Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Экспэрт: «Расея перакупіла і Беларусь, і Лукашэнку вельмі лёгка»


Ці існуе геапалітычны аспэкт у прысудзе Алесю Бяляцкаму? Ці можна сказаць, што на фоне новых спадзяваньняў на павялічэньне расейскіх субсыдыяў добрыя адносіны з Захадам робяцца на гэты момант для афіцыйнага Менску не такімі і важнымі? Як Эўропа і ЗША павінны рэагаваць на ўзмацненьне рэпрэсіяў у Беларусі?

На гэтыя ды іншыя пытаньні адказваюць кіраўнік інтэрнэт-праекту «Мы» Кірыл Пазьняк і палітычны аглядальнік газэты «Белорусы и рынок» Паўлюк Быкоўскі.

Кірыл Пазьняк
Паўлюк Быкоўскі
Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Жорсткі прысуд Алесю Бяляцкаму — каму такім чынам дасылае сыгнал улада? Найперш беларускай апазыцыі, грамадзянскай супольнасьці, — або гэта пераважна для зьнешняга карыстаньня, мэсыдж Захаду? Калі так, то які?

«Улады перасталі гуляцца ў імітацыю дыялёгу з Захадам»


Быкоўскі: Гэта пасланьне ў абодва бакі. Мы бачым працяг кампаніі запалохваньня, зачышчэньня поля, на якім прысутнічае грамадзянская супольнасьць, нязгодная з палітыкай уладаў. І гэтыя сыгналы павінны пераканаць грамадзтва ў тым, што неляяльным быць небясьпечна.

Пазьняк: Калі стала зразумела, што ўладам ня ўдасца ўзяць пад кантроль «Вясну», было вырашана «зачысьціць». Праваабаронцы сёньня ў Беларусі — гэта вельмі важнае зьвяно такой зьявы, як салідарнасьць у грамадзтве. Іхняя дзейнасьць дазваляе нязгодным зьмяншаць узровень страху, камусьці ўвогуле пазбаўляцца ад яго.

Маральная і матэрыяльная падтрымка «палітычным», якую аказвалі праваабаронцы, кампэнсацыя іхніх стратаў, — гэта вельмі спрыяльны чыньнік таго, каб схаваныя пратэстныя настроі перацякалі ў адкрытую форму. Гэта ўлады на тле крызісу, безумоўна, хвалявала і хвалюе — нашмат больш, чым дзейнасьць апазыцыі, якую пасьля выбараў разграмілі. Таму прысуд Бяляцкаму — гэта спроба разгрому праваабаронцаў. Гэта застрашвае астатніх праваабаронцаў і (калі казаць пра канфіскацыю маёмасьці) наносіць удар па іхняй арганізацыйнай сыстэме.
Ільгота з боку Расеі на газ — ключавы чыньнік таго, што Менску зрабілася нецікаваю гульня ў дыялёг з Захадам

Што тычыцца Захаду як адрасата, то зразумела, што рашэньні, зьвязаныя з палітвязьнямі, прымаюцца каньюнктурна, дзеля ўнутрыпалітычнай ці замежнапалітычнай мэтазгоднасьці. У дадзеным выпадку можна казаць пра тое, што прысуд — сьведчаньне таго, што ўлады перасталі гуляцца ў імітацыю дыялёгу з Захадам. Гэтая гульня была дзеля крэдыту МВФ і каб справакаваць Маскву на аказаньне дапамогі. Калі стала зразумела, што крэдыту МВФ ня будзе, а Масква гатовая мірыцца, то хваля вызваленьня палітвязьняў спынілася і нават зьявіўся новы — Алесь Бяляцкі. То бок ільгота з боку Расеі на газ — ключавы чыньнік таго, што Менску зрабілася нецікаваю гульня ў дыялёг з Захадам.

Цыганкоў: На фоне паляпшэньня адносінаў з Расеяй, спадзяваньняў на павялічэньне расейскіх субсыдыяў добрыя адносіны з Захадам робяцца на гэты момант не такімі і важнымі. Ці не таму ўлады ўзмацняюць рэпрэсіі супраць палітычных апанэнтаў? Але ці няма тут небясьпекі перагуляць і сапсаваць адносіны з Захадам у такой ступені, што іх будзе цяжка аднавіць?

«Хваля „любові“ да Расеі праз пэўны час зьменіцца»


Быкоўскі: Падчас працэсу над Бяляцкім высьветлілася, што просьбы аб дакумэнтах накіроўваліся яшчэ да выбараў, калі была лібэралізацыя і дыялёг. Відаць, што спэцслужбы Беларусі ўжо тады мелі нейкія пляны рэпрэсіяў і зачысткі палітычнага поля. Такім чынам, гэта не зусім каньюнктурна. Гэта прадуманая і лягічная кампанія, і яе праявы былі і 19 сьнежня, і пасьля.

Тое, што адбылося зь Бяляцкім, — сыгнал найперш для апазыцыі ў Беларусі. Што да торгу з Захадам, то ў гэтым працэсе прысутнічаюць свае хвалі. Зараз ідзе хваля больш блізкіх адносінаў з Расеяй. Відавочна, што на фоне электаральных кампаніяў у Расеі Менск будзе імкнуцца здабыць зь яе боку як мага больш дабротаў. Але разам з тым улады баяцца страціць свой сувэрэнітэт над краінай і дзеля раўнавагі будуць зьвяртацца да Захаду. Калі гэта адбудзецца і на якім фоне, мы пакуль ня ведаем. Але я ўпэўнены, што хваля «любові» да Расеі праз пэўны час зьменіцца.

Цыганкоў: Ужо прагучалі меркаваньні, што Захад вінаваты ў тым, што не адказаў на першыя вызваленьні палітвязьняў, не зрабіў ніякіх крокаў насустрач рэжыму ў Беларусі. Зь іншага боку, аналітыкі кажуць, што Захад не павінен уступаць з афіцыйным Менскам у «гандаль закладнікамі». Якой павінна быць тактыка Захаду на фоне новага ўзмацненьня рэпрэсіяў у Беларусі?

«Расея на сёньня перакупіла і Беларусь, і Лукашэнку вельмі лёгка»


Пазьняк: У Захаду ня так шмат манэўраў. Расея на сёньня перакупіла і Беларусь, і Лукашэнку вельмі лёгка. Бо яна ня мае ніякай «місіі», ніякай патрэбы мяняць тут уладу ці «беларускую мадэль» — затое мае што падкінуць «тут і цяпер». Захад у гэтым пляне не такі дынамічны і ня можа супернічаць з Крамлём з гледзішча рэсурсаў, якія можа ўкінуць у Беларусь. Да ўсяго, Расея прапанавала грошы «заўтра», а Захад — толькі «пасьля-пасьлязаўтра».

Што да Эўропы, то яна захавала твар у сваёй прынцыповай пазыцыі і, відаць, зразумела, што супольна з Масквой ладзіць перамены ў Беларусі — гэта ўтопія. Што да дыялёгу беларуска-эўрапейскага, то ён, безумоўна, адновіцца ў наступным цыклі абвастрэньня стасункаў з Масквой. Бо Масква, калі згадаць Ільфа і Пятрова, запатрабуе ад Менску процьму «дробных паслугаў», і ня толькі дробных. Маю на ўвазе найперш прыватызацыю беларускіх прадпрыемстваў.

І яшчэ адзін важны чыньнік — гэта паводзіны народу, які, як паказаў гэты год, мае вельмі высокі парог цярпеньня і вялікі рэсурс адаптацыі.

Быкоўскі: Расея ня можа купіць кіраўніка Беларусі. У яго ёсьць свае інтарэсы, ёсьць неабходнасьць атрымаць нейкія рэсурсы. За атрыманьне гэтых рэсурсаў ён можа быць удзячны, але ягоныя інтарэсы тут першасныя. Таму — сёньня мы «любім Расею», а заўтра ня будзем «любіць». Асабліва калі пачнуцца розныя прыватызацыйныя канфлікты, напрыклад, калі камэрсанты з Усходу, што купілі нашы прадпрыемствы, ня будуць выплачваць рабочым заробак.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG