Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За "Белтрансгаз" – крэдыт на АЭС і газ за 165,6 $


На 25 лістапада ў Маскве заплянаванае падпісаньне дамовы пра куплю-продаж 50% акцыяў «Белтрансгазу», а таксама кантракт на пастаўку газу на 2012-2014 гады.

15.26 "Газпром" і дзяржаўны камітэт па маёмасьці Беларусі падпісалі дагавор куплі-продажу 50% акцый "Белтрансгазу" за 2,5 мільярда даляраў, паведаміла прэс-служба расейскага газавага холдынгу.

Пуцін заявіў, што ў 1-м квартале 2012-га цана на газ для Беларусі складзе 164 даляры за тысячу кубамэтраў.

"У наступным годзе пры сярэдняй плянаванай цане каля 400 даляраў за 1000 кубамэтраў для эўрапейскіх спажыўцоў Беларусь будзе плаціць нам у першым квартале 164 даляры", – заявіў Пуцін.



"Беларусь атрымае так званую інтэграцыйную зьніжку і на працягу некалькіх гадоў выйдзе на роўнадаходныя цэны, да 2014 году", – дадаў Пуцін.

"Пры гэтым мы дамаўляемся пра тое, што расейская кампанія "Газпром" набывае ўсё 100% "Белтрансгазу", гэта значыць газатранспартнай сыстэмы Беларусі. Гэта вялікае пытаньне, якое ўрэгулюе нашы адносіны зь Беларусьсю на гады наперад і дасьць магчымасьць забясьпечыць безумоўны транзыт празь беларускую тэрыторыю нашых энэрганосьбітаў спажыўцам у Заходняй Эўропе", – дадаў Пуцін.


15.25 Расея выдзяляе Беларусі крэдыт у 10 млрд на будаўніцтва АЭС

Прэм'ер-міністар Расеі Ўладзімер Пуцін заявіў, што Расея гатовая даць Беларусі крэдыт для будаўніцтва АЭС у аб'ёме да 10 млрд даляраў.

"Мы дамовіліся, і сёньня будуць падпісаныя адпаведныя дакумэнты пра прадстаўленьне Беларусі расейскага крэдыту ў аб'ёме да 10 млрд даляраў, з выкарыстаньнем гэтага крэдыту на працягу 10 гадоў і з пагашэньнем на працягу 15 гадоў", – заявіў Пуцін.


15.22 Лукашэнка сустракаецца зь Мядзьведзевым

У падмаскоўных Горках пачалася сустрэча прэзыдэнтаў Расеі і Беларусі Дзьмітрыя Мядзьведзева і Аляксандра Лукашэнкі.

Сярод актуальных пытаньняў двухбаковых адносін – і будаўніцтва АЭС у Беларусі, перадае Інтэрфакс.


«Заўтра сто адсоткаў забярэм «Белтрансгаз», – заявіў напярэдадні кіраўнік «Газпрому» Аляксей Мілер.

Напярэдадні расейскія СМІ распаўсюджвалі неафіцыйную інфармацыю пра дэталі дамоваў:

  • меркаваная цана газу на 1 тысячу кубамэтраў павінна скласьці каля 150 даляраў
  • мінімальны ўзровень нацэнкі на газ, які рэалізуецца «Белтрансгазам» у Беларусі, будзе 15,95 даляраў да тысячу кубамэтраў.

Умовы газавага кантракту на 2012–2014 гады былі ўвязаныя з набыцьцём "Газпромам" 50% акцыяў "Белтрансгазу".

"Газпром" ужо валодае 50% акцый "Белтрансгазу", купіўшы іх за 2,5 мільярда даляраў паэтапна роўнымі часткамі на працягу 2007–2010 гадоў.




"Белтрансгаз" – апэратар нацыянальнай газатранспартнай сыстэмы (каля 7500 км), у тым ліку транзытных магутнасьцяў у Эўропу (прыкладна на 17 мільярдаў кубамэтраў на год), а таксама апэратар газаправоду Ямал-Эўропа, які належыць «Газпрому» (30 млрд кубамэтраў) і прадавец газу на тэрыторыі Беларусі.

Транзыт расійскага газу ў 2010 г. - 43,2 млрд куб. м (31% ад паставак "Газпрома"), унутраныя продажы - 21,6 млрд куб. м (100% - імпарт з Расеі).

Чыстая выручка ў 2010 г. - 13,4 трлн беларускіх рублёў (каля $ 4,5 млрд па сярэдняму курсу), нагадваюць расейскія «Ведомости».

Лукашэнка ў Маскве

Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка правядзе перамовы з прэзыдэнтам Расеі Дзьмітрыем Мядзьведзевым.

«У цэнтры ўвагі будуць знаходзіцца пытаньні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва дзьвюх краінаў, пэрспэктывы ўзаемадзеяньня ў інтэграцыйных аб'яднаньнях, у паліўна-энэргетычнай сфэры», – паведамляе прэсавая служба Лукашэнкі.

Кіраўнік Беларусі таксама паўдзельнічае ў пасяджэньні вышэйшага дзяржсавету гэтак званай саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Там у парадку дня - 16 пытаньняў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG