Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўцы просяць Палату выканаць патрабаваньні Эўразьвязу і атрымаць 9 мільярдаў


Аляксей Паўлоўскі

Аляксей Паўлоўскі

Генэральная пракуратура Беларусі заявіла, што ня можа абавязаць Палату прадстаўнікоў даць матываваны адказ на калектыўны зварот жыхароў Магілёва з просьбай выканаць умовы Эўразьвязу ў пытаньнях забесьпячэньня ў Беларусі правоў чалавека, аднаўленьня дэмакратычных свабодаў і свабодных выбараў.

“Пракуратуры не дэлегаваныя паўнамоцтвы па наглядзе за ажыцьцяўленьнем заканадаўства ў дзейнасьці Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу”, гаварыцца ў адказе актывісту Незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці з Магілёва Аляксею Паўлоўскаму.

Зварот дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, падпісаны 121 жыхаром Магілёва, быў дасланы пры канцы кастрычніка. Падпісанты прасілі выканаць патрабаваньні Эўразьвязу, агучаныя 9 кастрычніка прэм’ер-міністрам Польшчы Дональдам Тускам, узамен атрымаць 9 мільярдаў даляраў дапамогі Беларусі. Адказ з Палаты прадстаўнікоў ініцыятар збору подпісаў Аляксей Паўлоўскі палічыў не матываваным і не па сутнасьці.

“Яны ўхіліліся ад адказу тады. Проста адпісаліся, каб ад іх адчапіліся. Расьпісалі, што яны могуць рабіць і чаго ня могуць і ні слова пра стаўленьне да патрабаваньня Эўразьвязу. Цяпер жа ў адказе з Генэральнай пракуратуры высьвятляецца, што народныя абраньнікі нейкія недатыкальныя. А хто іх тады можа прымусіць адказваць людзям? Трэба тады шукаць шляхоў, каб адклікаць дэпутатаў з Палаты. Пытаньне дапамогі – яно ж цікавіць усю краіну, а яны ігнаруюць звароты на гэтую тэму”, зазначае Аляксей Паўлоўскі.

Начальнік аддзелу па наглядзе за выкананьнем правоў і свабод грамадзян Генэральнай пракуратуры Марыя Папова, яна падпісала адказ Паўлоўскаму, прапанавала актывісту зьвярнуцца са скарга непасрэдна да старшыні Палаты Прадстаўнікоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG