Лінкі ўнівэрсальнага доступу

15 год пры аўтарытарызме


Галадоўка дэпутатаў Вярхоўнага Савету 12 красавіка 1995 году

Галадоўка дэпутатаў Вярхоўнага Савету 12 красавіка 1995 году

24 лістапада 1996 году з ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі адбыўся рэфэрэндум, які асобныя экспэрты прыраўноўваюць да канстытуцыйнага перавароту. Плебісцыту папярэднічала працяглае супрацьстаяньне паміж выканаўчай уладай — з аднаго боку, судовай і заканадаўчай — з другога. Вынікам яго, не без дапамогі расейскіх палітычных "міратворцаў", стала адхіленьне ад пасады старшыні Цэнтравыбаркаму Віктара Ганчара, роспуск Вярхоўнага Савету і пераход да аўтарытарнага прэзыдэнцкага кіраваньня.

Паўтара дзясятка гадоў таму Лукашэнку ўдалося перапісаць Канстытуцыю, распачаўшы новы этап дзяржаўнага ладу – разварот ад парлямэнцкай рэспублікі да прэзыдэнцкай. Уласна рэфэрэндуму папярэднічала спроба абвясьціць імпічмэнт прэзыдэнту. Аднак збор подпісаў суправаджаўся ціскам на дэпутатаў з боку прэзыдэнцкай адміністрацыі. У выніку шэраг абраньнікаў пад шантажом і пагрозамі свае подпісы адклікалі, а асабліва ўпартыя неўзабаве апынуліся хто за кратамі, хто без пэрспэктываў працаўладкаваньня.

Зрабілі свой унёсак у злом беларускай дэмакратыі і так званыя "міратворцы" з Усходу – тагачасны прэм'ер-міністар Расеі Віктар Чарнамырдзін і кіраўнікі думскіх палатаў Генадзь Селязьнёў і Ягор Строеў. Па выніках перамоваў было падпісанае пагадненьне, якое прадугледжвала адмену абавязковага характару рашэньняў рэфэрэндуму і адкліканьне пытаньняў аб імпічмэнце і парушэньнях Канстытуцыі. І калі недатыкальнасьць Лукашэнкі сапраўды была забясьпечаная, то ўсё астатняе – не. Пры якім раскладзе падзеі маглі разьвівацца інакш – ацэньвае дэпутат Вярхоўнага Савету ХІІІ скліканьня Павал Знавец:

Павал Знавец

Павал Знавец

"У 1996 годзе зьдзейсьніўся акт дзяржаўнага перавароту з вынасам цела старшыні Цэнтравыбаркаму Віктара Ганчара, якога потым забілі разам з Красоўскім і Захаранкам. Усё было падрыхтавана да арышту Лукашэнкі, нават быў негалосны загад дадзены мар'інагорскаму спэцназу. І ўсё было б зьдзейсьнена, каб не пазыцыя Ціхіні, які здрэйфіў і падпісаў паперы пасьля перамоваў з расейскай дэлегацыяй на чале з Чарнамырдзіным, хоць ня мусіў там быць увогуле, таму што быў толькі пасярэднікам, ня кажучы пра тое, каб ставіць нейкія подпісы. Ну, і Шарэцкі таксама, канечне ж, не баец. У выніку былі змушаныя калектыўна прыняць рашэньне падпісаць паперку, якая расчыніла шлях да ўсталяваньня дыктатуры… Дарэчы, галоўным кансультантам Лукашэнкі ў Вярхоўным Савеце быў Камай – злавесная фігура яшчэ ад часоў Чарнобыля, калі гнаў людзей на дэманстрацыі пыл радыеактыўны глытаць. Я быў сьведкам гэтых кансультацый, стаяў за тры мэтры, калі Лукашэнка апошні раз прыйшоў у парлямэнт: "Аляксандар Рыгоравіч, ня слухайце іх, пашумяць і супакояцца, гніце сваю лінію. Прызнаюць і будуць мець з вамі справу". Ад таго часу Лукашэнка гэтай генэральнай лініі і трымаецца, ні на што не зважаючы. Любы кампраміс, любы намёк на перамовы – гэта значыць праява слабасьці".

Аднак былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Валеры Фадзееў ня схільны абвінавачваць у зрыве імпічмэнту і правядзеньні рэфэрэндуму, які стаў трамплінам да неабмежаваных паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі, выключна тагачаснага кіраўніка Канстытуцыйнага суду Валерыя Ціхіню. Ён лічыць, што не праявілі дастатковай прынцыповасьці якраз самі дэпутаты, якія фактычна завалілі ўласную ж ініцыятыву:

Валеры Фадзееў

Валеры Фадзееў

"Што маем, тое маем. Але абвінавачваць кагосьці канкрэтна, відаць, ня варта. Мы ўсе робім гісторыю – хто ў большай ступені, хто ў меншай – і ад усіх нас залежыць лёс краіны. Канешне, нехта больш вінаваты, нехта менш, але на самой справе трэба ўсім браць адказнасьць на сябе. У гэтым сэнсе парадавала тое, што сёньня Аляксандар Фядута ў адным інтэрвію абсалютна справядліва выказаўся наконт імпічмэнту. Раней былі спробы ўсю адказнасьць перакласьці на Канстытуцыйны суд – маўляў, гэта зь іхнай віны пытаньне не разгледзелі, затармазілі і г.д. А Фядута паказаў, як насамрэч спалохаліся тыя, хто спачатку падпісаўся пад імпічмэнтам, і як літаральна на наступны дзень пабеглі забіраць свае подпісы. У выніку чаго суб'ект звароту ў Канстытуцыйны суд зьнік, таму што павінна было быць ня меней за 70 дэпутатаў, а іх ужо празь дзень стала меней. Так што ўва ўсім абвінавачваць Канстытуцыйны суд, навешваць на яго ярлыкі, па-мойму, беспадстаўна".

Некаторыя аналітыкі падзеі 15-гадовай даўнасьці наўпрост называюць канстытуцыйным пераваротам, якія адкрыў Аляксандру Лукашэнку магчымасьці для поўнай узурпацыі ўлады ў краіне. Між тым экс-кіраўнік Галоўнага дзяржаўнага прававога ўпраўленьня адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандар Пласкавіцкі ня схільны ўсё трактаваць так адназначна:

"Я ня думаю, што быў пераварот, таму што парушэньняў Канстытуцыі не было. Прынамсі відавочных. Таму падобныя ацэнкі суб'ектыўныя. Але калі казаць пра тое, ці адбылася нейкая карэнная зьмена канстытуцыйнага ладу – то так, адбылася. І не сказаў бы, што гэта быў пераход да аўтарытарнага кіраваньня, таму што гэта ня сутнасьць канстытуцыйнай сыстэмы. Большасьць аўтарытарных рэжымаў нават не выдзяляюць нейкую асобу, і ў сваёй большасьці такія рэжымы не аднаасобныя. Тут, хутчэй, ад парлямэнцкай да прэзыдэнцкай рэспублікі адбыўся пераход".

Карэспандэнт: "На ваш погляд, падзеі разгортваліся лягічна?"

"Я думаю, на той момант інакш і не магло быць, беручы пад увагу сытуацыю, якая тады склалася. Бо на той час у Вярхоўнага Савету ўлады было шмат, у прэзыдэнта гэтай улады наогул не было, фармальна. А досьвед сьведчыць, што з такіх крызісных сытуацый выходзяць праз аднаасобную ўладу. Нават калі б гэта быў не Лукашэнка, праз пэўны час быў бы нехта іншы. Народ жадаў, каб быў нейкі гаспадар у дзяржаве, гэта безумоўна. І наогул ніводная краіна не выходзіць з такіх сытуацый бяз моцнай улады. Нават такія краіны з устойлівымі лібэральнымі традыцыямі як ЗША, напрыклад".

Адметна, што падзеі 15-гадовай даўніны, у выніку якіх Лукашэнка атрымаў аднаасобную ўладу ў краіне, на афіцыйным узроўні ніяк ня згадваюцца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG