Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вынесены Алесю Бяляцкаму прысуд – 4,5 гады зьняволеньня – гэта чарговы доказ таго, што эўрапейская палітыка ў дачыненьні да Беларусі і ў пэўнай ступені да Ўкраіны памірае на нашых вачах. Бяз шанцаў на рэанімацыю» – пішуць у сёньняшнім выданьні Gazety Wyborczej Яцэк Паўліцкі і Тамаш Бялецкі.

Прапануем фрагмэнты з гэтага артыкулу:

«Рэжым Аляксандра Лукашэнкі робіць што хоча, таму што яму пакуль не патрэбны эўрапейскі пернік (да таго ж, з гледзішча рэжыму, сумнеўны). Бо ў яго зноў ёсьць моцны заступнік: Расея. А з пугі ён толькі сьмяецца, бо эўрапейскія фінансавыя і візавыя санкцыі супраць чыноўнікаў аказаліся ня надта цяжкімі. Лукашэнку зусім не палохае далейшая ізаляцыя, паколькі ў шмат якіх краінах яго і так успрымаюць як заразнага. А да словаў асуджэньня і заклікаў ён ужо даўно глухі.

Козырам Эўропы ў стратэгіі прыцягненьня да сабе Беларусі і Ўкраіны зьяўляецца прывабнасьць эўрапейскай мадэлі, дабрабыту і дэмакратыі. Альтэрнатывай яму – састарэлая цывілізацыйная прапанова Расеі. Украінцы і беларусы, марачы аб добрым і пэрспэктыўным навучаньні для сваіх дзяцей, усё часьцей думаюць не пра Маскву, а пра ВНУ ў якой-небудзь з краін ЭЗ. Нават шмат хто з шэрагаў улады напэўна хацеў бы, каб яго дзеці жылі ў адкрытай і заможнай Беларусі ды маглі падарожнічаць па Эўропе бяз пашпартнага кантролю.

Але Лукашэнка адкінуў такую мадэль.

Імкнучыся прыцягнуць Украіну і Беларусь, Эўропа прайграе з адной простай прычыны: яна можа прапанаваць значна менш, чым Расея. Туманная і аддаленая пэрспэктыва інтэграцыі з Захадам, якая месьціцца ў прыдуманай Польшчай і Швэцыяй праграме «Ўсходняе партнэрства», ня можа перабіць прапановы Масквы.

Як можна параўнаць некалькі сотняў мільёнаў эўра зь бюджэту «Ўсходняга партнэрства», падзеленыя паміж шасьцю дзяржавамі праграмы, якія можна атрымаць на пэўных умовах і ў аддаленай пэрспэктыве, зь некалькімі мільярдамі даляраў, якія дае Масква? Як выглядае аддаленая магчымасьць асацыяцыі з ЭЗ (аб сяброўстве ніхто нават ня згадвае) у параўнаньні з выгодамі, якія паходзяць з штораз цясьнейшага эканамічнага супрацоўніцтва з Масквой і з удзелу ў Мытным саюзе (Расея, Беларусь, Казахстан), які неўзабаве ператворыцца ў адзіную эканамічную прастору?

Цяпер Расея дае Беларусі значна больш, чым эўрапейскія мары: танны газ, дзякуючы якому рэжым напэўна выстаіць у эканамічны крызіс, а грамадзтва перажыве зіму. І адкрываецца маскоўскі рынак для беларускіх тавараў, якіх ніхто напэўна не купіў бы на Захадзе.

Аналягічная расейская прапанова чакае і Ўкраіну, якая стаіць адной нагой на Ўсходзе, а другой на Захадзе. Зрэшты, сем гадоў турмы, якія далі былому прэм'ер-міністру, а цяпер лідэру апазыцыі Юліі Цімашэнцы нібыта за злоўжываньні пры падпісаньні газавага кантракту з Расеяй у 2009 годзе, паказваюць, што прэзыдэнт Віктар Януковіч ужо, мабыць, махнуў рукой на прапановы Захаду.

Эўропа магла гуляць як на прывабнасьці сваёй цывілізацыйнай мадэлі, так і на страху Менску перад тым, што яго праглыне Масква.
Хоць Эўропа магла гуляць як на прывабнасьці сваёй цывілізацыйнай мадэлі, так і на страху Менску перад тым, што яго праглыне Масква (а Кіеву, што Масква атрымае дамінуючую пазыцыю ў яго эканоміцы), Расеі ўжо ўдалося абяззброіць усходнюю палітыку Эўразьвязу, адным з суаўтараў якой была Польшча. Якія могуць быць прэтэнзіі да Пуціна: ён проста з халоднай пасьлядоўнасьцю ўвасабляе ў жыцьцё свае нэаімпэрскія пляны. У 2008 годзе, пасылаючы ў Грузію танкі, ён прадэманстраваў сьвету, што здольны абараняць расейскія сфэры ўплыву, а цяпер «мірнымі мэтадамі» заняўся Беларусьсю і Ўкраінай».

«Калі нехта і можа зьмяніць рэжым у Беларусі ды стаўленьне кіеўскіх уладаў да інтэграцыі – дык гэта звычайныя людзі. Гульня за Ўсход працягваецца, але гэта доўгі шлях, які зойме гады», – газэта цытуе на заканчэньне словы эўрадэпутата з Польшчы Яцка Сарыюша-Вольскага.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG