Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заходняя прэса: Газавае пагадненьне зь Менскам: перамога Крамля


Заходнія СМІ камэнтуюць рашэньне расейскага ўраду аб выдзяленьні Беларусі крэдытаў, а таксама прыроднага газу па зьніжанай цане ў абмен на набыцьцё "Газпромам" 100% "Белтрансгазу".

Як піша журналіст The New York Times Эндру Крамэр, гэта пагадненьне залучае Беларусь у яшчэ больш цесны саюз з Расеяй.

"Крэдыты і скідкі даюцца прэзыдэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку, каб дапамагчы яго ўраду субсыдыяваць асноўныя прадукты харчаваньня і імпартныя тавары, стрымаць інфляцыю і сацыяльную нестабільнасьць. У абмен Беларусь цалкам прадасьць расійскаму энэргетычнаму гіганту "Газпраму" свой газаправод, які ідзе ў Эўропу", – паведамляе аўтар артыкулу "Газавае пагадненьне зь Беларусьсю дае Расеі кантроль над трубаправодам".

Крамэр нагадвае, што "Газпраму" ўжо належалі раней 50% у газаправодзе "Ямал-Эўропа", па якім пастаўляецца каля 20% расейскага газу на заходнія рынкі.

З моманту распаду Савецкага Саюзу "Газпрам" імкнуўся вярнуць кантроль над сеткай трубаправодаў, якія зьяўляюцца неад'емнай часткай яго бізнэсу і важным складнікам геапалітычнай пазыцыі Расеі ва Ўсходняй Эўропе, – гаворыцца ў артыкуле. Кантроль "Газпраму" над трубаправодам "Ямал-Эўропа" на ўсёй яго працягласьці ад Сыбіры да польскай мяжы "ўрэгулюе нашы адносіны зь Беларусьсю на гады наперад", – прыводзіць выданьне камэнтар прэм'ер-міністра Ўладзіміра Пуціна.

Поўны кантроль "дасьць магчымасьць забясьпечыць безумоўны транзыт празь беларускую тэрыторыю нашых энэрганосьбітаў спажыўцам у Заходняй Эўропе", – сказаў ён.

"Пагадненьне, падпісанае ў Маскве, азначае важную перамогу Крамля, які пасьпяхова карыстаецца сваёй роляй пастаўшчыка энэргарэсурсаў з мэтай умацаваньня ўплыву на тэрыторыі былога Савецкага Саюзу, – піша Алан Кулісан на старонках The Wall Street Journal. – Беларусь, разьмешчаная паміж заходняй мяжой Расеі і Польшчай, доўгі час супрацьстаяла расейскаму ўплыву, адмаўляючыся перадаць расейскаму вытворцу газу, ААТ "Газпрам", газаправодную сетку і патрабуючы таннага экспарту, каб субсыдыяваць сваю эканоміку савецкага тыпу".

Лукашэнка на працягу доўгіх гадоў утрымліваў раўнавагу з Расеяй, палохаючы яе пэрспэктывай збліжэньня з Захадам, гаворыцца ў артыкуле. Але раўнавага была парушана ў мінулым годзе, калі Лукашэнка распачаў жорсткія крокі ў дачыненьні да палітычнай апазыцыі, чым выклікаў асуджэньне Эўразьвязу і Вашынгтону.

"Заключанае ў пятніцу пагадненьне азначае яшчэ больш сур'ёзны паварот у бок Масквы, якая не настолькі крытычная да яго аўтарытарных замашак. Яно было заключана на наступны дзень пасьля таго, як Менск асудзіў праваабаронцу Алеся Бяляцкага да 4,5 гадоў пазбаўленьня волі за ўхіленьне ад падаткаў", – гаворыцца ў артыкуле пад назвай "Расея ўзмацняе кантроль над Беларусьсю".

З пункту гледжаньня ЭЗ, гэтае пагадненьне нясе супярэчлівы сыгнал, – піша Стэфан Уэгсьціл у блогу The Financial Times beyondbrics.

"Поўны кантроль "Газпраму" над беларускім газаправодам аслабіць уплыў непрадказальнага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі", – адзначае аўтар. Гэта можа зрабіць больш надзейнымі пастаўкі газу ў Эўропу.

Але гэта адбудзецца коштам надзяленьня Расеі яшчэ большым, чым цяпер, палітычным уплывам у Менску. Ажыцьцяўленьне стратэгіі ЭЗ па збліжэньні са сваімі ўсходнімі суседзямі – перш за ўсё, Беларусьсю, Украінай і Малдовай – ускладніцца яшчэ больш.

"Так што ЭЗ можа выйграць эканамічна, але прайграць палітычна, – робіць выснову аўтар. – Эканамічныя перавагі ў будучыні таксама могуць сысьці на нішто, калі "Газпрам", узмацніўшы кантроль над трубаправодамі, павысіць кошты", – гаворыцца ў артыкуле над назвай "Газпрам": перамога ў Беларусі".

Агляд заходняй прэсы падрыхтаваў партал Inopressa.ru

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG