Лінкі ўнівэрсальнага доступу

64 праваабарончыя арганізацыі патрабуюць вызваліць Бяляцкага


Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі
Вынесены 24 лістапада прысуд праваабаронцу Алесю Бяляцкаму — чатыры з паловай гады пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці — працягваюць камэнтаваць у Беларусі і за мяжой. Гучаць новыя заявы з патрабаваньнем вызваліць праваабаронцу і зьняць зь яго абвінавачаньні.

64 праваабарончыя арганізацыі з усяго сьвету выступілі зь лістом, у якім заклікаюць беларускія ўлады неадкладна зьняць усе абвінавачаньні супраць Алеся Бяляцкага і спыніць яго крымінальны перасьлед.

«Мы лічым, што Алесь Бяляцкі быў пакараны за свой законны ўдзел у справе абароны правоў чалавека ў Беларусі. Пазоў супраць Алеся Бяляцкага — гэта яшчэ адзін крок беларускіх уладаў супраць праваабаронцаў, каб паспрабаваць прымусіць замаўчаць галасы, якія нагадваюць пра абавязаньні Беларусі ў галіне правоў чалавека».

Справа Алеся Бяляцкага абавязкова прагучыць на наступным тыдні ў Познані, дзе пройдзе форум грамадзянскай супольнасьці «Ўсходняга партнэрства», кажа нацыянальны каардынатар форуму па Беларусі Ўлад Вялічка:

«На сустрэчу ў Познані прадстаўнік „Вясны“ запрошаны ў якасьці госьця. Запрашэньне даслалі яшчэ да таго, як стала вядома пра прысуд. І, канечне, тэма Алеся будзе гучаць на форуме. Ніякім чынам нельга прымаць такі вырак. Думаю, што грамадзянская супольнасьць — і эўрапейская, і беларуская — будзе вельмі жорстка рэагаваць на такое рашэньне».
Думаю, што грамадзянская супольнасьць — і эўрапейская, і беларуская — будзе вельмі жорстка рэагаваць на такое рашэньне

Кандыдатуру Алеся Бяляцкага будуць прапаноўваць і на Нобэлеўскую прэмію міру, заявіў міністар замежных спраў Літвы Аўдронюс Ажубаліс. На думку літоўскага палітоляга Лаўруса Бялініса, гэта слушны крок:

«Як мне падаецца, Бяляцкі робіцца своеасаблівым болем літоўскай палітычнай эліты. Таму што пэўная віна ў яго справе з боку Літвы ёсьць. І ад гэтага стаўленьне да яго вельмі спагадлівае. Зыходзячы з таго, што Бяляцкі, па сутнасьці, ёсьць палітычная ахвяра, палітычны вязень, якіх у гэтым рэгіёне няшмат, вылучэньне яго на такую прэмію мне падаецца дастаткова лягічным. Хоць, канечне, тут усё будзе залежаць ад таго, якія будуць іншыя кандыдаты».

Не абмінулі сваёй увагай справу Бяляцкага і дзяржаўныя беларускія СМІ. Іх працу назіральнікі ад Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека і Ўсясьветнай арганізацыі супраць катаваньняў у супольнай заяве яшчэ два тыдні таму назвалі «абразьлівай кампаніяй паклёпу». Падобна, што за гэты час нічога не зьмянілася. Напрыклад, учора ў рэпартажы на тэлеканале СТВ гучала сьцьвярджэньне пра нібыта велізарнае багацьце праваабаронцы, асабліва рынкавы кошт дзьвюх кватэраў, якія належаць Бяляцкаму. І ні слова пра тое, што другая кватэра набывалася выключна пад офіс «Вясны». Менавіта адсутнасьць афіцыйнай рэгістрацыі і прымусіла набываць кватэру для офісу на фізычную асобу. Пра гэта штодня гаварылася на працэсе Бяляцкага. Дзяржаўнае тэлебачаньне, аднак, пра гэта не згадала.

Сябра праўленьня Беларускай асацыяцыі журналістаў Яніна Мельнікава кажа, што ў асьвятленьні дзяржаўнымі мэдыямі працэсу Бяляцкага няма нічога дзіўнага альбо таго, чаго не назіралася бы раней:

«Дзяржаўныя СМІ, альбо, хутчэй, дзяржаўныя сродкі прапаганды заўсёды карысталіся такімі „хітрыкамі“ і такімі нячэснымі, непрафэсійнымі з пункту гледжаньня журналісцкай этыкі прыёмамі, як сказаць „а“, не гаворачы „б“, даваць намёкі і нібыта факты, якія павінны ўразіць гледача ці чытача і якія павінны ўпэўніць, што нейкі чалавек альбо арганізацыя сапраўды парушылі заканадаўства Беларусі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG