Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзейны старшыня АБСЭ заклікаў вызваліць Бяляцкага ды іншых палітвязьняў


Дзейны старшыня Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ), літоўскі міністар замежных спраў Аўдронюс Ажубаліс выказаў глыбокую трывогу з нагоды выраку беларускаму праваабаронцу Алесю Бяляцкаму.

Бяляцкі, віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі па правах
чалавека і кіраўнік беларускага праваабарончага цэнтру «Вясна», быў асуджаныя сёньня на чатыры з паловай гады зьняволеньня па абвінавачваньні ва ўхіленьні ад выплаты.

"Гэты выпадак павінен разглядацца як частка больш шырокай карціны перасьледу і запалохваньня праваабаронцаў у Беларусі", – заявіў Ажубаліс.

У заяве адзначаецца, што беларускія ўлады неаднаразова адмаўлялі праваабарончаму цэнтру «Вясна» ў афіцыйнай рэгістрацыі пасьля рашэньня Вярхоўнага Суду ў 2003 годзе ліквідаваць арганізацыю. Хоць Камітэт ААН па правах чалавека устанавіў, што закрыцьцё «Вясны» было парушэньнем абавязаньняў Беларусі на свабоду асацыяцый, усе наступныя спробы «Вясны» прайсьці перарэгістрацыю ня скончыліся посьпехам.

"Дзеяньні, за якія Алесь Бяляцкі быў прызнаны вінаватым, зьяўляюцца прамым вынікам неапраўданых абмежаваньняў на свабоду аб'яднаньняў у краіне і яго дзейнасьці у якасьці праваабаронцы, і здаецца, што суд не належным чынам разгледзеў матывы спадара Бяляцкага," – заявіў Аўдронюс Ажубаліс.

Ажубаліс паўтарыў свой заклік да неадкладнага і безумоўнага вызваленьня Бяляцкага і іншых палітычных зьняволеных: "Я заклікаю беларускія ўлады забясьпечыць поўнае ажыцьцяўленьне у законе і на практыцы, абавязаньняў у межах АБСЭ ў галіне свабоды аб'яднаньняў і абароны людзей, якія займаюцца праваабарончай дзейнасьцю".

Дзейны старшыня АБСЭ таксама выказаў занепакоенасьць тым, што беларускія ўлады адмовілі ва ўезьдзе міжнародным назіральнікам, якія мелі намер сачыць за працэсам Бяляцкага. Аўдронюс Ажубаліс заявіў, што гэта ставіць пад сумнеў гатоўнасьць уладаў забясьпечыць поўную празрыстасьць у судовым працэсе ў гэтым выпадку. Абавязаньні дзяржаваў-удзельніц АБСЭ патрабуюць прымаць прысутнасьць
назіральнікаў ад іншых дзяржаў-удзельніц, прадстаўнікоў няўрадавых арганізацый і іншых зацікаўленых асоб на судовых працэсах, дадаў ён.

Акрамя таго, Ажубаліс заклікаў беларускія ўлады адмовіцца ад нядаўна прапанаваных новых абмежаваньняў свабоды асацыяцый – у прыватнасьці ад забароны няўрадавым арганізацыям мець рахункі ў замежных банках – і ад іншых дадатковых абмежаваньняў на іх дзейнасьць.
XS
SM
MD
LG