Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразійскі саюз — у 2015 годзе, а адаптацыя — аж да 2020-га


Хоць стваральнікі Эўразійскага эканамічнага саюзу публічна заявілі ў Крамлі, што ён пачне працаваць з 2015 году, сёньня высьветлілася, што перспектывы могуць быць значна больш далёкімі.

Выступаючы ў Палаце прадстаўнікоў, віцэ-прэм’ер беларускага ўраду Сяргей Румас паведаміў, што для Беларусі, Казахстану і Расеі ўводзіцца гэтак званы адаптацыйны час для таго, каб прывесьці ўмовы працы і заканадаўства трох краінаў да аднаго роўню. Пры гэтым тэрмін адаптацыі ў некаторых сацыяльна-эканамічных галінах дасягае 2020 году.

Сёньня дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ратыфікавалі пагадненьне аб стварэньні Эўразійскай эканамічнай камісіі. Перад імі выступіў віцэ-прэм’ер Сяргей Румас. Дэпутат Георгій Дашкевіч спытаўся: а як жа цяпер будзе з субсыдыямі ў аграрны комплекс? Ці ня зьменшыцца падтрымка аграрыяў?

Намесьнік кіраўніка ўраду сказаў, што сярод 17 спэцыяльных дакумэнтаў ёсьць і такі, што рэглямэнтуе падтрымку сельскай гаспадаркі:

«Да 2017 году мы павінны цалкам гарманізаваць і цалкам упісацца ў вызначаныя лічбы, гэта значыць — ня болей за 10%. Сёньня субсыдыі сельскай гаспадарцы павінны складаць ня болей за 16%. Мы ўкладаемся ў гэтыя межы. Але тут гаворка ідзе пра тое, што частка датацыяў сельскай гаспадарцы носіць такі крыху прыхаваны характар. І наша задача ў тым, каб у наступныя гады субсыдыяваньне сельскай гаспадаркі цалкам стала адкрытым і празрыстым працэсам».

«Калі б сёньня гэты працэс быў сапраўды адкрыты і празрысты, то мы гаварылі б пра зусім іншыя лічбы датацыяў беларускаму аграрнаму комплексу», — кажа «Свабодзе» Аляксандар Ярашук, які шмат гадоў працаваў на адказных пасадах у сельскай гаспадарцы:

«Я буду спасылацца не на свае меркаваньні, а на афіцыйныя лічбы. Не 16%, а амаль 60% без малога там. І ў валавым прадукце аграпрамысловага комплексу дзяржаўныя інвэстыцыі складаюць менавіта каля 60%. У Расеі гэты паказьнік складае 10% зь невялічкім хвосьцікам, а ў Казахстане і таго меней — 9% з нечым. Яны затрымаюцца ў гэтых межах, а нам прыйдзецца вельмі значна скарачаць датацыі. І гэта можа зрабіць наш аграрны комплекс амаль цалкам неканкурэнтным».

Паводле Сяргея Румаса, у галіне страхаваньня на роўныя ўмовы тры краіны Эўразійскага саюзу выйдуць толькі ў 2020 годзе.

Гэта ня дзівіць кіраўніка аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леаніда Заіку. Пра прэзыдэнтаў трох краін ён кажа так:

«Яны вырашылі зрабіць гэта як палітычнае дзейства. Гэта чыста дэманстрацыйны варыянт і цалкам палітычная зьдзелка на нейкую пэрспэктыву. Хіба ж гэта ўпершыню? Мы так і саюзную дзяржаву будавалі, колькі было помпы. А ЭўрАзЭС?! Па тых жа самых мерках».
XS
SM
MD
LG