Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валянцін Стэфановіч: "Мы будзем змагацца да апошняга"


Праваабаронца Валянцін Стэфановіч пракамэнтаваў прысуд свайму калегу Алесю Бяляцкаму, які атрымаў 4,5 года ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці паводле абвінавачаньня ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйных памерах з грошай, якія ішлі на праваабарончую дзейнасьць. 2 сьнежня адбудзецца суд на самім Стэфановічам.

"Пачыналася гэта зь перапіскі Камітэту дзяржаўнай бясьпекі яшчэ ў лістападзе-кастрычніку мінулага году. Там чорным па белым было напісана, што ёсьць інфармацыя аб рахунках Стэфановіча і Бяляцкага за мяжой, зь якіх яны фінансуюць беларускую радыкальную апазыцыю. Таму відавочна, што палітычны матыў тут прысутнічае.

Па-другое, сама доказная база, якую прадставіў пракурор, нікога не пераканала, што Бяляцкі мусіў плаціць гэты падатак. Ён патлумачыў, што гэты грошы перадаваліся трэцім асобам у зьвязку з узятымі на сябе абавязаньнямі, а гэта не трапляе пад падаткаабкладаньне.

Да таго ж самі дакумэнты, якія фігуруюць у сьледзтве, не завераныя ні пячаткамі, ні подпісамі. Ёсьць ліст Міністэрства юстыцыі Літвы, які, ў адрозьненьне ад тых дакумэнтаў, завераны пячаткай дзяржаўнага органа, пра тое, што інфармацыя, перададзеная Літвой, не адпавядае рэчаіснасьці. Тым ня менш, суд у прынцыпе ня даў ацэнкі гэтаму дакумэнту, як мы сёньня чулі. Але было заяўлена, што гэтыя раздрукоўкі зьяўляюцца доказам пераводу грашовых сродкаў.

Аднак нельга казаць што гэта сьведчыць пра аб'ём грашовых сродкаў, пра тое, каму яны пералічаліся. Не даказана, што яны ўвозіліся ў Беларусь. Яны ё не маглі ўвозіцца Бяляцкім, бо ён два гады знаходзіўся ў сьпісах на мяжы, падвяргаўся мытнаму нагляду кожны раз, калі перасякаў мяжу. Таму я лічу, што доказаў віны Бяляцкага ў інкрымінаваным злачынстве не было прадстаўлена.

Мы будзем змагацца да апошняга. Цяпер сытуацыя выглядае такім чынам, што наш офіс можа быць апячатаны. Думаю, што будуць сур'ёзныя цяжкасьці ў нашай дзейнасьці, бо доступ да офісу могуць абмежаваць і мы ня зможам працаваць. У пэрспэктыве ён у прынцыпе можа быць канфіскаваны. Гэта, вядома ж, будзе ствараць вялікія цяжкасьці ў нашай дзейнасьці, але я думаю, што мы ў любым выпадку будзем яе працягваць".

XS
SM
MD
LG