Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яраш Малішэўскі – што пачытаць пра Слуцкі збройны чын


Яраш Малішэўскі

Яраш Малішэўскі

27 лістапада беларуская дэмакратычная грамадзкасьць адзначае Дзень Герояў. Гэта неафіцыйнае нацыянальнае сьвята, гадавіна антыбальшавіцкага паўстаньня 1920 году, якое ўвайшло ў гісторыю пад назовам Слуцкі збройны чын. Пра тое, як і што адбывалася на Случчыне 91 год таму, можна дазнацца з кніг, якія прапануе гісторык Яраш Малішэўскі.



ВАСІЛЬ БЫКАЎ. НА ЧОРНЫХ ЛЯДАХ. СЬЦЯНА

Менск, “Наша Ніва”, 1997.

Апавяданьне зьявілася напачатку дзевяностых, калі ўсё перажывала злом – адыходзіла старое, і насоўвалася новае, цьмянае. Хіба можна было тады ўявіць, якім яно станецца… Вось і тут: увесь гэты няшчасны аддзел, які блукае па лесе, добра ілюструе сабою чарговы ў беларускай гісторыі злом. Кожны кімсьці “быў” – жаўнерам, афіцэрам, гімназістам, парабкам… Было і скончылася. Пачалося новае, але вось ён, жахлівы фінал. Яны самі мусяць забіваць сябе, думаючы яшчэ і пра тое, каб пасьля сьмерці не нашкодзіць сваім блізкім. Сытуацыя склалася так, што нічога іншага папросту не застаецца, бо іншыя варыянты – толькі горшыя. Але нягледзячы ні на што, гэтая ахвяра – патрэбная. Абавязковая. Неадменная. Бо безь яе нічога ня будзе потым. Каб штосьці вырасла, зямлю трэба ўгноіць, у дадзеным выпадку – сабою. Зрэшты, адзін герой усё ж застаецца, і вось ён, магчыма, і будзе працягам…

“Зерне кінутае, па вясьне ўгрэецца глеба, будуць усходы. Колькі б зіма не доўжылася, настане вясна. Яны ўгнояць глебу, мусіць, такое іх гістарычнае прызначэньне, так трэба. Для вольнай радзімы і для гісторыі”.


АНДРЭЙ ФЕДАРЭНКА. НІЧЫЕ

Менск, “Мастацкая літаратура”, 2009

У кнізе – усё тая ж гісторыя, што апавядае пра падзеі канца дваццатага году, стагодзьдзя дваццатага. Шарагоўцы, героі, зладзеі. Звычайнае жыцьцё, якое перастала быць такім. Не, людзі застаюцца тымі ж, вось толькі яны самі зьмяняюць сьвет наўкол. На іхным прыкладзе наскрозь точыцца адчуваньне – гісторыя творыцца ўсімі, хто пачынае дзейнічаць. І будзь ты кім заўгодна – пажадаўшы, можна зьмяніць і сябе, і краіну. І сьвет.

“… а нас можа выратаваць толькі высокая агульная мэта. У нашым выпадку гэта просты, натуральны, зразумелы і разам з тым сьвяты лёзунг — вызваленьне ўсёй Беларусі ад любога чужаземнага захопніка і ад сваіх прыблудаў…”
Нічые – гэта зноў яны, беларусы. Тыя, хто апынуліся на сваёй, але… нічыйнай зямлі. Паміж войскамі палякаў ды расейцаў. Тыя ўжо Беларусь падзялілі, а тут во – кавалак зямлі – між імі. І гэтая нічыйная зямля створаная на такі кароткі прамежак часу, нібы шанец – а ці скарыстаюць яго? А як скарыстаюць гэтыя людзі, якія не былі патрэбныя нікому, апрача сябе самых?


АЛЕСЬ ПАШКЕВІЧ. ПЛЯЦ ВОЛІ

Менск, “Мастацкая літаратура”, 2001.

Твор Алеся Пашкевіча прыцягвае ўвагу ўжо назваю – раман-дакумэнт. І сапраўды – адно і другое тут гэтак зьнітаванае, што сапраўды ёсьць непадзельным цэлым. Наагул, кніга нагэтулькі насычаная інфармацыяй, што чытаецца і як мастацкая, і як дакумэнтальная. Першая частка кнігі -- “І дам цябе вянок жыцьця”акурат прысьвечаная Слуцкаму чыну. Азначэньне “дакумэнт” у дадзеным выпадку цягне за сабою і характэрныя для апошняга адметнасьці – амаль кожная дэталь падмацаваная аўтэнтычнымі крыніцамі.Пры ўсім проста неверагодным багацьці інфармацыі, яна падаецца бесстароньне, бяз аўтарскіх ацэнак. І Пляц Волі тут --- ня толькі менскі пляц, але й тое, з чаго пачынаецца яна -- нашая агульная Воля. Унікальная форма кнігі дала свой плён, у выглядзе выбітнага твору. Калейдаскоп складаецца з розных шкельцаў, але сэнс адзін: змаганьне за Беларусь – там, на Случчыне, і далёка па-за ейнымі межамі. Калі здавалася – яшчэ крыху і…
“Пройдуць гады, падрастуць сыны і ўнукі нашы і спытаюць нас тады: «Што зрабілі вы ў той бурны і векапомны час для сваіх нашчадкаў, для свайго краю?» К такому запытаньню трэба нам быць гатовымі...”


АНАТОЛЬ ГРЫЦКЕВІЧ. СЛУЦКАЕ ПАЎСТАНЬНЕ 1920 г. СТАРОНКІ НАШАЙ МІНУЎШЧЫНЫ

Менск, “Беларускі кнігазбор”, 2009

Вось тут тое, што абавязкова мусіць быць паралельна ці наадварот – паміж мастацкімі творамі на азначаную тэму. Тое, што для паспалітага чытача, а мо й ня толькі, дасьць карціну тых самых падзеяў, што надарыліся ў дваццатым у Слуцку і ягоных ваколіцах. Схэма, структура, азнаёміўшыся зь якой, можна добра ўявіць сабе, што ж адбылося тады. Маленькі фрагмэнт краіны, які паўстаў супраць арды з Усходу, засьведчыў: задуманае можа атрымацца, калі мы зразумеем, што ў нас ёсьць усё. Трэба толькі зьдзейсьніць гэты ўчынак. Чын. Слуцкі. Гісторык складае дакладную канструкцыю падзеяў і дзеяў людзей у іх. Перадумовы і працэс, наступствы і асэнсаваньне – усе гэта можна знайсьці ў гістарычным нарысе.

Калі твой дом залівае чорная ці чырвоная навалач, прыходзіць усьведамленьне – праўда за намі і мы на сваёй зямлі. Няхай змаганьне будзе няроўнае, але важна застацца сабою – у якіх заўгодна варунках.


СЛУЦКІ ЗБРОЙНЫ ЧЫН 1920 Г. У ДАКУМЭНТАХ І ЎСПАМІНАХ

Менск, “Мэдысонт”, 2006

Гэтая кніга – дапоўненае перавыданьне той, што выйшла пяцю гадамі раней. У мастацкіх творах ды гістарычных працах – сваё, уласнае ўяўленьне, ацэнкі, эмоцыі. А што можа даць лепшую за дакумэнты карціну, даць магчымасьць мысьліць самастойна? Тут ня трэба прывязвацца да выкладак ды высноваў іншых, якімі б геніямі яны не былі. Рэпрэзэнтаваны камплект дакумэнтаў: бяры ды чытай, вось яны бесстароньнія сьведкі падзеяў. Між імі старыя фота, на якіх людзі, што часта ня думалі – “а як яно будзе, а ці застануся я жывы, а ці атрымаю ўзнагароды”. “Яны пайшлі паміраць, каб жыла бацькаўшчына”.
Сёньня, калі там, на зямлі Чыну, засталося гэтак мала, амаль нічога ад таго духу, дакумэнты ёсьць сьведчаньнем пра “тую” Случчыну. І напамінам пра тое, што можа быць, калі мы ўсе апамятаемся ды пачнем рух у іншы бок, а не да яміны, у якой – скон Беларусі. Дакумэнты, успаміны, прэса, фота – панарама складаецца файная, балазе матэрыялаў стае і ў нас, і за мяжою. Чытай ды думай сам, хоць гэта, апошняе, сёньня ня надта ўхваляецца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG