Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьцейскі гарвыканкам забараніў актывістам кампаніі «Гавары праўду!» праводзіць пікеты пад лёзунгам «За чыстае паветра». Актывісты меркавалі пратэставаць супраць бязьдзеяньня ўладаў у вырашэньні праблемы дрэнных пахаў у Берасьці.

Актывіст кампаніі «Гавары праўду» Ігар Маслоўскі кажа, што гэтым разам з гарвыканкаму быў атрыманы адказ, які сьведчыць, што чыноўнікі нават не стараліся напісаць хаця б фармальную адпіску:

«Актывістка Ганна Канюс падавала заяўку на пікет на пешаходнай частцы Варшаўскай шашы 26 лістапада. А гарвыканкам ёй адказаў, што „па сутнасьці заявы аб правядзеньні 16 кастрычніка 2011 году на вуліцы Савецкая пікету паведамляем наступнае“. То бок заяўка падавалася на адзін дзень, а забаранілі ў іншы, падавалася на адно месца, а забаранілі — у іншым. Проста пад капірку ўлады перапісалі адказ для Ганны Канюс зь мінулага адказу (пікеты па акцыі „Крок у Эўропу“), калі мы падавалі на вуліцу Савецкую. Гэта значыць, што ніякага разгляду па сутнасьці нашых заявак не было».

Спадар Маслоўскі тлумачыць, што ня зьдзіўлены тым, што забаранілі нават экалягічныя пікеты: «Ніякіх грамадзкіх хваляваньняў, на думку ўлады, не павінна быць. Дазволь экалягічныя — запатрабуюць, каб дазволілі палітычныя. У горадзе фактычна існуе забарона на масавыя мерапрыемствы, калі толькі іх не арганізоўвае сама ўлада».

Пікеты «За чыстае паветра» плянаваліся ў Берасьці 25, 26, і 27 лістапада.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG