Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Емэнскі прэзыдэнт сыходзіць пасьля 33 гадоў


Алі Абдула Салех
Алі Абдула Салех
Прэзыдэнт Емэну Алі Абдула Салех і прадстаўнік апазыцыі падпісалі сёньня ў Эр-Рыядзе дамову аб перадачы ўлады. Салех пагаджаецца сысьці ўзамен на імунітэт ад перасьледу.

Пасярэднікам ўгоды стала Рада супрацоўніцтва арабскіх краін Пэрсыдзкай затокі. Паводле яе ўмоваў, Салех перадае паўнамоцтвы свайму намесьніку Мансуру Хадзі. Той на працягу 90 дзён павінен сфармаваць урад нацыянальнага адзінства і абвясьціць дату датэрміновых прэзыдэнцкіх выбараў. Салех яшчэ тры месяцы застанецца «ганаровым прэзыдэнтам» і будзе мець імунітэт ад судовага перасьледу. Дамову як шлях да мірнай і ўпарадкаванай перадачы ўлады віталі Злучаныя Штаты. На падпісаньні дакумэнту прысутнічаў кароль Савудаўскай Арабіі і іншыя высокапастаўленыя прадстаўнікі арабскіх краін.

Выступы з патрабаваньнямі адстаўкі Салеха пачаліся ў краіне сёлета ў студзені. Вясной яны перарасьлі ва ўзброеныя сутыкненьні. Улетку ў выніку абстрэлу яго палацу Салех быў паранены і нейкі час знаходзіўся на лячэньні за мяжой. Раней некалькі разоў ён ужо абяцаў сысьці ў адстаўку, аднак слова не трымаў. 69-гадовы Салех знаходзіцца ва ўладзе 33 гады.

Сёньняшняя навіна аб умовах яго сыходу, аднак, задаволіла ня ўсіх. Некаторыя лічаць, што Салех павінен несьці адказнасьць за «кроў нявінна пацярпелых». У сталіцы Емэну Сане, як перадае БіБіСі, прайшлі акцыі пратэсту, удзельнікі якіх заявілі, што не прызнаюць ніякіх гарантый для Салеха.

Паведамляецца таксама, што Салех неўзабаве накіруецца ў ЗША, каб прайсьці там мэдыцынскае абсьледаваньне. «Калі Салех прыедзе ў Нью Ёрк, я буду рады зь ім сустрэцца», заявіў генэральны сакратар ААН Пан Кі Мун.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG