Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Няма “сьмецьця”, якое б ня вынесьлі з-за кратаў”


Тэмы выпуску:

З чытацкіх допісаў:

Сыгналы з зоны. “Спроба самаспаленьня ў калёніі” і “Скажыце дзякуй апазыцыі!"

У турмах іншых краін. Афіцэр Бутыркі вельмі стаміўся ад парушэньняў, сьведкам якіх быў

Кошт галадоўкі: адмова ад ежы ў вязьніцах Беларусі і Літвы.




Частка 1.



Частка 2.

ЗВАРОТНАЯ СУВЯЗЬ


Былы вязень: любая законная скарга – падстава для рэпрэсій

Нягледзячы на законнае права вязьня скардзіцца на ўмовы турэмнага ўтрыманьня ў самыя розныя інстанцыі, зьняволеныя, за выключэньнем палітвязьняў, схільныя замоўчваць свае праблемы, бо любое вынесенае з хаты “сьмецьце” можа справакаваць самыя сур’ёзныя наступствы, уключна з рэпрэсіямі. Сыгналы з-за кратаў, часьцей за ўсё, паступаюць на ананімнай аснове. Хаця гэта таксама рызыкоўна для аўтараў.

У суботу, 26 лістапада, у інфармацыйна-асьветніцкую ўстанову "Плятформа" паступіла ананімнае паведамленьне з папраўчай калёніі №5 у Івацэвічах.

“Увечары 24-га, на пачатку 22-й гадзіны асуджаны 8-га атраду, інвалід другой групы Уладзімер А. выліў на сябе растваральнік і падпаліў. Пасьпелі затушыць і вывезьці з апёкамі ў гарадзкі шпіталь. Паводле чутак, нейкія праблемы з адміністрацыяй”.

У івацэвіцкай лякарні “Плятформе” пацьвердзілі факт знаходжаньня ў рэанімацыі асуджанага з апёкамі 3-й ступені. У самой калёніі інфармацыю аб здарэньні камэнтаваць адмовіліся.

Раней “Плятформа” і праваабарончы цэнтар "Вясна" са спасылкай на ананімныя крыніцы паведамлялі, што ў той самай Івацэвіцкай калёніі галадоўку на знак пратэсту супраць самаўпраўства адміністрацыі распачаў у карцэры палітвязень Мікалай Аўтуховіч. Прадстаўнікі адміністрацыі, аднак, гэтыя зьвесткі абверглі. Падрабязьней пра спробы зьдзяйсьненьня публічнага суіцыду ў беларускіх турмах – пры канцы праграмы.

Зьміцер Каляда і Мікалай Аўтуховіч. Фота, зробленае тайна пранесеным мабільным тэлефонам у Івацэвіцкай калёніі ў канцы 2010 году.
Зьміцер Каляда і Мікалай Аўтуховіч. Фота, зробленае тайна пранесеным мабільным тэлефонам у Івацэвіцкай калёніі ў канцы 2010 году.


У сваім звароце да праваабаронцаў івацэвіцкія асуджаныя таксама сыгналізавалі, што акрамя Аўтуховіча ў ШЫЗА паводле надуманых падставаў кінутыя зьняволеныя Ігар Міхнавец і Сяргей Глушак. Паводле ананімнай крыніцы “Плятформы”, рэпрэсіі зьвязаныя зь лістом дэпутата Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША Джона Шымкуса. Кангрэсмэн разаслаў ліст шматлікім палітвязьням у розныя калёніі, у тым ліку і ў Івацэвічы. Датаванае 21 верасьня пасланьне было ўручанае больш як празь месяц, прычым толькі ў Івацэвіцкай калёніі. Безумоўна, гэта робіць гонар супрацоўнікам гэтай установы, бо, адрозна ад іншых, яны выканалі свой абавязак. Пасланьне з ЗША, дзе кангрэсмэн надае ўвагу сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, у перакладзе Ігара Міхнаўца было перададзенае на “Свабоду” па таксафоне.

Вось некаторыя радкі зь яго:

Кангрэсмэн Джон Шымкус
Кангрэсмэн Джон Шымкус
“Сытуацыя з дэмакратыяй і правамі чалавека патрабуе рашучых зьменаў. Правы чалавека і свабода – гэта спэцыфіка не ЗША, а любога рэгіёну сьвету, неад’емная частка кожнага дэмакратычнага грамадзтва. Цяпер вы гэтага права пазбаўленыя. Але, калі ласка, будзьце ўпэўненыя ў тым, што людзі ЗША падтрымліваюць Вашы намаганьні ў барацьбе за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі, пакуль гэтая мара ня стане рэальнасьцю.

Сьвет стаў больш інфармаваны што да жудасных умоваў беларускіх зьняволеных. Вызваленыя вязьні дэталёва апісалі катаваньні, якія ўжываліся ў дачыненьні да іх. Гэтыя дзеяньні не засталіся без увагі, і ўрэшце Лукашэнка ды ягоны рэжым будуць несьці адказнасьць".


Пасьля публікацыі гэтага пасланьня, незадоўга да свайго арышту Ігар Міхнавец даслаў нам ліст, у якім апісаў разьвіцьцё падзеяў – за званкі на "Свабоду" на некалькі дзён пазбавілі тэлефанаваньняў усіх вязьняў.

"З тэлефоннымі званкамі ў калёніі – паўза. Рух паміж атрадамі абмежаваны. 19 атрад ня вывелі на званкі. 10-ты таксама. Сёньня паводле графіку мусіў выйсьці мой, 15-ты атрад, аднак не пусьцілі. На пытаньні зэкаў пра званкі мянты адказваюць: скажыце дзякуй апазыцыі. Многія цікавяцца ў мяне, што адбылося. Тлумачу, што адміністрацыю напружыла тое, што лісты ад Кангрэсу ЗША, дзе асуджаецца рэжым, мы перадалі праз Радыё Свабода. Вось так знаходзяць крайніх і нацкоўваюць на іх іншых. Не вітаюць у калёніі, калі, так бы мовіць, выносяць сьмецьце з хаты. Ад некаторых чую, што забарона на званкі ізноў вымусіць зэкаў шукаць шляхі, каб атрымаць нелегальныя мабільнікі і ўжо не залежаць ад мянтоў, як раней".

Пра тое, што забарона на званкі дзейнічае і дагэтуль сьведчыць і былы асуджаны калёніі, які пажадаў застацца неназваным. Ён перакананы, што любая законная скарга або, як кажуць кантралёры, вынясеньне сьмецьця, можа стаць падставай для самых сур’ёзных рэпрэсій.

Ананімнае інтэрвію былога вязьня. Свабода ў турмах
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:39 0:00
Наўпроставы лінк

Як лічыць наш сталы чытач і слухач, таксама былы асуджаны Івацэвіцкай калёніі Зьміцер Каляда, “нягледзячы на наступствы людзі ўсё ж рызыкуюць і “зьліваюць” з-за кратаў амаль усё”. Сам Зьміцер выставіў у інтэрнэце фота і відэа, нелегальна зробленыя ім падчас знаходжаньня ў папраўчай установе. Іншымі словамі, “няма “сьмецьця”, якое не было б вынесенае з той “хаты”.


У ТУРМАХ ІНШЫХ КРАІН


У нашай новай рубрыцы, у якой мы будзем расказваць пра турэмныя падзеі ў іншых краінах, – працяг размовы пра наступствы так званага "зьліву інфармацыі" з-за кратаў.

Афіцэр Бутыркі: “Я вельмі стаміўся ад парушэньняў, сьведкам якіх быў”

Бутырская турма
Бутырская турма
Гэтымі днямі адміністрацыя маскоўскага СІЗА "Бутырская турма" мае вырашыць пытаньне пра далейшае знаходжаньне ў штаце Бутыркі інспэктара аддзелу выхаваўчай працы, старшага лейтэнанта Аляксея Казлова. Прыкладна тыдзень таму ў інтэрвію расейскай службе Радыё Свабода ён распавёў пра розныя прыклады парушэньня правоў зьняволеных, уключна з тым, што ў ізалятары існуюць дваістыя стандарты ў дачыненьні да вязьняў. Аляксей Казлоў адзначыў, што за восем гадоў працы ў структурах Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў, у тым ліку за два гады працы непасрэдна ў Бутырцы, ён "вельмі стаміўся ад парушэньняў", сьведкам якіх быў увесь гэты час.

Прыход Аляксея ў Бутырку супаў па часе зь вельмі гучным скандалам вакол доўгай і пакутлівай сьмерці падсьледнага Сяргея Магніцкага. 37-гадовы расейскі юрыст, бухгальтар і аўдытар памёр у СІЗА, бо турэмная адміністрацыя адмовілася аказаць яму мэдычную дапамогу.

У размове з нашым радыё Аляксей Казлоў ня выключыў, што трагедыя, якая здаралася зь Сяргеем Магніцкім, можа паўтарыцца яшчэ ня раз.

Неўзабаве пасьля інтэрвію ў Бутырцы прайшоў сход, дзе абмяркоўвалі ўчынак Аляксея Казлова, а дакладней – агучаную ім праз Радыё Свабода крытыку пэнітэнцыярнай сыстэмы. Гаворыць Аляксей Казлоў:

Казлоў: Спачатку хтосьці з прысутных прапанаваў выказацца мне. Аднак начальнік СІЗА адразу сказаў, што мяне слухаць не жадае і нікому ня раіць. Потым выступіў адзін з калегаў-інспэктараў і сказаў, што напіша рапарт, бо не жадае сядзець са мной у адным кабінэце. Далей выступіла прадстаўніца Савету вэтэранаў, якая заявіла, што мне лепш добраахвотна сысьці з сыстэмы. Самі ж пытаньні, якія былі закранутыя ў інтэрвію, абсалютна не разглядаліся. Прадстаўніца Савету вэтэранаў у гэтай сувязі сказала, што іх вучылі не выносіць сьмецьце з хаты. У сваю чаргу, я ня вытрымаў і сказаў, што мяне вучылі найперш гаварыць праўду.

Вось урыўкі з інтэрвію, празь якое пацярпеў старэйшы лейтэнант Казлоў (цалкам тэкст інтэрвію тут):

– Што прымусіла вас крытыкаваць сыстэму, якой вы прысьвяцілі восем гадоў свайго жыцьця?

– Дваістыя стандарты: несправядлівае стаўленьне да адных зьняволеных і пратэкцыянізм – да іншых. Яшчэ я сутыкнуўся з абуральным неразуменьнем з боку кіраўніцтва СІЗА: парушэньні знаходзяцца на паверхні, а ніхто ня робіць захадаў, каб іх прадухіліць.

– Нармальныя ўмовы ўтрыманьня ёсьць толькі ў тых зьняволеных, якія плацяць кіраўніцтву Бутыркі грошы?

– Я асабіста ня бачыў перадачы грошай і не хацеў бы так рэзка выказвацца. Але ў мяне засталося ўражаньне, што тут ёсьць карупцыйны складнік: нічога бясплатнага ў нашым жыцьці не бывае, ня кажучы ўжо пра жыцьцё ў турме.

– Вы сутыкаліся з ужываньнем фізычнага гвалту ў дачыненьні да зьняволеных?

– Хоць ужываньне фізычнай сілы – гэта штодзённая рэч у ізалятары, на свае вочы я гэтага ня бачыў.

– Зьняволеным Бутыркі аказваюць належную мэдычную дапамогу?

Магу прывесьці такі выпадак. Адзін са зьняволеных стаіць на ўліку ў лякарні як ВІЧ-інфікаваны. Нейкі час ён утрымліваўся ў інфэкцыйнай лякарні № 2, яго выпісалі, а затым, як ён сам казаў мне, ён на працягу трох месяцаў не атрымліваў ніякай тэрапіі. У выніку – гепатыт C, пнэўманія, тэмпэратура. 16 лістапада яго канваявалі ў турэмны шпіталь, які знаходзіцца ў СІЗА № 1. Зь якой прычыны яго выпісалі зь лякарні і не праводзілі тэрапію, сьцьвярджаць не бяруся.

Магніцкі сьведчыў, у прыватнасьці, і пра адносна больш бяскрыўдныя парушэньні правоў зьняволеных: камэры былі перапоўненыя, у душ зьняволенага, які вымушаны быў правесьці дзень у судзе, не вадзілі. Ці захоўваюцца гэтыя правы цяпер?

Цяпер норма "чатыры квадратныя мэтры на чалавека" выконваецца. У маламесных камэрах, якія апісваў Магніцкі, нават выдалілі адно з спальных месцаў. Але бываюць такія выпадкі, што з-за недахопу супрацоўнікаў не пасьпяваюць усіх вывесьці ў душ. Бывае і так, што зьняволены пасьля дня ў судзе не трапляе ў душ. Яго абавязаныя адвесьці туды і ўначы, але я ніколі такога ня бачыў.

“Што прымусіла крытыкаваць недахопы?”

– Я стаў сьведкам шматлікіх парушэньняў, якія аб'ядноўвае тое, што некаторыя зьняволеныя карыстаюцца падтрымкай з боку кіраўніцтва, а іншыя – наадварот, – працягвае Аляксей Казлоў. – Апошні гучны выпадак – зьняволены сфатаграфаваўся за сталом у намесьніка начальніка СІЗА, выйшаў у інтэрнэт, выклаў фатаграфіі ў сацыяльнай сетцы. Я праявіў цікаўнасьць і паглядзеў, якімі сайтамі ён карыстаўся. Гэты зьняволены асуджаны паводле часткі 4 артыкула 159 Крымінальнага кодэксу – махлярства ў асабліва буйным памеры, якое зьдзейсьнена арганізаванай групай. Высьветлілася, што ён, у прыватнасьці, заходзіў на электронную скрыню сайту па аказаньні фінансавай дапамогі "Зручна, проста, даступна". У мяне складаецца ўражаньне, што падобныя зьняволеныя могуць нават чыніць нейкія афэры, знаходзячыся за кратамі – нішто ім у гэтым не перашкаджае.

– Зьняволеныя, якім начальства не сымпатызуе, ці зьвяртаюцца з скаргамі ў пракуратуру, напрыклад? Ці гэтыя скаргі выходзяць за межы СІЗА?

– Супрацоўнік на пасадзе, вядома, прыме скаргу і накіруе ў дзяжурную частку, але далейшы іх лёс няясны – зьняволены не атрымлівае расьпіскі аб прыняцьці скаргі. Я дапускаю выпадкі іх зьнішчэньня. Нездарма кажуць "на разгляд генэрала Карзінкіна" – гэта значыць парваць і выкінуць скаргу.

– Вы прыйшлі ў Бутырку неўзабаве пасьля сьмерці Сяргея Магніцкага. Вы бачылі водгукі гэтай трагедыі ў ізалятары?

– Вядома. У нас дагэтуль працуе тагачасны намесьнік начальніка ізалятара па мэдычнай частцы Дзьмітры Кратаў. Гэты чалавек прыгнечаны, ён адчувае сябе ў нейкай ступені вінаватым. Сказаць, што ён ставіцца да сваіх абавязкаў нядбала, я не магу. Я назіраў, як гэты лекар аглядае зьняволеных і выдае ім нават вітаміны акрамя тых лекаў, якія ім патрэбныя...Я чуў, што ў дзень сьмерці Магніцкага як ніколі доўга ўзгаднялі пытаньне яго дастаўкі ў лякарню з кіраўніцтвам службы выкананьня пакараньняў па Маскве. Пра цяперашні стан спраў магу толькі сказаць, што калі ў ізалятар прыяжджае хуткая дапамога, яна застаецца там на працягу вельмі доўгага часу: вываз зьняволенага зь СІЗА вельмі зацягваецца.

“Разьдзець у прысутнасьці зьняволеных”

– На вас ужо завялі крымінальную справу – па абвінавачаньні ў паклёпе, да прыкладу?

– Не. Няма ніякіх прычын для завядзеньня крымінальнай справы. Але я сутыкаўся зь перадузятым стаўленьнем да сябе. Да прыкладу, у верасьні я стаў аб'ектам поўнага надгляду – гэта значыць разьдзелі – у прысутнасьці зьняволеных гаспадарчага атраду. Яны выступалі панятымі, ужо ня ведаю, наколькі гэта законна. Я лічу, гэта амаральна і некарэктна ў адносінах да мяне толькі за тое, што я абураўся палітыкай кіраўніцтва Бутыркі ў дачыненьні да зьняволеных і супрацоўнікаў. Я пісаў матываваныя рапарты, але ўсе яны былі праігнараваныя.

– Вы гатовы паўтарыць усе свае словы ў судзе?

– Натуральна. Хоць якія тут ілжывыя паказаньні – я нават нікога ні ў чым не абвінавачваю, проста канстатую факты.

– Як вашы калегі адрэагавалі на ваша рашэньне агучыць факты парушэньняў?

– Шматлікія супрацоўнікі стаміліся ад парушэньняў. Па маіх ацэнках, іх больш за палову пэрсаналу СІЗА. І іх таксама можна зразумець. У іх сям'і. Страціць працу шмат для каго сьмерці падобна. Я ж вельмі стаміўся. І я эмацыйны чалавек. Начальнік ізалятара, як мне стала вядома, выступіў з хадайніцтвам аб маім звальненьні з крымінальна-выканаўчай сыстэмы. Пры гэтым фармальная падстава – што я нібыта прагуляў працу ў той дзень, калі на самай справе скарыстаўся правам наведаньня лекара-стаматоляга. Я падаў дакумэнты, якія гэта пацьвярджаюць, у СІЗА, але ў мяне іх проста не прынялі. Пляную зьвярнуцца ў суд, каб аспрэчыць гэтае рашэньне.

– Думаеце, сыстэму можна зьмяніць знутры?

– Нічога нерэальнага тут няма. Трэба проста добрасумленна ставіцца да сваіх службовых абавязкаў і памятаць галоўнае: асноўная мэта крымінальна-выканаўчай сыстэмы – не пакараньне, а прафіляктыка і прадухіленьне злачынстваў і правапарушэньняў. Яна ажыцьцяўляецца пры дапамозе выпраўленьня, а не пакараньня.

– Дзе вы будзеце працаваць, калі вас звольняць?

Займуся праваабарончай дзейнасьцю. Буду адстойваць правы людзей, у тым ліку – добрасумленных супрацоўнікаў крымінальна-выканаўчай сыстэмы.

ТУРМА І ЗДАРОЎЕ


“Самаспаленьне як самая пакутлівая формы пратэсту”

Выпадак зь вязьнем Івацэвіцкай калёніі Уладзімерам А., які, паводле ананімнай крыніцы “Плятформы”, зьдзейсьніў спробу самаспаленьня ля кабінэту начальніка ўстановы, чарговым разам сьведчыць пра тое, што асуджаныя гатовыя ісьці на любую самую крайнюю, адчайную і жудасную форму асабістага пратэсту. Ці нясе за гэта адказнасьць адміністрацыя? Чаго дасягаюць зьняволеныя, зьвяртаючыся да гэтай ды іншых формаў публічнага суіцыду? Наколькі адэкватныя ў момант прыняцьця падобнага рашэньня гэтыя людзі?

Менскі адмысловец-псыхіятар Ігар перакананы:

“Гэтыя людзі ня хворыя. Яны ідуць на такі крок, бо іншага спосабу, каб заявіць пра сябе і быць пачутымі, ня маюць. Галадаваньне, ускрыцьцё венаў ці самаспаленьне — гэта пратэст. Бо магчымасьці дамагчыся ўсяго прававым шляхам проста няма”.

Ва ўмовах беларускай пэнітэнцыярнай сыстэмы самаспаленьне як форма публічнага суіцыду – зьява ня самая частая. Паводле пакутлівасьці і незваротнасьці зь ёй можна параўнаць хіба што сьмерць у выніку сухой галадоўкі. Летась “БелГазета” (N38 за 29.09.2010) надрукавала ліст асуджанага 20-й мазырскай калёніі, у якім той расказаў пра самаспаленьне аднаго з арыштантаў. Гэты чалавек меў праблемы з адміністрацыяй. У выніку моцных апёкаў ён пакутаваў тры дні і памёр у гарадзкім шпіталі. Кіраўніцтва калёніі назвала апублікаваны артыкул “абразай усяго калектыву”. Ніхто з супрацоўнікаў адказнасьці за сьмерць вязьня на панёс.

Кошт галадоўкі

Паводле турэмнай статыстыкі, найчасьцей арыштанты схіляюцца да такіх відаў небясьпечнага для жыцьця пратэсту як ускрыцьцё жыватоў і венаў або звычайнай працяглай галадоўкі з ужываньнем вады.

У выпадку з галодным страйкам, памежныя дэгенэратыўныя і дыстрафічныя зьмены арганізму пачынаюць адбывацца дзесьці пасьля дзесяці дзён поўнай адмовы ад ежы.

Нягледзячы на тое, што ў ПК-5 абвяргаюць факт галадоўкі Мікалая Аўтуховіча, былы адвакат зьняволенага Павал Сапелка, не выключае, што вязень у карцэры сапраўды трымае галадоўку:

"Улічваючы тое, што ён лічыць незаконным зьмяшчэньне ў карцэр, супраць гэтага ён і пратэстуе. А пакаралі яго за тое, што аказвае дапамогу іншым вязьням", – кажа вядомы юрыст, які абараняў Аўтуховіча ў судзе ў 2010 годзе.

Мікалай Аўтуховіч раней сёлета распавядаў Радыё Свабода:

"Усё, што тут творыцца, я фіксую, таму што сваволі на гэтым баку, на дне цывілізаванага жыцьця, вельмі шмат. Кожны раз, калі іду на "хрэсьбіны" – гэта суд такі мясцовы ў начальства, я распавядаю пра ўсе скаргі, пра ўсё. Яны робяць выгляд, што фіксуюць, але нічога, канечне, ня робіцца. Тут шмат людзей, вязьняў перакананыя, што асуджаныя незаконна. Яны пішуць скаргі, але ў Івацэвіцкай калёніі існуе такі мэханізм, што ніякія скаргі адсюль не выходзяць. Людзі пасьля пытаюцца – а ім адказваюць: не, мы нічога не атрымлівалі".

Трапіўшы ў няволю, крытыкі беларускага рэжыму сьвядома адмаўляюцца ад ежы, каб зьвярнуць увагу грамадзкасьці і міжнароднай супольнасьці на пэўную праблему, але пры гэтым ставяць пад пагрозу ўласнае жыцьцё.

Летась падчас утрыманьня ў менскім СІЗА Мікалай Аўтуховіч цягам трох месяцаў галадаваў, патрабуючы ў самы кароткі тэрмін альбо перадаць справу ў суд, альбо зьмяніць усім фігурантам па справе меру стрыманьня. За гэты час ён схуднеў на 35 кг. Адвакат і мэдыкі ацэньвалі стан здароўя Аўтуховіча як крытычны. Галадоўка была спыненая на просьбы адваката і грамадзкасьці і ў сувязі з рэальнай пагрозай жыцьцю.

Паводле блізкіх сяброў Аўтуховіча, працяглая адмова ад ежы год таму вельмі адмоўна адбілася на здароўі колішняга воіна-аўганца. У Аўтуховіча – складаныя захворваньні страўніка. Ягонаму арганізму супрацьпаказаная турэмная ежа. У выніку ж шматлікіх надуманых штрафных санкцыяў з боку адміністрацыі калёніі яго караюць так званай мінімальнай сумай "атаваркі". Гэта азначае, што ў турэмным шапіку ён можа набыць прадуктаў па мінімуме – на 35 тысяч рублёў (на цяперашнія грошы).

Значная інтаксыкацыя арганізму ў выніку трохмесячнай галадоўкі прынесла Мікалаю Аўтуховічу і іншыя праблемы са здароўем.

Адміністрацыі – напляваць

Адміністрацыі беларускіх турмаў, як кажуць зьняволеныя, якія самі прайшлі праз галадоўку, усё роўна, памрэ чалавек у турме ці не.

Адзін з былых вязьняў Івацэвіцкай калёніі, дзе цяпер знаходзіцца Мікалай Аўтуховіч, распавёў:

"Адміністрацыі няма справы, ім усё роўна. Нават калі памрэ ад галадоўкі, ім напляваць".

"Там толькі выконваюць загады, а ніякай адказнасьці нават за сьмерць чалавека не нясуць". Так лічыць сябра Мікалая Аўтуховіча, былы палітзьняволены Сяргей Скрабец, які сам трымаў галадоўкі пратэсту:

"Першая была – 40 дзён. Другая – каля сарака. І яшчэ дзьве – па 25 дзён. На "зоне" прасьцей галадаць, чым у ізалятары, таму што там ты бываеш на сьвежым паветры. Крытычныя моманты ў мяне надыходзілі на 20-ты дзень звычайна. Але нават цяпер я адчуваю наступствы тых галадовак. Парушаны абмен рэчываў, падагра і яшчэ процьма ўсялякіх хваробаў. Дранцьвеюць суставы, шмат праблемаў. Час мінуў, але я так і ня здолеў аднавіць сілы".

Гарадзенскі палітык, у мінулым выкладчык Гарадзенскага мэдычнага ўнівэрсытэту Сяргей Мальчык, які вывучаў наступствы галадоўкі на арганізм чалавека і сам галадаў на знак пратэсту ў часе арыштаў, адзначыў у размове з карэспандэнтам “Свабоды”, што да галадоўкі трэба падыходзіць адказна і ісьці на гэты крок у скрайнім выпадку ды з добрай падрыхтоўкай:

"А іначай гэта не дае плёну".

Калектыўныя галадоўкі

Як сьведчаць прыклады з гісторыі, раней часам прыносілі плён калектыўныя галадоўкі. Цяпер гэты сродак – калектыўную галадоўку – вязьні ўжываюць у дэмакратычных краінах, каб прыцягнуць увагу СМІ і грамадзкасьці да сваіх праблем. Праўда, праблемы гэтыя зусім іншыя, чым у беларускіх вязьняў, – напрыклад, патрабаваньне карыстацца кампутарамі ў любы час.

У суседняй Літве зьняволеныя ня раз абвяшчалі калектыўныя галадоўкі на знак пратэсту супраць, паводле іх словаў, парушэньняў правоў чалавека. Калектыўная галадоўка – сродак, несумненна, больш дзейсны, і зьняволеныя спынялі яе пасьля перамоваў з вышэйшым кіраўніцтвам альбо пасьля таго, як іх патрабаваньні часткова выконваліся. Супраць чаго пратэставалі зьняволеныя ў Літве? Абурэньне выклікалі захады па барацьбе з пастаўкай наркотыкаў у турмы. У турмах ва Усходняй Эўропе гэта праблема, і таму ў суседніх краінах Эўразьвязу пачалі ўводзіцца ўсё больш жорсткія абмежаваньні: прадуктовыя перадачы ў турму забароненыя, мабільная сувязь блякуецца адмысловым абсталяваньнем і г.д.

Калектыўнымі галадоўкамі на знак пратэсту з гэтай нагоды сталася вядомаю Алітуская турма ў Літве. Улетку 2009 году галадоўку там трымалі 200 зьняволеных, а ўвосень у 2010 годзе – 140 чалавек (з агульнага ліку 1289 вязьняў). Вязьні пратэставалі супраць блякаваньня радыёсувязі ў турме.

Разам з тым зьняволеныя Алітускай турмы пратэставалі супраць высокіх коштаў у турэмнай краме, кепскай якасьці ежы ў сталоўцы, ператрусаў. Апошняя калектыўная галадоўка там пачалася якраз пасьля ператрусаў, пры якіх знайшлі і мабільныя тэлефоны, і шпрыцы. Вязьняў абурыла жорсткасьць ахоўнікаў. Тады галадоўку абвясьцілі вязьні трох блёкаў Алітускай калёніі.

Калі на патрабаваньне галадоўнікаў прыехалі прадстаўнікі Мін'юсту, за ежай усталявалі штодзённы кантроль, а ўсе патрабаваньні вязьняў былі зафіксаваныя для далейшага разгляду, тыднёвую калектыўную галадоўку спынілі. Мабільную сувязь пачалі блякаваць – тут вязьні свайго не дамагліся. Але скаргі на жорсткасьць ахоўнікаў пры ператрусах і на якасьць ежы былі ўлічаныя.

Галадоўка з-за кампутараў

У тым жа 2010 годзе вялікая калектыўная галадоўка была ў калёніі ў Правенішках. 10 сакавіка 2010 году яе пачалі 75 чалавек, а празь 5 дзён галадоўку трымалі ўжо 169 чалавек з агульнага ліку 1243 вязьняў. Паводле жонкі аднаго са зьняволеных, чый адкрыты ліст распаўсюдзілі СМІ, галадала 190 чалавек. Вязьні патрабавалі спатканьняў без шкляных перагародак, магчымасьці карыстацца кампутарамі, дазволу жыць групамі паводле "зямляцтваў", лазьні часьцей, чым раз на тыдзень, дазволу мець аўдыё- і відэаапаратуру для тых, хто ўтрымліваецца ў дысцыплінарнай групе. Таксама зьняволеныя хацелі працаваць, але працы для іх не было. Беспрацоўе закранула і літоўскія турмы, хоць ахвотных працаваць тут шмат. Галадоўку спынілі ў выніку перамоваў. Частку патрабаваньняў вязьняў прызналі незаконнымі, а частку нельга было задаволіць, бо не было грошай.

За галадоўкі вязьням прызначаюць дысцыплінарныя пакараньні. Атрымалі іх і вязьні Правeнішак. Міністар юстыцыі Рэмігіюс Шымашус заяўляў, што саступак у выніку калектыўных галадовак не павінна быць.

Але, зь іншага боку, да калёніі ў Правeнішках павялічылася ўвага СМІ і кантралёраў з Сэйму Літвы, якія наведалі калёнію і скрытыкавалі ўмовы ўтрыманьня вязьняў, выкліканыя нястачай фінансаваньня.

У карцэры давалі ежу празь дзень

Былы зьняволены Правeніскай калёніі Валеры Савянкоў, які быў асуджаны за выкраданьне гістарычна каштоўнага сьцяга Вільні зь віленскай мэрыі, выйграў справу ў Страсбурскім судзе па правах чалавека па двух артыкулах. Было прызнана, што мела месца жорсткае
Валеры Савянкоў
Валеры Савянкоў
бесчалавечнае абыходжаньне са зьняволеным і катаваньні, а таксама ўмяшаньне ў прыватнае жыцьцё вязьня. Суд пастанавіў выплаціць яму грашовую кампэнсацыю ў памеры 5 000 эўра. Валер Савянкоў распавядае, што і сам галадаў на знак пратэсту:

"Галадоўку ў турмах вязьні абвяшчаюць часта, асабліва ў карцэрах. Я ў карцэрах таксама абвяшчаў галадоўкі, але больш за 15 дзён ніколі не галадаў, і ваду піў. Але трэба памятаць, што ў адміністрацыі турмаў і калёніяў шмат спосабаў прымусіць вязьня спыніць галадоўку, калі яны захочуць іх ужыць".

З галадоўкі могуць прымусова вывесьці – "апусьціць"

За пагрозай прымусовага харчаваньня можа стаяць яшчэ адна акалічнасьць. Часам зьняволеныя самі спыняюць галадоўкі, бо харчаваньне робіцца такім чынам, што гэта можа перавесьці зьняволенага ў статус "апушчанага".

"Есьць розныя формы, калі вязень упарта не спыняе галадоўку. Прымусовае харчаваньне праз рот, але тады чалавек пачынае задыхацца, гэта небясьпечна. Ужываюць і такі спосаб – кропельніцу і ўвядзеньне пажыўнага раствору праз задні праход. А што гэта азначае для зэка? Ён трапляе ў іншы статус адразу, ён робіцца "апушчаны", яму адзін шлях – у "петушатню". Таму дастаткова толькі прыгразіць такім спосабам, і вязень сам спыніць галадоўку".

У пэнітэнцыярных сыстэмах дэмакратычных краін дзейнічае правіла: галадоўніка ўжо на пяты дзень зьмяшчаюць у санчастку, дзе мэдыкі і псыхолягі кантралююць стан яго здароўя і пераконваюць вярнуцца да ежы. У Беларусі, як сьведчаць некаторыя колішнія палітвязьні, галадоўніка таксама могуць наведаць турэмныя псыхолягі ды мэдыкі. Першыя звычайна ні ў чым не пераконваюць, а толькі прызнаюцца, што з улікам "парогавай сытуацыі" маюць прадпісаньне праводзіць адпаведныя размовы. Што да мэдыкаў, дык тыя наведваюць арыштаванага дзесьці на 8–10 дзень пасьля абвяшчэньня страйку і папярэджваюць аб прымусовым харчаваньні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG