Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Даўгавы крызіс і Іран — на парадку дня саміту ЗША-ЭЗ


28 лістапада кіраўніцтва Эўразьвязу сустрэнецца ў Вашынгтоне з прэзыдэнтам ЗША Баракам Абамам і дзяржсакратаром Гілары Клінтан. Галоўныя пытаньні перамоваў — даўгавы крызіс у Эўропе і санкцыі адносна Ірану, які абвінавачваецца ў імкненьні стварыць ядзерную зброю.

Сустрэча прэзыдэнта Эўракамісіі Жазэ Мануэля Барозу і старшыні Эўрапейскай Рады Германа ван Рампэя з прэзыдэнтам ЗША адбываецца ў той час, калі Вашынгтон усё больш жорстка крытыкуе Брусэль за меры па барацьбе з даўгавым крызісам. Ад саміту ў Вашынгтоне не чакаюць прарыўных рашэньняў, бо ў эўрапейскай дэлегацыі няма лідэраў эўрапейскіх дзяржаваў, якія нясуць на сабе асноўны цяжар прыняцьця складаных рашэньняў. Тым ня менш, чакаецца, што Абама зробіць ціск на Рампея і Барозу, каб Эўразьвяз прымаў больш жорсткія і адказныя рашэньні.

Зараз Зьвяз спрабуе ўратаваць эканоміку Грэцыі, баючыся, каб фінансавыя цяжкасьці не распаўсюдзіліся на такія краіны, як Італія, Гішпанія і нават Францыя.

Эўразьвяз шукае дадатковае фінансаваньне для створанага Эўрапейскага фонду стабільнасьці. Гэты фонд ужо мае 440 млрд. эўра, але гэтых сродкаў можа не хапіць для ўратаваньня такіх краінаў, як Італія і Гішпанія. Міжнародны валютны фонд (МВФ), у якім Злучаныя Штаты валодаюць найбольшай доляй галасоў, ня хоча больш укладаць грошы ў Эўрапейскі фонд стабільнасьці.

У той час як эканамічныя пытаньні зьяўляюцца крыніцай спрэчак паміж Вашынгтонам і Брусэлем, бакі займаюць блізкія пазыцыі адносна Ірану. Дзяржаўны сакратар Гілары Клінтан сустрэнецца заўтра з кіраўніцай зьнешняй палітыкі ЭЗ Кэтрын Эштан, каб абмеркаваць, што павінен зрабіць Захад, каб сарваць пляны Тэгерану стварыць ядзерную зброю.

ЗША пасьля дакладу МАГАТЭ аб іранскай ядзернай праграме, абнародаваным напачатку лістападу, ужо ўнесьлі ў «чорны сьпіс» 11 арганізацый, якія падазраюцца ў спрыяньні іранскай ядзернай праграме.

Чакаецца, што Эўразьвяз дадасьць у адпаведны сьпіс суб’ектаў, на якіх распаўсюджваюцца санкцыі, 191 фізычную і юрыдычную асобу. ЭЗ ужо ўвёў санкцыі адносна 35 асобаў і 250 прадпрыемстваў, зьвязаных зь ядзернымі праграмамі Ірану.

Вялікабрытанія не выключае, што ўвядзе забарону ўсім фінансавым установам краіны, у тым ліку і Цэнтральнаму банку Англіі, весьці справы з Іранам. Францыя прапанавала ўвесьці новыя абмежаваньні на імпарт іранскай нафты ў Эўропу.
Клінтан і Эштан таксама абмяркуюць сытуацыю ў Аўганістане, забурэньні ў Сірыі і заяўку Сэрбіі аб ўступленьні ў Эўразьвяз, якую краіны-сябры Зьвязу будуць разглядаць на гэтым тыдні.
XS
SM
MD
LG