты, у аснову якіх пакладзены беларускі скорапіс — пісьмо, якое было распаўсюджанае на беларускіх землях у XVI стагодзьдзі і зьяўлялася арганічным разьвіцьцём кірыліцы.

Трэцяя — словы і тэксты, творы з радкамі Сьвятога Пісаньня, цытатамі знакамітых людзей, асобныя назвы і паняцьці.

Калі нешта з твораў спыніць, засяродзіць ці ўсхвалюе гледача, і яму захочацца паспрабаваць сябе ў прыгожым пісьме — задача выставы будзе выкананая. І мы далучымся да аднаго з самых прыгожых, старажытных і вечных відаў мастацтва — каліграфіі.

Паспрабуйце — і ўбачыце, што ў вас атрымаецца.


Генадзь Мацур — дызайнэр кнігі, каліграф. Нарадзіўся ў 1960 годзе ў горадзе Чашнікі. Скончыў Менскую мастацкую вучэльню імя А. К. Глебава (1979), Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (1984). Удзельнічаў у стварэньні першага нефармальнага аб'яднаньня моладзі «Беларуская Майстроўня». Ляўрэат беларускіх і міжнародных конкурсаў мастацтва кнігі.

Выстава працягнецца па 10 сьнежня 2011 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG