Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевічу дазваляюць купляць харчоў на 175 тысяч у месяц


Мікалай Статкевіч
Мікалай Статкевіч
Дачка былога кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі, а цяпер палітвязьня Міколы Статкевіча Кацярына атрымала ліст ад бацькі. Статкевіч піша, як у калёніі адчуваецца эканамічны крызіс.

"Па крамцы, дзе раз на тыдзень мы можам набыць сёе-тое з прадуктаў, відаць, як значна вырасьлі цэны. А заробкі, асабліва ў правінцыі, засталіся амаль бязь зьменаў. І пэрспэктываў паляпшэньня сытуацыі я ня бачу. Вельмі шкада людзей, асабліва пэнсіянэраў. Зіма будзе для іх галоднай. Безумоўна, тут яшчэ горш, але ж мы "злачынцы", асабліва я, – піша палітвязень. – Зэкаў, у якіх ёсьць матэрыяльныя пазовы (звычайна прадпрымальнікаў), абмяжоўваюць у краме па суме, якую яны могуць патраціць за месяц – 35 тысяч рублёў. У мяне хаця б 175 тысяч. Выходзіць, што катуюць людзей голадам, каб грошы заплацілі. Але ж ня ўсе і маюць такія грошы, каб разьлічыцца зь дзяржавай".

Пра сябе былы кандыдат у прэзыдэнты піша: "З пачатку лістапада прызнаны цалкам працаздольным і працягваю працаваць на пілараме. Рука крыху пабольвае, але да канца месяца, спадзяюся, будзе ў норме. На працы цягаю дошкі і брусы, а таксама пілую дошкі нажоўкай. Праца здаровая, на сьвежым паветры. Час на ёй ідзе вельмі хутка. Кажуць, што зімой тут холадна, але я добра экіпіраваны, бо Марына перадала цёплую вопратку і абутак, і зіма мяне не палохае.

Увогуле, самая вялікая праблема тут – ня ўмовы і не мае "калегі па няшчасьці", а тыя, хто кідаецца выконваць любыя, нават самыя вар'яцкія загады свайго начальства".

Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікола Статкевіча асуджаны на 6 гадоў зьняволеньня за падзеі на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня 2010 году. Статкевіч адбывае пакараньне ў шклоўскай калёніі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG