Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікам Чэрвеньскага рынку дазволілі працаваць да 1 красавіка


Прадпрымальнікам сталічнага Чэрвеньскага рынку будзе дазволена працаваць да 1 красавіка 2012 года, а не да 1 студзеня, паведаміў старшыня грамадзкага аб'яднаньня "Пэрспэктыва" Анатоль Шумчанка па выніках праведзеных 25 лістапада перамоваў з кіраўніцтвам Менгарвыканкама.

«Спачатку прайшла сустрэча з намесьнікам старшыні Менгарвыканкама Уладзімірам Калтовічам, затым прадпрымальнікі плаўна перамясьціліся ў кабінэт старшыні Мікалая Ладуцькі, — сказаў Шумчанка. — Па выніках абмеркаваньня Ладуцька заявіў, што арэнда рынку прадоўжана да 1 красавіка і гэта ужо крайні тэрмін", – паведамляе БелаПАН.

«Агульная пазыцыя прадпрымальнікаў такая: пляцоўка, выдзеленая ў мікрараёне Лошыца, павінна быць заасфальтавана і рынак павінен працаваць там у тым выглядзе, у якім працуе цяпер, толькі што ралеты новыя паставіць», — падкрэсьліў Шумчанка. Горад жа, па яго словах, заяўляе аб тым, што ў такім выглядзе рынкаў больш не будзе.

Як адзначыў кіраўнік «Пэрспэктывы», прадстаўнікі іранскай кампаніі «Дыдас Інтэрнэшнл Груп», якая зьбіраецца будаваць на тэрыторыі Чэрвеньскага рынку гандлёвы цэнтар, незадаволеныя пралангіраваньнем працы аб’екта, але яны вымушаныя арыентавацца на пазыцыю гарвыканкама і разьлічваюць, што пасьля 1 красавіка праца рынку на гэтым месцы не будзе ў чарговы раз працягнутая.

Паводле Шумчанкі, у прадпрымальнікаў няма дрыжыкаў у каленках і яны не адчуваюць эўфарыі ад сустрэч з чыноўнікамі. «Яны выступаюць ад імя тысячнага калектыву, пасьлядоўна адстойваюць свой пункт гледжаньня і будуць гэта рабіць і далей», — заявіў кіраўнік «Пэрспэктывы».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG