Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Вырак Алесю Бяляцкаму: 4,5 года ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці


Алесь Бяляцкі, дзень прысуду

Алесь Бяляцкі, дзень прысуду

24 лістапада судзьдзя Першамайскага суду Менску Сяргей Бандарэнка пакараў кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна», віцэ-прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Алеся Бяляцкага чатырма з паловай гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.

Праваабаронцы, палітыкі і дыпляматы краінаў Эўразьвязу ды ЗША асудзілі вырак Бяляцкаму. Яны адзначаюць палітычную афарбоўку справы і тое, што віна Бяляцкага не было даказаная.


Бюро ПАРЭ: Менск павярнуўся сьпінай да Эўропы і яе каштоўнасьцяў

Міжнародныя праваабаронцы заклікаюць выключыць Беларусь з АБСЭ

Чэхія заклікае РБ спыніць рэпрэсіі

Брытанскі міністар нагадвае пра небясьпеку супрацоўніцтва з адміністрацыяй Лукашэнкі

Шымашус і Ажубаліс пра прысуд Бяляцкаму

Дэпутаты бундэстагу: гэта фарс зь юрыдычнага гледзішча і трагедыя – з чалавечага

Парыж шакаваны прысудам Бяляцкаму

Рада Эўропы асуджае прысуд Алесю Бяляцкаму

Упаўнаважаны па правах чалавека ўраду Нямеччыны патрабуе вызваленьня Бяляцкага


Пратэсты супраць прысуду Бяляцкаму афіцыйны Менск назваў «цынізмам»







Amnesty International: Мы шакаваныя прысудам Бяляцкаму

Эштан і Фюле: Беларусь папоўніла сьпіс палітвязьняў

Дзейны старшыня АБСЭ заклікаў вызваліць Бяляцкага ды іншых палітвязьняў





18.00 Упаўнаважаны па правах чалавека Нямеччыны: «Гэта подлы, нічым не апраўданы ўчынак».

Упаўнаважаны па правах чалавека Нямеччыны спадар Маркус Лёнінг зрабіў спэцыяльную заяву, у якой рэзка асудзіў вырак праваабаронцу Алесю Бяляцкаму і запатрабаваў яго неадкладнага вызваленьня:

«Няцяжка здагадацца, што такім чынам беларускія ўлады, выкарыстоўваючы надуманае крымінальнае абвінавачаньне, спрабуюць прымусіць маўчаць актыўнага праваабаронцу. Гэта подлы, нічым не апраўданы ўчынак».

Упаўнаважаны па правах чалавека Нямеччыны патрабуе вызваліць і рэабілітаваць усіх палітвязьняў у Беларусі, а таксама спыніць рэпрэсіі ў адносінах да апазыцыйных няўрадавых арганізацый і іх актывістаў.

14.15 Амбасада ЗША асуджае прысуд Алесю Бяляцкаму:

«Злучаныя Штаты Амэрыкі рашуча асуджаюць выбарачны судовы перасьлед і прысуд Алесю Бяляцкаму. Мы зноў заклікаем урад Беларусі неадкладна і безумоўна вызваліць Бяляцкага і ўсіх палітычных зьняволеных, скасаваць усе перашкоды для іх удзелу ў грамадзкім жыцьці ў будучыні, а таксама спыніць кампанію супраць тых, хто крытыкуе ўрад. ЗША супольна зь эўрапейскімі калегамі будуць і надалей сачыць за разьвіцьцём сытуацыі ў Беларусі і прыцягваць да адказнасьці асобаў, якія ўдзельнічаюць у рэпрэсіях».


Задайце пытаньне Ўладзімеру Лабковічу

Яцэк Сарыюш-Вольскі: «Гэта скандальны прысуд»

Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека асуджае прысуд Бяляцкаму


Вялікая Брытанія і Літва асуджаюць прысуд Бяляцкаму


13.45 Праваабарончы цэнтар "Вясна" распаўсюдзіў заяву з нагоды выраку Бяляцкаму:

Прысуд нашаму калегу – вынік шматгадовай рэпрэсіўнай палітыкі ўладаў Беларусі ў дачыненьні да праваабарончых арганізацыя
"Мы, сябры Праваабарончага цэнтру "Вясна", ацэньваем прысуд як расправу над нашым калегам, помсту за ягоную шматгадовую праваабарончую дзейнасьць, а таксама як імкненьне зьнішчыць нашу арганізацыю і запалохаць увесь праваабарончы рух Беларусі".

"Матэрыялы, якія былі агучаныя ў судзе, сьведчаць, што ў дачыненьні да Алеся Бяляцкага і іншых сяброў Праваабарончага цэнтру "Вясна" пачынаючы з кастрычніка 2010 г. вяліся незаконныя апэратыўна-вышуковыя мерапрыемствы, ініцыяваныя КДБ Беларусі".

"Прысуд нашаму калегу – вынік шматгадовай рэпрэсіўнай палітыкі ўладаў Беларусі ў дачыненьні да праваабарончых арганізацыяў: выпіхваньне з прававога поля праз пазбаўленьне афіцыйнага статусу, адмовы ў рэгістрацыі з надуманых прычын новых аб’яднаньняў, крыміналізацыю дзейнасьці незарэгістраваных арганізацый, стварэньне перашкодаў і ціск з боку КДБ і іншых спэцслужбаў".

"Пакараньне Алесю Бяляцкаму – гэта рэакцыя ўладаў на цьвёрдую і пасьлядоўную пазыцыю ўсіх праваабаронцаў Беларусі па ацэнцы сытуацыі з правамі чалавека ў краіне".

"Мы перакананы, што прысуд Алесю Бяляцкаму носіць выключна незаконны характар і таму падлягае безумоўнаму скасаваньню".

"Вясна" працягне сваю праваабарончую дзейнасьць, бо гэта наш абавязак перад усім грамадзтвам Беларусі, якое цярпіць ад масавых парушэньняў правоў".

Ежы Бузэк: Вызваліце Бяляцкага і ўсіх палітвязьняў!

МЗС Польшчы: Гэта прысуд правам чалавека ў Беларусі


Камэнтары дыпляматаў, палітыкаў, праваабаронцаў


На пытаньне, якія будуць дзеяньні Эўразьвязу ў сувязі з прысудам Алесю Бяляцкаму, амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка заявіў, што эўрапейскі бок будзе займаць прынцыповую пазыцыю.

"Я зьвяртаю вашу ўвагу на ўчорашнюю заяву баранэсы Эштан і камісара Фюле, якія кажуць, што працэс мае палітычную падаплёку. І Бяляцкі павінен быць вызвалены".

Амбасадар Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас прысуд Алесю Бяляцкаму назваў ганебным:

"Дзеяньні будуць. Учора была і заява баранэсы Эштан, і камісара Фюле. Мы, канечне, будзем на гэта рэагаваць, бо гэта палітызавана, непрыстойна, нячэсна і некарэктна".



Часовы павераны ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан заявіў, што ЗША выказваюць сур'ёзную занепакоенасьць выбіральным судовым перасьледам і прысудам беларускаму праваабаронцу Алесю Бяляцкаму.

"Мы зноў заклікаем беларускі ўрад да безумоўнага вызваленьня Бяляцкага і ўсіх палітычных зьняволеных. А таксама зьняцьця ўсіх перашкодаў для іх удзелу ў грамадзкім жыцьці ў будучым. А таксама — спыніць перасьлед тых, хто выступае з крытыкай ураду. Злучаныя Штаты сумесна з эўрапейскімі партнэрамі працягваюць сачыць за разьвіцьцём сытуацыі ў Беларусі. А таксама ўскладаюць адказнасьць на тых, хто вінаваты ў рэпрэсіях".


Прысутны на абвяшчэньні прысуду Бяляцкаму старшыня АГП Анатоль Лябедзька заявіў, што занадта быў аптымістам, калі спадзяваўся, што здаровы сэнс пераможа.

"Сёньня трэба адбудоўваць стасункі з Захадам, а не псаваць іх. Ну, гэта вайна. Фактычна Лукашэнка абвяшчае вайну і ўнутры краіны, сваім апанэнтам, і абвяшчае вайну Захаду. Чым гэта скончыцца, паглядзім. У любым выпадку праваабарончы рух – гэта вельмі моцная арганізацыя, лабіст. Я чакаю, што зараз будзе першая хваля, яна пройдзе праз праваабарончыя арганізацыі. Вельмі жорсткая. А другая хваля будзе палітычная. Будуць новыя санкцыі, кропкавыя, візавыя, фінансавыя, і, магчыма, паўстане ў парадку дня больш шырокая прысутнасьць эканамічных санкцый".


Лідэр кампаніі "Гавары праўду" Ўладзімер Някляеў заявіў, што прысуд палітычны. Аднак ён спадзяваўся, што будзе праяўлены гуманізм на год-паўтара. А праявілі ўсяго толькі на паўгода. Паводле Някляева, Лукашэнку нельга дараваць таго, што ён гуляе з чалавечымі лёсамі.

"І гэта зноў жа паказвае намеры рэжыму жорстка абыходзіцца з усімі, хто ёсьць ягоны вораг. Вельмі небясьпечная тэндэнцыя ў тым сэнсе, што гэта можа экстрапаліравацца на астатніх палітвязьняў. Я спадзяваўся, што яны да новага году будуць выпушчаныя. А зараз гэта спадзяваньне ў мяне значна зьменшылася, і выглядае на тое, што Лукашэнка вырашыў папаўняць палітвязьняў як залаты запас у турмах. У банку няма залатога запасу, то ён будзе папаўняць яго ў турмах. Гэта вельмі небясьпечная тэндэнцыя. Яна разам з адсутнасьцю рэформаў вядзе да каляпсу".


Былы старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка заявіў, што такі прысуд Бяляцкаму быў, на жаль, прадказальны.

"Не для таго Алеся захоплівалі ўлетку, каб проста так аддаць. Улада разглядае яго як адзін з тавараў для гандлю. Канфіскацыя азначае, што наносіцца ўдар па функцыянальных магчымасьцях праваабарончага цэнтру "Вясна". І, безумоўна, цяпер ужо зусім няма чаго мець ілюзіяў пра шанцы на так званую лібэралізацыю гэтай улады".


Сустаршыня аргкамітэту народных сходаў Віктар Івашкевіч заявіў, што прысуд Бяляцкаму чаканы, ведаючы прыроду беларускага рэжыму.

"Гэта курс на зацісканьне гаек, на застрашваньне застаецца. Усе спадзеўкі на нейкія лібэралізацыі пад ціскам аб'ектыўных праблемаў не пацьвярджаюцца. І формула адна: палітвязьні выйдуць, калі дыктатар сыдзе. А дыктатар сыдзе, калі людзі выйдуць. Трэба ўсё рабіць, каб людзі хутчэй выйшлі на вуліцу са сваімі патрабаваньнямі".


Валеры Шчукін

Валеры Шчукін

Праваабаронца Валер Шчукін: "Я чакаў, што ўлада выкруціцца з сытуацыі, у якую яна ўліпла, не падумаўшы. Але ў Лукашэнкі страх засьцілае вочы, і ён ня ў стане прымаць адэкватныя рашэньні. Толькі гэтым прысуд і можна патлумачыць".




Алег Волчак

Алег Волчак

Праваабаронца Алег Волчак: "Суд так і не даказаў, што гэта быў пэрсанальны прыбытак Бяляцкага. Суд не даказаў, ці перавозілі гэтыя грошы празь беларускую мяжу. Суд так і не пацьвердзіў, што паперы ў матэрыялах справы здабытыя законным шляхам. Як мы ведаем, Мін'юст Літвы пасьля прызнаў іх незаконнымі. Мы пераканаліся, што ў беларускім заканадаўстве няма такога панятку, як "грант", а значыць, нельга яго выкарыстоўваць. Гэта палітычны працэс, таму тут не выконваліся юрыдычныя працэдуры. Ім трэба асудзіць праваабаронцаў, якія дапамагалі палітзьняволеным".


Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч, кіраўнік Партыі БНФ: "Безумоўна, гэта ганебны, несправядлівы прысуд. Было зразумела, што ён будзе такім жорсткім, калі пракурор запрасіў 5 гадоў. Як мы бачым з практыкі, прысуды не адрозьніваюцца моцна ад таго, што просіць пракурор, на палітычных працэсах. А справа відавочна палітычная. Я думаю, што асноўнай мэтай уладаў было паслаць сыгнал, што любыя праявы салідарнасьці будуць вельмі жорстка душыцца. Я думаю, што ўмовы аказаньня дапамогі стануць больш складанымі, але перакананы, што беларускія праваабаронцы ўсё адно змогуць гэтую дзейнасьць арганізаваць. Ня будзе мець гэты прысуд таго ўзьдзеяньня на сытуацыю, на якое разьлічваюць беларускія ўлады".


Юрыст Уладзімер Лабковіч: "Гэта брутальная расправа над вядомым праваабаронцам. Нічога агульнага з правам гэта ня мае. Гэта паказвае, што адзіным мэтадам размовы сёньняшняга рэжыму з грамадзянскай супольнасьцю, у прыватнасьці, з праваабаронцамі, зьяўляюцца такія рэпрэсіі. Мы будзем праводзіць кампанію па вызваленьні ўсіх палітвязьняў, у тым ліку і Алеся Бяляцкага. Ня толькі Бяляцкі зараз за кратамі. За кратамі і іншыя палітвязьні. Мы ў роўнай ступені будзем патрабаваць іхнага вызваленьня. І, як сказаў Алесь Бяляцкі, "Вясна" будзе жыць і працягваць сваю дзейнасьць у поўным аб'ёме".


Кіраўнік расейскага праваабарончага цэнтру "Мэмарыял" Алег Арлоў: «Абсалютна ганебны прысуд. Чалавека пасадзілі за правааабарончую дзейнасьць. Спроба пракуратуры, а пасьля і судзьдзі закамуфляваць па сутнасьці палітычны прысуд пад нібыта эканамічныя парушэньні неабгрунтаваныя. Па-першае, законы Беларусі анціпраўныя. Яны ствараюць поўную немагчымасьць для любой незалежнай грамадзкай дзейнасьці. А пасьля тых, хто працягвае карыстацца гарантаванымі Канстытуцяяй правамі, перасьледуюць. Але нават гэтыя абвінавчваньні ў межах антыправавых законаў абсалютна правалілася. І не глядзечы на гэта, выненсены такі вырак».


Стэфановіч: "Мы будзем змагацца да апошняга"



Жонка Алеся Бяляцкага: Прысуд чаканы




"Мы ведалі пра такое магчымае разьвіцьцё падзей яшчэ да арышту Алеся. Гэта быў сьвядомы выбар. Яшчэ недзе за месяц да арышту Алеся мы ўжо рыхтаваліся і сьвядома йшлі на гэта, ведаючы, чым гэта пагражае.

Зразумела, будзь я адна, у гэтай сытуацыі, з гэтай праблемай было б досыць цяжка. Мяне падтрымлівае тое, што людзі прыходзяць, тэлефануюць, выказваюць словы падтрымкі, і ня толькі словы, а гатовыя дапамагчы ўсім, чым могуць. Гэта, зразумела, дае магчымасьць адчуваць сябе не адзінокай".


11.47 Злучаныя Штаты Амерыкі заклікаюць беларускі ўрад вызваліць праваабаронцу Алеся Бяляцкага і ўсіх палітвязьняў "неадкладна і безумоўна". Пра гэта заявіў журналістам 24 лістапада часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан адразу пасля вынясеньня прысуду Бяляцкаму, паведамляе БелаПАН.



11.52 Людзі не разыходзяцца. Амбасадар Літвы выказаў падтрымку жонцы Бяляцкага Натальлі.

11.45 Пасьля выраку Бяляцкі пасьпеў крыкнуць "Вясну" не спыніць!".

У фае суду людзі разгарнулі транспарат "Вясну не спыніць!" у абарону Бяляцкага. Паўкоўнік Яўсееў прыгразіў затрымаць тых, хто трымаў расьцяжку.


Палкоўнік Яўсееў вырывае расьцяжку

Палкоўнік Яўсееў вырывае расьцяжку



Жонка Бяляцкага Натальля

Жонка Бяляцкага Натальля


Пракурор Сайкоўскі

Пракурор Сайкоўскі



11.37 Адвакат Зьміцер Лаеўскі адмовіўся камэнтаваць прысуд. Аднак ён заявіў, што абавязкова будзе абскарджваць прысуд.

11.34 Людзі крычаць «Ганьба!» Бяляцкі пасьпеў крыкнуць «Жыве Вясна!»

11.30 Судзьдзя: Чатыры з паловай гады калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.

Маёмасьць абвінавачанага, у тым ліку і зарэгістраваную на іншых асобаў, адабраць дзеля выкананьня прысуду.

Паводле рашэньне суду, Бяляцкі мусіць сплаціць 721 мільёнаў стратаў і 36 мільёнаў дзяржаўнай пошліны.

Алесь Бяляцкі і адвакат Зьміцер Лаеўскі

Алесь Бяляцкі і адвакат Зьміцер Лаеўскі


11.00 Паседжаньне пачалося. Судзьдзя Сяргей Бандарэнка чытае прысуд.

На просьбу Бяляцкага зачытваецца ўвесь прысуд. А выніковая частка будзе перакладацца на беларускую мову.

Судзьдзя чытае: суд устанавіў ухіленьне Бяляцкага ад падаткаў, зачытвае тыя ж лічбы атрыманых ім прыбыткаў, што і называліся пракурорам.

Судзьдзя чытае скарагаворкай. Ён запавольвае чытаньне толькі на лічбах.

Судзьдзя пераказвае паказаньні Бяляцкага, які не прызнаў сваю віну і заявіў, што выкарыстоўваў грошы на праваабрончую дзейнасьць, яны не былі ягоным прыбыткам.

Суд прызнаў віну даказанай.

Тацяна Равяка дастала вялікі плакат "Свабоду Бяляцкаму" з партрэтам правабаронцы за кратамі. Ахова і судзьдзя ніяк не рэагуюць.

Равяка павярнула плякат, каб бачылі ва ўсіх кутках залі. На плакаце напісана: «Свабоду Алесю Бяляцкаму, віцэ-прэзыдэнту міжнароднай федэрацыі правоў чалавека».

Прысуд фактычна паўтарае абвінавачваньне, раней агучанае пракурорам.

З залі патрабуюць, каб судзьдзя чытаў больш выразна. Судзьдзя не рэагуе.

"Суд лічыць, што магчымае толькі пазбаўленьне волі з канфіскацыяй і не знаходзіць магчымасьці больш мяккага пакараньня."

Прадстаўнікі дыпмісіяў. Амбасадар Вугоршчыны Фэрэнц Контра (зьлева)

Прадстаўнікі дыпмісіяў. Амбасадар Вугоршчыны Фэрэнц Контра (зьлева)



10.56 Уся заля махае Алесю Бяляцкаму рукамі. Людзі кажуць: «Мы цябе вельмі любім». Бяляцкі адказвае: «Я вас таксама».



10.55 Месцаў усім не хапіла. Многія стаяць у праходах. Прыйшлі таксама: былы кандыдат на прэзыдэнта Ўладзімер Някляеў, праваабаронца Людміла Гразнова, літаратар Алесь Пашкеквіч і Эдуард Акулін.

10.40 У залі суду – кіраўнікі дыпляматычных місіяў ЗША, Францыі, Вугоршчыны і Нямеччыны, праваабаронцы зь Беларусі, Расеі і Францыі. Дзясяткі фота- і відэакамэраў. Прыйшла Натальля, жонка Алеся Бяляцкага.

Першы шэраг занялі дыпляматы і сваякі.



10.30 Пачалі запускаць у судовую залю. Ля дзьвярэй сябралася прыкладана сотня чалавек.



10.00 Ля суду пачынаюць зьбірацца людзі. Тут ўжо прыкладна 50 чалавек. Шмат журналістаў. Побач дзяжураць 2 аўтобусы зь міліцыянтамі і людзьмі ў цывільным.

23 лістапада пракурор Сайкоўскі папрасіў пакараць Бяляцкага 5 гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму і сканфіскаваць маёмасьць. Адвакат Лаеўскі папрасіў цалкам апраўдаць падабароннага. А сам Бяляцкі заявіў, што ня лічыць сябе вінаватым і што справа супраць яго палітычна матываваная.



Прысуд Бяляцкаму: прагноз Стэфановіча
Мілінкевіч у Эўрапарлямэнце заклікаў да салідарнасьці зь Бяляцкім

На 14 гадзінаў у памяшканьні “Вясна” заплянаваная прэсавая канфэрэнцыя з нагоды прысуду Бяляцкаму. У ёй будуць удзельнічаць:

  • Саша Кулаева, кіраўнік аддзелу Усходняй Эўропы і Цэнтральнай Азіі Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека (FIDH);
  • Юлія Гарбунова, дасьледчык міжнароднай праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch;
  • Алег Арлоў, старшыня праўленьня Праваабарончага цэнтру «Мэмарыял», назіральнік місіі назіраньня Абсэрваторыі па абароне правоў праваабаронцаў (FIDH – ОМСТ);
  • Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна”.

Суд над Алесем Бяляцкім:

Дзень першы
Дзень другі
Дзень трэці
Дзень чацьвёрты
Дзень пяты
Дзень шосты
Дзень сёмы

Суд над Алесем Бяляцкім пачаўся 2 лістапада.

Алеся Бяляцкага вінавацяць ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйных памерах з грошай, якія ішлі на праваабарончую дзейнасьць.

Бяляцкаму пагражае да 7 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці.

Банкаўскія дадзеныя Бяляцкага афіцыйнаму Менску перадалі Літва і Польшча.

Бяляцкага затрымалі 4 жніўня. Яго ўтрымліваюць у турме на вуліцы Валадарскага ў Менску.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG