Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эгіпцяне ідуць на першыя выбары пасьля «арабскай вясны»


Сёньня ў Эгіпце пачаліся выбары ў ніжнюю палату парлямэнту. Гэта першыя дэмакратычныя выбары ў краіне ад дзесяцігодзьдзяў.

Выбары, якія сталі магчымымі пасьля зьвяржэньня прэзыдэнта Хосьні Мубарака ў лютым сёлета, адбываюцца ў атмасфэры расчараваньня і недаверу да вайсковай рады, якая ўзялася кіраваць краінай на пераходны пэрыяд. На мінулым тыдні, у выніку гвалтоўных сутычак дэманстрантаў з паліцыяй, у Эгіпце загінулі больш за 40 чалавек.

Першыя дэмакратычныя выбары пасьля 30-гадовага пэрыяду кіраваньня прэзыдэнта Мубарака будуць адбывацца ў некалькі этапаў і з надзвычай складанымі выбарчымі правіламі.

У 80-мільённым Эгіпце права голасу маюць каля 50 мільёнаў выбаршчыкаў, якім споўнілася 18 гадоў.

28 і 29 лістапада галасуюць выбаршчыкі ў Каіры і Александрыі. Потым будуць яшчэ два этапы галасаваньня ў іншых выбарчых акругах краіны, якія закончацца 10 студзеня 2012. Гэтая расьцягнутасьць выбараў у часе мае забясьпечыць надзейны маніторынг выбарчага працэсу і падліку галасоў судзьдзямі.

У ніжняй палаце эгіпецкага парлямэнту 498 месцаў. Дзьве траціны гэтых месцаў будуць разьмеркаваныя паводле прапарцыянальнай сыстэмы сярод кандыдатаў са сьпісаў, прапанаваных палітычнымі партыямі і групоўкамі. Кожны сьпіс мусіць уключаць прынамсі адну жанчыну-кандыдата і быць пазначаны адпаведным сымбалем, які дапаможа ў ідэнтыфікацыі сьпісу непісьменным. Адна траціна месцаў (166) будзе разьмеркаваная ў двухмандатных акругах сярод індывідуальных кандыдатаў, якія фармальна могуць, але ня мусяць, належаць да нейкай партыі. Яшчэ 10 палатнікаў будуць назначаныя вайсковай радай, якая цяпер кіруе краінай.

Сярод індывідуальных кандыдатаў палова павінна належаць да групы «прафэсіяналаў», а другая палова – да групы «работнікаў» і «сялянаў».

Пераможца павінен атрымаць больш чым 50% галасоў, каб здабыць мандат у першым туры. Калі такога не адбудзецца, трэба правесьці другі тур. Калі адзін мандат здабудзе «прафэсіянал», другі павінен абавязкова дастацца «работніку» або «селяніну». «Работнікі» і «сяляне» могуць атрымаць абодва мандаты. Гэтае выбарчае правіла бярэ свой пачатак у эпосе сацыялістычных практык прэзыдэнта Эгіпту Гамаля Абдула Насэра (1956-1970).

Падобныя правілы адносяцца і да выбараў у 270-мандатную верхнюю палату, галасаваньне ў якую пачнецца 29 студзеня і закончыцца 11 сакавіка 2012. Галасаваньне разьмяркуе 180 мандатаў; 90 палатнікаў будуць назначаныя пасьля выбараў прэзыдэнта краіны.

Галоўным заданьнем новага парлямэнту будзе назначэньне 100-асабовай канстытуцыйнай асамблеі, якая мае падрыхтаваць праект новай канстытуцыі краіны і выбары прэзыдэнта да канца чэрвеня 2012.
XS
SM
MD
LG