Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская труба – беспрэцэдэнтны набытак Расеі


25 лістапада Аляксандар Лукашэнка ў Маскве правядзе перамовы з расейскім прэзыдэнтам Дзьмітрыем Мядзьведзевым. Мяркуецца, што адной з тэмаў сустрэчы будуць дачыненьні ў паліўна-энэргетычнай сфэры, перадае Інтэрфакс.

З нагоды візыту маскоўскі «Коммерсант» нагадаў, што расейскі «Газпрам», які ўжо да канца году павінен стаць адзіным уладальнікам «Белтрансгазу», дамовіўся зь Менскам пра фіксаваную мінімальную прыбытковасьць кампаніі – каля $16 з кожнай прададзенай тысячы кубамэтраў расейскага газу. Аднак гэта не паправіць фінансавага становішча «Белтрансгазу», які па выніках 2010 году атрымаў чыстыя страты на ўзроўні $1 млрд. За кампанію з такімі стратамі «Газпрам» аддае ў сукупнасьці больш як $5 млрд – як у выглядзе аплаты за акцыі, так і за кошт недаатрыманых даходаў ад зьніжэньня коштаў на газ для Беларусі.

Упершыню ў постсавецкай гісторыі расейская кампанія атрымлівае кантроль над інфраструктурнай сыстэмай такога ўзроўню
«Коммерсанту» ўдалося азнаёміцца з дэталямі праекту міжурадавага пагадненьня Расеі і Беларусі (яно падрыхтаванае Мінэнэрга і павінна быць падпісана 25 лістапада) аб умовах куплі-продажу акцыяў «Белтрансгазу» і яго далейшай дзейнасьці. У дакумэнце, у прыватнасьці, агаворваецца мінімальны ўзровень нацэнкі на газ, які рэалізуецца «Белтрансгазам» у Беларусі (краіна закупляе ў «Газпрама» каля 21 млрд кубамэтраў газу ў год). У 2012 годзе яна складзе $15,95 за тыс. кубамэтраў. З 2013 году нацэнка будзе індэксавацца на ўзровень інфляцыі, гаворыцца ў дакумэнце, і такі парадак прадугледжаны да 2031 году. У Мінэнэрга, «Газпраме» і «Белтрансгазе» камэнтаваць праект адмовіліся.

Экспэрт Фонду энэргаэфэктыўнасьці Сяргей Кандрацьеў называе зьдзелку «важным прэцэдэнтам» паколькі «ўпершыню ў постсавецкай гісторыі расейская кампанія атрымлівае кантроль над інфраструктурнай сыстэмай такога ўзроўню». Аднак гэтая купля абыдзецца «Газпраму» ня толькі ў $2,5 млрд, заплачаных за 50% акцыяў «Белтрансгазу» але і яшчэ ў $2,8 млрд недаатрыманых даходаў з-за зьніжэньня кошту газу для Беларусі.

Тым часам з нагоды пераходу «Белтрансгазу» ў поўную ўласнасьць Расеі выказаўся кіраўнік «Газпраму» Аляксей Мілер.

«Заўтра сто адсоткаў забярэм «Белтрансгаза», – цытуе Мілера Інтэрфакс.

Адказваючы на пытаньне, якіх пагадненьняў можна будзе чакаць ад перамоваў у пятніцу з прэзыдэнтам Беларусі, Мілер сказаў: «Там будзе падпісаньне».

Ён ня стаў адказваць на пытаньне, ці зьнізіць Расея цану на газ, які пастаўляецца ў Беларусь. «Заўтра ўсё даведаецеся», – паабяцаў ён.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG