Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Санкт-Пецярбургу забараняюць «гамасэксуальную прапаганду»


Гей-прайд у Шабанах у Менску ў 2011
Гей-прайд у Шабанах у Менску ў 2011
Заканадаўчы сход Санкт-Пецярбургу рыхтуецца прыняць у другім чытаньні законапраект, які ўводзіць адміністрацыйную адказнасьць за прапаганду гомасэксуалізму сярод дзяцей і падлеткаў і за прапаганду пэдафіліі. Гей-актывісты мяркуюць, што гэтая заканадаўчая навацыя зьяўляецца працягам перасьледу сэксуальных меншасьцяў і спробай адцягнуць увагу грамадзтва ад сацыяльна-эканамічных праблем напярэдадні думскіх выбараў 4 сьнежня.

Аўтар законапраекту, дэпутат ад «Единой России» Віталь Мілонаў тлумачыў неабходнасьць адпаведнага закону тым, што «дзеці павінны быць агароджаныя ад дэструктыўнай інфармацыі». Ён адзначыў, што паўночную сталіцу накрывае «хваля папулярнасьці палавых збачэнстваў».

Санкт-пецярбурскі рок-музыка Генадзь Багалепаў, 26-гадовы гей, мяркуе, што законапраект — шлях да поўнай маргіналізацыі сэнсуальных меншасьцяў:

«Праблема ў тым, што гэты закон можна выкарыстаць любым спосабам. „Прапаганда“ — занадта шырокае паняцьце. Любую асобу, якая зьяўляецца гомасэксуалістам, можна кваліфікаваць, як прапаганду самой сябе.»

Законапраект, які фактычна прыраўноўвае гомасэксуальную прапаганду да прапаганды пэдафіліі, у першым чытаньні быў ужо прыняты заканадаўчым сходам Санкт-Пецярбургу, «за» прагаласавала 37 дэпутатаў, «супраць» — 1. Калі законапраект стане законам, грамадзяне могуць быць аштрафаваныя на суму, эквівалентную 160 далярам, а арганізацыі — на суму, эквівалентную 1600 далярам, за «публічныя дзеяньні, скіраваныя на прапаганду мужалоства, лесьбіянства, бісэксуалізма і транссэксуалізма сярод непаўнагадовых».

Расейскія арганізацыі па абароне правоў геяў бачаць у піцерскім законапраекце чарговае зьвяно ў ланцугу, які складаецца з забароны «гей-прайдаў» і гамафобных заяваў палітыкаў і публічных асобаў.

На думку Міхаіла Аляксеева, арганізатара Маскоўскага гей-прайду, санкт-пецярбурскія ўлады выступілі з гамафобнай заканадаўчай ініцыятывай, каб дагадзіць гамафобным настроям у грамадзтве напярэдадні выбараў:

«Гомасэксуалісты могуць быць выкарыстаныя ў якасьці казлоў адпушчэньня ў гэтай выбарчай кампаніі, як людзі, якія нясуць адказнасьць за ўсе праблемы ў краіне — сацыяльныя, эканамічныя і гэтак далей. Менавіта таму, я мяркую, яны імкнуцца прыняць гэты закон цяпер,» ­ — кажа Міхаіл Аляксееў.
Тут зьмяшаныя забароненая крымінальным кодэксам пэдафілія і не забаронены крымінальным кодэксам гомасэксуалізм

Законапраект пракамэнтаваў у інтэрвію нашаму радыё культуроляг з Санкт-Пецярбургу Міхаіл Залатаносаў:

«Тут зьмяшаныя забароненая крымінальным кодэксам пэдафілія і не забаронены крымінальным кодэксам гомасэксуалізм. Прычым не забаронены, нават калі лічыць яго парушэньнем выбару аб’екта перавагі. Хоць па дзясятай вэрсіі міжнароднай клясыфікацыі хваробаў, якую Расія прызнала ў 1997 годзе, гомасэксуалізм — гэта не паталёгія, а пэдафілія — паталёгія і плюс яшчэ злачынства. Іншымі словамі, калі гомасэксуалізм нават і хвароба, як многія актыўна даказваюць, то гэта не злачынная хвароба, а такая ж, як радыкуліт, гастрыт або насмарк. А прапагандаваць радыкуліт ня шкодна і не супрацьпраўна.

Так што сама фармулёўка, дзе зьмяшалі гомасэксуалізм і пэдафілію, выказвае агульны настрой у Расеі: гэта, перш за ўсё, жаданьне вылучыць чужых. На мой погляд, ініцыятыва Заканадаўчага сходу — чысты папулізм перад выбарамі, жаданьне адцягнуць увагу ад важных праблем — ад страхавой мэдыцыны да дзіравых дахаў. Бразготка, якой адцягваюць ўвагу.»

Галасаваньне па законапраекту ў другім чытаньні першапачаткова было прызначанае на 23 лістапада, але было адкладзенае, бо некаторыя дэпутаты палічылі вызначэньне прапаганды ў законе занадта расплывістым.

Алена Бабіч, дэпутат Санкт-Пецярбурскага заканадаўчага сходу ад Лібэральна-Дэмакратычнай партыі, мяркуе, што гомасэксуальная «прапаганда» павінна быць аб’яўлена па-за законам для прадухіленьня дэмаграфічнага крызісу ў Расеі. На яе думку прычынай дэмаграфічнага крызісу ў Нямеччыне сталі шырокія правы, якімі карыстаюцца нямецкія геі.
Вясёлка гэта сусьветны знак геяў. А ў нас па ўсім горадзе то дзіцячы садок „Вясёлка“, аптэка „Вясёлка“. Усе радуемся. Хутка дарадуемся так, што вымрам

Спадарыня Бабіч выказала меркаваньне, што патаемная прапаганда гомасэксуалізму і пэдафіліі ідзе па ўсім горадзе:

«У нас у дзень гораду па ўсім Пецярбургу вісіць твар Пятра Першага і яскравая вясёлка. Якая вясёлка, калі гэта сусьветны знак геяў! А ў нас па ўсім горадзе то дзіцячы садок „Вясёлка“, аптэка „Вясёлка“. Усе радуемся. Хутка дарадуемся так, што вымрам».

Валянціна Матвіенка, былы губэрнатар Санкт-Пецярбургу, якая цяпер узначальвае Савет Фэдэрацыі, выказалася за тое, каб палажэньні санкт-пецярбурскага законапраекту былі распаўсюджаныя на ўсю краіну:

«Жорсткія законы павінны быць уведзеныя супраць усяго, што руйнуе розум і здароўе дзіцяці. Калі гэты закон будзе мець свой пазытыўны ўплыў, то мы можам разгледзіць пытаньне аб рэалізацыі гэтай ініцыятывы на фэдэральным узроўні.»

У 2009 годзе падобны фэдэральны законапраект быў прапанаваны Дзярждуме дэпутатам ад кіроўнай партыі «Единая России», аднак быў адхілены. Аднак падобны закон дзейнічае з 2006 году ў Разані і зь верасьня гэтага году — ў Архангельску.

У Разані гэты закон быў ужыты адзін раз, гей-актывісты былі былі арыштаваныя за пікет каля школы і дзіцячай бібліятэкі і аштрафаваныя на суму, эквівалентную 50 далярам. Зараз гэты прысуд абскарджваецца ў Канстытуцыйным судзе Расеі і ў Эўрапейскім судзе па правах чалавека.

У Беларусі падобныя законапраекты не прапаноўваюцца. У 2005 годзе была заканадаўчая прапанова аднавіць савецкі артыкул аб крымінальным перасьледзе за гамасэксуалізм, але яна была адхіленая. Аднак геі ў Беларусі сустракаюцца зь істотным абмежаваньнем сваіх правоў: іх грамадзкія арганізацыі не рэгіструюцца, іх публічныя акцыі не дазваляюцца і жорстка разганяюцца. Беларускія дзяржаўныя СМІ, афіцыйныя прадстаўнікі дзяржавы, у тым ліку і прэзыдэнт, нярэдка публічна зьневажаюць прадстаўнікоў сэксуальных меншасьцяў. Сёлета актывістам беларускага гей-руху, нягледзячы на забарону, удалося правесьці кароткі гей-прайд у менскім раёне Шабаны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG