Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У настаўнікаў Горацкага раёну мясцовыя ўлады вымагаюць грошы на рамонт школаў да "Дажынак", якія павінны адбыцца ў райцэнтры ў 2012 годзе. Настаўнікам прапанавана пералічыць ад 2–3% акладаў. Тлумачэньне – бюджэт "Дажынак" замалы, каб выканаць усе пляны.

У некаторых школах настаўнікам прапануюць напісаць заявы, што яны добраахвотна ахвяруюць грошы на рамонт школ. У некаторых павінны адбыцца агульныя сходы пэдагогаў, якія прымуць адпаведнае рашэньне.

"Такое ёсьць паўсюль – па ўсіх садках, школах. Кажуць, што выдзеленых дзяржавай грошай на "Дажынкі" замала, а школы некаторыя трэба рамантаваць. Гасьцей дужа шмат будзе. І трэба, каб было прыгожа, таму – "давайце мы скінемся і зробім рамонт". Сказалі, што калі цэны будуць расьці, то, можа, і трох працэнтаў будзе мала. Народ у бальшыні згаджаецца, бо баяцца людзі. Калі б нехта не пагадзіўся, то за чалавекам бы проста сачылі, шукалі б нагоду, каб яго пакараць. А страціць чалавеку працу, тым больш цяпер. Людзі баяцца зьвязвацца з начальствам", – заявіла "Свабодзе" настаўніца з Горацкага раёну.

Ня ўсе настаўнікі аднак гатовыя фундаваць "Дажынкі".

"Усе, зразумела, абураюцца. Выказваюць незадавальненьне. "Вось, маўляў, ты не падпісалася, цяпер у нас праблемы – нас правяраюць. Гэта ўсё з-за цябе". Я ж кажу, што ў такія авантурныя гульні не гуляю. Зрабіце вы, кажу, падобнае – і тады сябе запаважаеце. Адна настаўніца паспрабавала падлічыць: па пяцьдзясят тысяч за месяц у сярэднім выходзіць. Кожны месяц трэба будзе здаваць, і нават да кастрычніка 2012 году. Грошы нібыта будуць пералічваць на рахунак сыстэмы адукацыі. Амфітэатар жа трэба пабудаваць на вадзе да "дажынак". А ён патрэбны каму-небудзь? І "Дажынкі" гэтыя. Чаму школы не рамантаваліся пяць гадоў таму, калі гэта было б значна таньней? Чаму гэта трэба рабіць менавіта цяпер? Падагналі ж яны ўсё пад "Дажынкі", – кажа настаўніца адной са школ райцэнтру Раіса.

У Горках зьбіраюцца рамантаваць тры школы: № 2, № 3 і № 4. Рамонту ў гэтых школах не рабілі больш за дзесяць гадоў.
XS
SM
MD
LG