Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка адрынуў прапанаваны ўрадам варыянт эканамічнага разьвіцьця на наступны год, які незалежныя экспэрты прызналі найбольш рацыянальным. Урад прапанаваў ня гнацца за валавымі паказьнікамі, а галоўнай мэтай абвясьціць фінансавую стабілізацыю, змаганьне з інфляцыяй.

Аднак прэзыдэнт паставіў задачу павысіць валавы ўнутраны прадукт (ВУП) на 5–5,5%, а інфляцыя не павінна перавысіць 22%. Экспэрты лічаць, што гэтыя мэты ўзаемавыключальныя. Каб дасягнуць такога росту ВУП, патрабуецца эмісійнае напампоўваньне эканомікі. А гэта выкліча значную інфляцыю і дэвальвацыю. Каб змагацца з інфляцыяй, трэба спыніць грашовую эмісію. Але пры гэтым варыянце ня будзе росту ВУП.

Чаму Лукашэнка прыняў такое рашэньне? Таму што ён не разьбіраецца ў эканоміцы? Эканаміст Аляксандар Чубрык задае рытарычнае пытаньне: "Які сэнс у росьце ВУП, калі гэта вядзе да росту беднасьці?" (Naviny.by, 23.11.2011).

Сапраўды, з гледзішча эканамічнай мэтазгоднасьці сэнсу ў гэтым няшмат. Але Лукашэнка ніколі не глядзіць на працэсы з такой пазыцыі. Ён заўсёды прымае рашэньні ў сфэры эканомікі выключна з гледзішча палітычнай мэтазгоднасьці.

Акрамя папулізму, захаваньня вобразу абаронцы народу ад «рынкавага» ўраду, традыцыйнай звычкі рабіць з чыноўнікаў ахвярных казлоў, якія чамусьці не выконваюць правільныя і мудрыя загады прэзыдэнта, тут існуюць і іншыя, больш канкрэтныя, нават рацыянальныя чыньнікі. Зразумела, рацыянальныя з пазыцыі ягоных уласных інтарэсаў.

Валавыя паказьнікі – неабходны элемэнт цяперашняй сацыяльнай мадэлі
Найперш, валавыя паказьнікі – неабходны элемэнт цяперашняй сацыяльнай мадэлі. Паколькі ў кіраўнікоў дзяржпрадпрыемстваў няма стымулаў для эфэктыўнай працы, то эканамічная сыстэма можа неяк прымальна працаваць толькі пры ўмове жорсткага ціску і кантролю зьверху. А валавыя паказьнікі – самыя простыя, зразумелыя для кантролю. Як яшчэ можна пракантраляваць, рабіць маніторынг працы тысяч прадпрыемстваў і калгасаў? Хоць у краіне і гіпэртрафаваныя кантрольныя органы, іх усё роўна ня хопіць, каб улазіць у эканоміку кожнага суб’екта гаспадараньня дзяржаўнай уласнасьці. А валавыя паказьнікі – на паверхні.

Другі момант. Лёгкіх рашэньняў у эканоміцы для дзяржаўнага кіраўніцтва цяпер няма. Кожны з варыянтаў, якія распрацаваў урад, балючы для насельніцтва. Лукашэнка выбраў меншае зло з гледзішча сацыяльнай, а значыць – і палітычнай стабільнасьці, зыходзячы з сваіх уяўленьняў аб пагрозах для ўлады.

Той першапачатковы варыянт, які прапанаваў урад, прадугледжваў рэзкае скарачэньне фінансаваньня дзяржпраграм, бюджэтнай падтрымкі прамысловасьці, сельскай гаспадаркі, замарожваньне заробкаў. У выніку шмат якія заводы, калгасы, прызвычаеныя да дзяржаўных датацыяў, маглі проста спыніць сваю працу. А гэта масавае беспрацоўе. І людзі, якія там працуюць, хутчэй за ўсё, маўчаць ня будуць.

Лукашэнка бачыць галоўную пагрозу для сваёй улады ў пратэсьце працоўных калектываў
А Лукашэнка бачыць галоўную пагрозу для сваёй улады ў пратэсьце працоўных калектываў. Вулічныя акцыі апазыцыі яго менш турбуюць, ён ведае, што зь імі рабіць. Пакуль заводы працуюць, няхай і зь невялічкім заробкам, сацыяльная стабільнасьць захоўваецца. Калі яны спыняцца, гэта набліжэньне канца. Прывід красавіка 1991 году, калі сотні тысяч рабочых стаялі на плошчы Незалежнасьці (а Лукашэнка гэта бачыў на свае вочы з вокнаў Вярхоўнага Савету), не дадае спакою.

Заводы, якія спыніліся, трэба прадаваць прыватным гаспадарам. А гэта руйнуе ўсю беларускую сацыяльную мадэль.

У параўнаньні з гэтым рост цэнаў ня так страшны. Павышэньне заробкаў і пэнсій усьлед за інфляцыяй стварае ілюзію клопату дзяржавы пра сваіх грамадзян. І галоўнае, захоўваецца сацыяльная мадэль, яе ня трэба мяняць. Ствараецца ілюзія, што яна працуе. А ад ураду патрабуецца кіраваць у звыклым рэжыме і не пужаць народ страшылкамі пра курс у 22 тысячы рублёў за даляр.
XS
SM
MD
LG