Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька і Ажубаліс абмеркавалі справу Бяляцкага і АЭС


Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

Кіраўнік Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька сустрэўся ў Вільні зь міністрам замежных спраў Літвы Аўдронюсам Ажубалісам.

Лябедзька пераказвае словы Ажубаліса: Літва да апошняга мела спадзеў, што афіцыйны Менск зробіць крок насустрач і Літве, і Эўрапейскаму Зьвязу, і што сытуацыя ня дойдзе да таго, каб Бяляцкі трапіў за краты.

Па словах Лябедзькі, Ажубаліс заявіў: Літва адчувае адказнасьць за тое, што адбылося зь Бяляцкім, і "без пазытыўнага вырашэньня пытаньня палітвязьняў нельга вярнуцца ў нішу стасункаў паміж Брусэлем і Менскам, якія былі на 19 сьнежня".

Кіраўнік АГП і міністар замежных спраў Літвы таксама абмеркавалі будаўніцтва Беларускай АЭС. "Поўнае супадзеньне поглядаў – гэты праект не вырашае праблемаў, а толькі стварае новыя", – канстатаваў Лябедзька.

24 лістапада судзьдзя Першамайскага суду Менску Сяргей Бандарэнка пакараў кіраўніка праваабарончага цэнтру "Вясна", віцэ-прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Алеся Бяляцкага чатырма з паловай гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.

Суд прызнаў Бяляцкага вінаватым ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў. Банкаўскія дадзеныя Бяляцкага афіцыйнаму Менску перадалі Літва і Польшча.

25 лістапада Расея і Беларусь падпісалі пагадненьне, паводле якога РБ атрымала 10 мільярдаў даляраў крэдыту на будаўніцтва АЭС. Атамную станцыю плянуюць будаваць у сумежным зь Літвой Астравецкім раёне Гарадзенскай вобласьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG