Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пагоню» ўнука пачуў дзед


На браме гэтых могілкаў можна было б напісаць радкі Максіма Багдановіча: «Шмат у нашым жыцьці ёсьць дарог, ды вядуць яны ўсе да магілы». Але няма ў нас такой традыцыі – зьмяшчаць вершы клясыкаў на могілкавых брамах, ды і брамаў, адпаведных клясыцы, на могілках нашых, як правіла, няма. Гэта ў чэскай Празе, наведаўшы пантэон на Вышаградзе, можна прачытаць як быццам ад імя ўсіх там пахаваных: «Ač zemreli, ještě mluvi» («Хоць памерлі – гутарым яшчэ»).

Могілкі, на якіх багдановічаўская эпітафія выглядала б асабліва дарэчнай, знаходзяцца ў Чэрвені, які да 1923 году называўся Ігуменам. Тут пахаваны дзед паэта па кудзелі – Апанас Мякота. Ён жыў у Ігумене, служыў наглядчыкам у мясцовай павятовай больніцы, тут з жонкай Тацянай з дому Малевічаў прыдбаў сына Янку і чатырох дачок – Стэфу, Аляксандру, Ганну і Марылю – будучую маці Максіма Багдановіча.

З Уладзімерам Дарагужам, чэрвеньскім краязнаўцам, які і адшукаў магілу Апанаса Мякоты, мы зь цяжкасьцю праціскаемся паміж густа-цесна пастаўленымі надмагільнымі агароджамі. Нядаўна прайшлі Дзяды, дзень ушанаваньня памерлых, і многія магілы дагледжаныя, на іх гараць зьнічы. Поруч зь імі месца апошняга спачыну дзеда Максіма Багдановіча выглядае забытым і занядбаным. Каменны помнік мае варты жалю выгляд – верхняя частка адбітая, на месцы, дзе верагодней за ўсё знаходзіўся крыж, зеўрыць адтуліна. На шэрым тле выразна чытаецца надпіс: “З[десь] п[окоится] прахъ раба Божіего Афанасія Ивановича Мякото ум. 1878 г. 12 января”.

Адшуканая яшчэ ў 2006 годзе магіла мусіла б стаць культурнай сэнсацыяй і аўтаматычна трапіць у сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Чэрвеньскага раёну. Чаму ж так ня сталася? Хіба Ўладзімер Дарагуж прыхаваў сваю знаходку і не расказаў пра яе чэрвеньскім уладам? Адказ краязнаўцы мяне проста шакаваў:

«Магілай дзеда Максіма Багдановіча ніхто ў Чэрвеньскім райвыканкаме не зацікавіўся. Я зьвяртаўся непасрэдна да загадчыцы ідэалягічнага аддзелу Галіны Гамезы, каб райвыканкам выдзеліў сродкі на добраўпарадкаваньне. Але ў адказ пачуў – сродкаў няма. Нікому зь мясцовых начальнікаў гэтая магіла непатрэбная. Пра маю знаходку паведамляла раёнка, чэрвеньскі журналіст Ігар Адамовіч пісаў пра яе нават у «Звяздзе». Ну, думаў я, заварушацца чыноўнікі. А ім хоць бы што. Праўда, пасьля тае публікацыі ў Чэрвень прыяжджала дырэктарка сталічнага Музэю Максіма Багдановіча Тацяна Шэляговіч, абяцала дапамогу са свайго боку. З таго часу пяць гадоў прайшло – і нічога так і ня зроблена».
Помнік на магіле Апанаса Мякоты, дзеда Максіма Багдановіча, у Чэрвені
Помнік на магіле Апанаса Мякоты, дзеда Максіма Багдановіча, у Чэрвені
Шапацела апалае лісьце, шапацелі журботныя словы, маўкліва шыхтаваліся вакол помнікі-крыжаносцы. Гэта ў несьмяротных вершах унука ля магільнага склепу «амур і сумны і прыгожы стаяў з павязкай на вачах», і «часам лёгкі пах туды даносіўся ад рожы». На магіле дзеда ружы не растуць, і яе спакой мітычныя амуры не вартуюць. Відаць, не заслужыў дваранін Расейскай імпэрыі Афанасій Мякото асобнага склепу і ганаровай варты пры ім ад тых, за каго змагаўся на Крымскай вайне. Але Апанас Мякота – дзед нацыянальнага генія Максіма Багдановіча – мае права на нашу грамадзкую і дзяржаўную ўдзячнасьць, пакуль існуем мы і краіна пад назвай Рэспубліка Беларусь.

Тым лістападаўскім халодным надвячоркам хтосьці з прысутных на могілках прапанаваў прачытаць на магіле дзеда ўнукаву «Пагоню». Чыталі ня хорам, засяроджана-ціхмяна – кожны па адной страфе. Строфаў на ўсіх не хапіла, асобныя радкі былі паўтораныя, як часам бывае ў малітвах. Ужо на зваротнай дарозе з Чэрвеня ў Менск удзельнікі таго незвычайнага чытаньня дамовіліся зладзіць талаку па добраўпарадкаваньні магілы Апанаса Мякоты. Ахвотныя далучыцца ці паспрыяць гэтай справе (сваімі рукамі, коламі ці любым іншым спосабам) могуць зьвярнуцца на кантактны тэлефон: 611-97-27 velkom. Дык сталакуемся ў сьнежні ў Чэрвені!
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG