Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Статкевіч залячыў руку і зноў працуе на лесапілцы


Мікалай Статкевіч зноў працуе на турэмнай лесапілцы. Адвакат Андрэя Саньнікава паскардзілася ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў. Зьміцер Бандарэнка выходзіць на мыліцах на ранішнюю зарадку. Павал Севярынец камэнтуе забарону ліставацца з Яўгенам Васьковічам. Зьміцер Дашкевіч малюе на капэртах бел-чырвона-белыя сьцягі.

Мікола Статкевіч
Мікола Статкевіч


Андрэй Саньнікаў
Андрэй Саньнікаў


Зьміцер Бандарэнка
Зьміцер Бандарэнка



Павал Севярынец
Павал Севярынец



Зьміцер Дашкевіч
Зьміцер Дашкевіч


Эдуард Лобаў
Эдуард Лобаў

З былым кандыдатам на прэзыдэнта Мікалаем Статкевічам у Шклоўскай калёніі сустрэўся адвакат. Грамадзянская жонка палітвязьня Марына Адамовіч распавяла пра апошнія навіны.

"Учора зь ім бачыўся адвакат. Добрая навіна тая, што ён залячыў руку і арытміі сэрца ўжо няма. А гэтак ўсё як было".

Марына Адамовіч паведаміла, што яна па-ранейшаму не атрымлівае ад Статкевіча лістоў і ад яго няма тэлефонных званкоў. Адвакату палітвязень казаў, што ад яго патрабуюць пісаць, што нібыта ўсё добра. "Магчыма, таму і лістоў няма", – мяркуе Марына Адамовіч.

Мікалая Статкевіча зноў накіравалі працаваць на турэмную лесапілку. Трымаюць палітвязьня ў Шклоўскай калёніі, былы кандыдат на прэзыдэнта асуджаны на 6 гадоў зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў арганізацыі масавых беспарадкаў 19 сьнежня.

Асуджаны на 5 гадоў за тыя ж падзеі экс-кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Саньнікаў ужо некалькі дзён знаходзіцца ў Віцебскай калёніі "Віцьба-3", вядомай тым, што там з другой паловы 2006 году па сярэдзіну 2008 году сядзеў экс-кандыдат на прэзыдэнта падчас выбарчай кампаніі 2006 году Аляксандр Казулін. Маці Андрэя Саньнікава Ала Ўладзіміраўна мяркуе, што сын зараз у карантыне, а дакладных зьвестак яна не мае – адваката да Андрэя Саньнікава пакуль не дапускаюць. 25 лістапада з гэтай прычыны адвакат перадаў скаргу ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў.

"У Дэпартамэнт ісьці мы зьбіраліся з Ірынай, але ў выніку пайшла адвакат высьвятляць, чаму абаронцу не дапусьцілі. Выклала ў скарзе ўсе аргумэнты. Паглядзім, што адкажуць. А больш нічога пра Андрэя ня ведаю".

Апошні раз ліст ад сына Ала Саньнікава атрымала болей за тыдзень таму. 25 лістапада вакол калёніі "Віцьба-3" былі расклееныя партрэты Андрэя Саньнікава.

Бацька і сястра Зьмітра Бандарэнкі атрымалі ад яго лісты. Жонка палітвязьня Вольга Бандарэнка распавяла.

"Піша, што абстаноўка, як першыя два месяцы. Лечаць яго зараз холадам і відаць будуць гэтак лячыць і далей. Выганяюць пасьля пад'ёму на мыліцах на пастраеньне і фіззарадку. Калі раней былі нейкія паслабленьні, то цяпер – ніякіх. Толькі што працаваць не прымушаюць. Але ён адзначае, што гэта "пакуль".

Каардынатар "Эўрапейскай Беларусі" Зьміцер Бандарэнка сядзіць ў Магілёўскай калёніі №15. У час зьняволеньня вязьню была зробленая апэрацыя на хрыбетніку, у яго вялікія праблемы з нагой.

Адзін з сузаснавальнікаў партыі БХД Павал Севярынец адбывае 3 гады "хіміі" за Плошчу ў Пружанскім раёне. Палітвязень лістуецца з іншымі асуджанымі, ў тым ліку адправіў нядаўна ліст актывісту БХД Яўгену Васьковічу, які адбывае тэрмін ў Магілёўскай турме за напад на будынак КДБ у Бабруйску. Паводле зьвестак ад Васьковіча, ліст Севярынца прыйшоў пусты, з цыдулкай ад турэмнага цэнзара, што ліставаньне з Севярынцам забароненае. Павал Севярынец гэтым вельмі зьдзіўлены, кажа што з такім рашэньнем цэнзуры сустрэўся ўпершыню. "Нічога надзвычайнага ў лісьце не было, толькі словы падтрымкі ды цытаваньне Бібліі".

"Мне проста важна пераканаць хлопца ў тым, што мы можам і павінны змагацца з гвалтам негвалтоўна. Магчыма, для цэнзараў важна, каб людзі хацелі замагацца гвалтам, тады у іх будзе падстава ужываць гвалт? Ня ведаю. Безумоўна, гэта беззаконьне".

Пра лісты ад Зьмітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава Павал паведаміў наступнае. "Лобаў піша вельмі сур'ёзна і прынцыпова, бачна, што чалавек не зламаўся. Зьміцер таксама не скараецца, як уласьціва для яго, жартуе і малюе на капэртах бел-чырвона-белы сьцяжок".

Маладафронтаўцаў Зьмітра Дашкевіча трымаюць ў Глыбоцкай турме, Эдуарда Лобава – у калёніі ў Івацэвіцкім раёне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG