Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Замена беларускамоўных шыльдаў на расейскамоўныя адпавядае дзяржстандарту


Магілёўскія сацыял-дэмакраты дамагаюцца ад мясцовай улады вяртаньня беларускамоўнага ўказальніка на ўезьдзе ў Магілёў зь менскага напрамку. Знак замянілі яшчэ ўлетку. Актывісты зьвярнуліся з пратэстам у аблвыканкам і гарвыканкам.

У адказе з аблвыканкаму за подпісам намесьніка яго старшыні Валерыя Малашкі гаварыцца, што расейскамоўны знак не супярэчыць зацьверджаным правілам і адпавядае дзяржаўным стандартам. Лідэр сяброў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» на Магілёўшчыне Ігар Барысаў называе ліст чыноўніка адпіскай:

Ігар Барысаў

Ігар Барысаў

«Можа, чыноўнікі „заінтэграваваліся“ з „братняй“ Расеяй і ў сьвятле таго, што Магілёў прэтэндуе на званьне „Культурнай сталіцы СНД“, пачалі падрыхтоўку да гэтага. Як той казаў — усё пачынаецца са зьменаў імёнаў. Вось яны і вырашылі перайменаваць „Магілёў“ у „Могилев“. Калі б чыноўнікі ў нас былі сапраўды беларусамі, то гэтую нядбайнасьць дарожнікаў яны хуценька б выправілі, пагатоў, у беларускім дзяржаўным стандарце дарожных знакаў ёсьць фраза „Пераважна на беларускай мове“. А то нейкія спасылкі ды апраўданьні».

У адказе з аблвыканкаму заяўляецца, што выканаўчая ўлада распрацавала «Комплекс першачарговых мер па папулярызацыі беларускай мовы на 2011–2011 гады» і згодна зь ім суб’ектам гаспадараньня рэкамэндавана тэксты афіцыйных аб’яў, назваў дзяржаўных устаноў, тэрытарыяльна-адміністрацыйных адзінак, паселішчаў, вуліц, прыпынкаў, афармленьне шыльдаў гандлёвых аб’ектаў у роўнай ступені выконваць па-расейску й па-беларуску.

Беларускамоўя, заяўляе Ігар Барысаў, у горадзе за час існаваньня гэтага «Комплексу мер» не паболела:
Калі ніяк не рэагаваць, як яны русіфікуюцца, то ў адзін дзень прачнемся ў горадзе, дзе пра тое, што мы беларусы, будзем узгадваць толькі ў музэях ды на ўроках гісторыі.

«Усюды пануе расейшчына. Дастаткова наведаць новы мікрараён „Спутнік“, там шыльды расейскамоўныя. Напрыклад, вуліца паэта-магілёўца Пысіна — ад моманту закладкі застаецца паводле шыльды „Улицей им. Пысина“. Магілёў страчвае сваю беларускасьць. Беларускамоўныя шыльды, бадай, — апошні прыстанак візуалізаванай мовы ў горадзе. Калі ніяк не рэагаваць, як яны русіфікуюцца, то ў адзін дзень прачнемся ў горадзе, дзе пра тое, што мы беларусы, будзем узгадваць толькі ў музэях ды на ўроках гісторыі».

Каб вярнуць беларускамоўную шыльду на Менскую шашу, магілёўскія сацыял-дэмакраты зьбіраюцца распачаць збор сродкаў, каб кампэнсаваць дзяржаве выдаткі па іх замене. Але спачатку яны паспрабуюць даведацца, колькі ж каштуе такая замена.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG