Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч у Эўрапарлямэнце заклікаў да салідарнасьці зь Бяляцкім


Аляксандар Мілінкевіч

Аляксандар Мілінкевіч

23 лістапада ў Брусэлі адбылася канфэрэнцыя па правах чалавека, у якой удзельнічалі ляўрэаты прэміі імя Андрэя Сахарава «За свабоду думкі».

Кіраўнік руху «За свабоду», ляўрэат прэміі імя Андрэя Сахарава 2006 году Аляксандар Мілінкевіч у сваёй прамове адзначыў:

«Нашы супольныя намаганьні могуць выратаваць мільёны калег па ўсім сьвеце: журналістаў, інтэлектуалаў, актывістаў грамадзянскай супольнасьці, якіх перасьледуюць аўтарытарныя рэжымы».

Аляксандар Мілінкевіч узгадаў судовы працэс супраць кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага, якому выстаўлена палітычна матываванае абвінавачваньне ва ўтойваньні прыбыткаў у асабліва буйным памеры, і для якога якраз сёньня пракурор папрасіў 5 гадоў турмы з канфіскацыяй маёмасьці. Мілінкевіч заклікаў міжнародную супольнасьць, у тым ліку сахараўскіх ляўрэатаў, да салідарнасьці зь беларускім праваабаронцам і да падтрыманьня ініцыятывы наконт вылучэньня Бяляцкага на Нобэлеўскую прэмію міру 2012 году.

Кажучы пра сытуацыю ў сьвеце, старшыня руху «За Свабоду» адзначыў, што «падзеі ў арабскіх краінах абуджаюць надзею на перамены. Аднак, узьнікае пэўная занепакоенасьць паспяховасьцю дэмакратычных зьменаў у рэгіёне. У той жа час, усходнія суседзі Эўразьвязу (Беларусь, Расея, Украіна) усё больш адыходзяць ад дэмакратычных каштоўнасьцяў».
Мы верым, што аднойчы мы аб’яднаемся — больш моцны, дынамічны Эўрапейскі Зьвяз і яго новыя сябры, свабодныя краіны Ўсходняй Эўропы

На думку Аляксандра Мілінкевіча, «у нашым рэгіёне было б нашмат прасьцей абараняць эўрапейскія каштоўнасьці, калі б Эўропа была больш моцнай і больш дынамічнай. На жаль, пагаршэньне сытуацыі з правамі чалавека ў нашай краіне супадае з глыбокім эканамічным крызісам у Эўропе».

«Мае суайчыньнікі, якія ў Беларусі змагаюцца за свае правы, глядзяць на Эўропу зь вялікай надзеяй. Мы спадзяемся, што Эўрапейскі Зьвяз справіцца з эканамічнымі і сацыяльнымі цяжкасьцямі, зноў набудзе дынамізм і веру ў сваю місію. Мы верым, што аднойчы мы аб’яднаемся — больш моцны, дынамічны Эўрапейскі Зьвяз і яго новыя сябры, свабодныя краіны Ўсходняй Эўропы», — перакананы Мілінкевіч.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG