Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэрмэр: «Паслухаў Лукашэнку — засадзіў усё бульбай. І куды яе цяпер падзець?»


У Беларусі засталося крыху больш за 2 тысячы фэрмэрскіх гаспадарак. Гэта ўтрая менш, чым было ў 90-я гады. Складаным выпрабаваньнемі для фэрмэраў стаў эканамічны крызіс. Сёлета ім цяжка прадаць вырашчанае: няма платаздольнага попыту, кошты на сельгаспрадукцыю нізкія, дзяржаўныя арганізацыі своечасова не разьлічваюцца. Праблемныя сытуацыі беларускага фэрмэрства дасьледуюць рэгіянальныя карэспандэнты «Свабоды».

Гомельшчына


Сёлетні год быў ураджайны на бульбу, капусту, моркву ды іншую гародніну. Але як прадаць усё вырашчанае? З гэтай праблемай сутыкнуліся многія фэрмэры на Гомельшчыне.

У вёсцы Дуравічы Буда-Кашалёўскага раёну фэрмэрствам пасьпяхова займаецца сям’я Уладзімера й Тацьцяны Раманенкавых.

Галава гаспадаркі Ўладзімер кажа, што год можна было б лічыць цалкам удалым, каб збыць яшчэ тон 300 гародніны, зь якой траціна — бульба.

Уладзімер: «Моркву прыкапалі, тут свая тэхналёгія — проста ў бурт прыкапалі. Пабудавалі ўласнымі сіламі невялікае сховішча — цыбуля ляжыць, буракі, капуста. Каб быў нармальны збыт, то мы былі б, канечне, на вялікім пад’ёме. Кошты надзвычай упалі, а збыту, па сутнасьці, няма. Ужо ў нас празь меру прадукцыі, што тут казаць».

Фэрмэры мусяць ганяць машыны на рынкі абласнога цэнтру ды іншых гарадоў. З сыстэмы нарыхтоўкі гародніны на зіму фэрмэры наагул выпалі:

«Тут такая сыстэма. Каапэратыўным арганізацыям — спажывецкім таварыствам, розным унівэрсальным базам — даводзіцца плян нарыхтоўкі ад насельніцтва. Фэрмэры сюды не ўваходзяць — мы засталіся ўбаку. Праўдамі й няпраўдамі трэба браць даведкі як прыватнікам — тады наша прадукцыя ідзе ім у плян нарыхтоўкі як ад насельніцтва. А дзе набрацца даведак? Гэта нерэальна. Возьмеш на кагосьці, здасі… Вось такое пытаньне — каб пусьцілі нас, фэрмэраў, у гэтую нарыхтоўку».

Некаторыя гомельскія фэрмэры спрабавалі збываць сваю прадукцыю ў суседнюю Расею. Аднак рынкі там даўно падзеленыя — бяз хабару нікуды не пускаюць. Ёсьць і іншыя перашкоды.

Каб адвезьці маладую бульбу ў Расею, добрускі фэрмэр Ігар Балаболаў мусіў амаль два месяцы праз рэгіянальнае аддзяленьне Прамыслова-гандлёвай палаты зьбіраць даведкі на фітасанітарны пашпарт прадукцыі й глебы. За гэты час раньні гатунак бульбы перайшоў у позьні. Таму сёлета спадар Балаболаў нават не спрабаваў збываць бульбу суседзям.

Фэрмэр кажа, што ня лепшая сытуацыя й на ўнутраным рынку. Паводле распараджэньняў мясцовых органаў прадукцыю нарыхтоўшчыкі бяруць найперш ад калгасаў і саўгасаў — за дзяржаўныя пазыкі й грашовыя дапамогі.

Няпростая сытуацыя склалася і з разьлікамі:

«Нават калі б крухмальны завод разьлічваўся своечасова, можна было б працаваць толькі крухмальным заводам. Я мог бы вырошчваць 60–80 гектараў бульбы, калі б своечасова разьлічваліся. Бывала, што па паўтара года хадзілі па грошы. Сёлета здалі бульбу на крухмальны ў кастрычніку. Цяпер лістапад, і я згодны, што ім трэба яе перарабіць і рэалізаваць прадукцыю. Гэта яшчэ цярпець можна — хаця б да Новага году разьлічыліся ці адразу пасьля яго. Але ж ня ў жніўні, калі я здаю новы ўраджай, а за стары хаджу й прашу грошы».

Віцебшчына


Сёлета Віцебскаблспажыў скардзіцца на тое, што немагчыма было выканаць заданьне па нарыхтоўцы садавіны і ягад. Праблемы тлумачылі неўраджаем. Аднак у аршанскага фэрмэра Адама Сапежкі іншая думка:

«А якія яны цэны прапаноўвалі? На нашым кірмашы прадаць нашмат выгадней, чым зь імі зьвязвацца! І перакупшчыкі забіралі ўсё гуртам ды перлі ў Расею. У Смаленску вядро нашых чорных парэчак каштавала 100 тысяч. А бліжэйшы наш пакупнік, Талачынскі вінзавод, прапаноўваў 1 800 рублёў за кіляграм. А ў Смаленск ішло так: вядро вагой 6–7 кіляграмаў я здаваў за 50 тысяч. Вось такая розьніца!»

Калі сэзон ягад і садавіны скончыўся, фэрмэры Віцебшчыны вымушаны думаць, куды прадаць бульбу ды гародніну. На гэта ўраджай сёлета якраз добры. Але Віцебскі аблвыканкам абмежаваў кошты, па якіх гандлёвая сетка можа рэалізоўваць сельскагаспадарчую прадукцыю. Таму ў Беларусі прадаваць свой ураджай стала нявыгадна. Аднак і перакупшчыкі хутка зарыентаваліся — таксама зьнізілі цэны на прадукцыю для перавозкі ў Расею, працягвае спадар Сапежка:
І перакупшчыкі бралі адпаведна — толькі па 900 рублёў. Гэта леташні кошт — а даляр за той час падняўся ў тры разы!

«На бульбу кошты закупу па-вар’яцку нізкія. Аршанскі райспажыўсаюз закупляў па 600–700 рублёў. І перакупшчыкі бралі адпаведна — толькі па 900 рублёў. Гэта леташні кошт — а даляр за той час падняўся ў тры разы! Капусту таксама скуплялі танна: па 500–600 рублёў, ды яшчэ прэтэнзіі былі ці не да кожнага качана — каб качарэжка была ня больш як адзін сантымэтар, правільна абрэзаная…»

Чым большы ўраджай — тым большыя праблемы са збытам. Спадар Уладзімер, фэрмэр з-пад Віцебску, таксама заняты яе вырашэньнем, бо ў мясцовыя гандлёвыя сеткі гародніну пераважна пастаўляе дзяржаўнае сельгаспрадпрыемства «Альгоўскае»:

«Праблема са збытам бульбы. Усе гэтыя нашы „Ніка“, „Вэста“ — яўна заключылі дамовы з „Альгоўскім“. Фэрмэрам туды не паткнуцца, фэрмэрам трэба шукаць самім… Дапамогі з боку дзяржавы я ніякай не адчуваю, мы не ўваходзім ні ў якія выканкамаўскія сьпісы… Вось сам і кручуся, зараз еду на Расею»…

Але ў бліжэйшых расейскіх рэгіёнах беларуская гародніна ўжо не карыстаецца попытам. Наша бульба даехала ўжо і да Санкт-Пецярбургу, і да Краснадарскага краю.

Гарадзеншчына


Фэрмэры на Гарадзеншчыне называюць гэты год адным з самых складаных: праблемы сёлета як са збытам прадукцыі, так і з атрыманьнем грошай за здадзенае.

Казімір са Шчучынскага раёну фэрмэрам больш за 10 гадоў, вырошчвае збожжавыя й бульбу. Распавядае, што яшчэ ніводнага году не было так, каб частку ўраджаю давялося заворваць, бо ён нікому не патрэбны.

Спадар кажа, што летась наслухаўся выступаў Лукашэнкі, які агітаваў за тое, каб садзілі болей бульбы, бо яе, маўляў, скупляюць расейцы. Ён пашырыў плошчы пад бульбу, сабраў добры ўраджай, але вось цяпер клубні ляжаць у ягоных буртах нікому не патрэбныя.

Спадар: «Вось мы і дурні — насадзілі бульбы. Ён сказаў, а мы пасадзілі…»

Карэспандэнт: «А прадаць не змаглі?»

Спадар: «Ды ніхто наагул… Гектараў дзесяць поля з ураджаем задыскаваў, не было куды падзець ураджай. Заклаў усе сховішчы, бурты бульбай, бурачкамі, капустай, морквай. А потым што рабіць — пусьціў дыскі».

Спадар Казімір кажа, што нядаўна да яго тэлефанавала пакупніца з Баранавічаў і прапанавала набыць бульбу па 800 рублёў за кіляграм, але ён за такія малыя грошы адмовіўся прадаваць.

Фэрмэр з Гарадзенскага раёну, спадар Міхал, вырошчвае цукровыя буракі, паколькі жыве недалёка ад цукровага камбіната. Буракі здаў, але сутыкнуўся зь іншай праблемай — зь ім ня могуць разьлічыцца за здадзеную прадукцыю.

Спадар: «Калі дзяржава дасьць рэсурсы на крэдыты, то тады разьлічацца. Я разумею, што гэта не віна цукровага камбінату, таму што буракі купляе дзяржава. Але ў нас ад гэтага ўсе праблемы, бо людзі хочуць атрымліваць заробак своечасова. Паліва даражэе штомесяц, а грошай няма».

Наагул, спадар Міхал не ўяўляе, як будзе вырошчваць буракі ў наступным годзе, бо ўсе хімікаты закупляў за валюту, а пры цяперашняй фінансавай сытуацыі ні за што ня здолее заплаціць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG