Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З нагоды прызначанай лінгвістычнай экспэртызы выказваньняў Сяргея Міхалка

Тут трэба іншая экспэртыза


Я асабіста лічу памылкай пракуратуры, ці таго, хто ёй гэта параіў, распачынаць гэтую справу. Яна толькі на шкоду таму, каго пракуратура зьбіраецца абараняць. Бо першая рэакцыя абывацеля будзе такой, як я пазначыў у загалоўку. Сам жа Лукашэнка абзывае сваіх апанэнтаў брыдкімі ці стылёва «кусьлівымі» слоўцамі: Барозу – казёл, украінскі ўрад – вашывая каманда, Мядзьведзеў – інтэрнэт-хлопчык...

Мне, аднак, як філёлягу, уяўляецца, што ў дадзеным выпадку лінгвістычная экспэртыза ня можа разьвязаць праблему кваліфікацыі выказваньняў Сяргея Міхалка на адрас асобы Аляксандра Лукашэнкі
Прадстаўнік Генпракуратуры абсалютна слушна заявіў на брыфінгу для журналістаў, што публічная дзейнасьць культурнага чалавека павінна будавацца «на прынцыпах павагі асобы, без абразаў і зьнявагаў каго б там ні было». Мне, аднак, як філёлягу, уяўляецца, што ў дадзеным выпадку лінгвістычная экспэртыза ня можа разьвязаць праблему кваліфікацыі выказваньняў Сяргея Міхалка на адрас асобы Аляксандра Лукашэнкі.

Рэч у тым, што нейкай асаблівай, па-вучонаму кажучы, стылёвай канатацыі ў словах музыкі Міхалка няма, якая, напрыклад, ёсьць у вышэй названых выразах Лукашэнкі. Сп. Міхалок проста называе Лукашэнку «лжец, вор и невежда». Па-беларуску гэта таксама гучыць стылёва нэўтральна: ілгун, злодзей і невук. Тут справу павінен вырашаць звычайны суд: Ці лгаў калі-небудзь сп. Лукашэнка публічна? Ці даказана, што ён некалі нешта ўкраў? Ці ён сапраўды аднойчы публічна засьведчыў сваю элемэнтарную неадукаванасьць? Бо што тут лінгвістычна аналізаваць? Тут трэба проста ўстанавіць, ці меў сп. Міхалок маральнае права так гаварыць.

Лукашэнка неаднаразова публічна лгаў: «Мой бацька згарэў у падбітым танку»; «Я ніколі не хваліў Гітлера»; «Я рэдагаваў Яўлінскаму праграму «500 дней»...
Я таксама, як сп. Міхалок, магу публічна засьведчыць, што грамадзянін Лукашэнка неаднаразова публічна лгаў: «Мой бацька згарэў у падбітым танку» (Лукашэнка нарадзіўся праз 7 гадоў пасьля заканчэньня вайны); «Я ніколі не хваліў Гітлера» (Уся Беларусь чула гэта двойчы па дзяржаўным радыё. Пазьней Лукашэнка загадаў на БТ сказаць, што гэтыя выказваньні зрабілі на моўным сынтэзатары ў Польшчы); «Я рэдагаваў Яўлінскаму праграму «500 дней» (Яўлінскі публічна заявіў, што на той час ніколі не сустракаўся з Лукашэнкам), «Някляева білі людзі Статкевіча» і г. д. Іншая рэч, што тут, магчыма, суд можа ўстанавіць, што гэтыя некарэктныя сьцьверджаньні сп. Лукашэнкі выкліканыя асаблівасьцямі ягонага стану здароўя, што тады гэта можа быць трактавана не як ілжа і мана.

Я не магу сьцьвярджаць, што Лукашэнка нешта матэрыяльнае скраў у дзяржавы ці ў прыватнай асобы. А вось, што галасы на выбарах краў, магу даказаць. Двойчы «боўся» з пракуратурай РБ як незалежны назіральнік. Ёсьць некалькі сьведак, у тым ліку два замежныя журналісты.

Што Лукашэнка – невук, чула ўся Беларусь: Скарына тварыў у Піцеры, Быкаў пісаў вершы, «Это предложение мы, извиняюсь за выражение, похерили...» (Тут ня трэба выбачацца: «хер» – гэта літара старажытна-рускага алфавіту, а не палавы член. «Пахерылі» – значыць «перакрэсьлілі»). Прыклады можна доўжыць.

А што за стылістыка ў Юпітэра?


Біблійны хам, як вядома, зьдзекліва кпіў з свайго соннага бацькі, што ляжаў у ня вельмі прыгожай позе. А вось наш Юпітэр толькі ў зьдзеклівым тоне гаворыць пра матчыну мову, а тых, хто на ёй гаворыць, называе «сьвядомыя». Ягоныя расейскага паходжаньня генэралы паўтараюць за ім: «свидомые». Чуеце? Сама беларуская мова ў вуснах дамарослага Лаўручка (беларускі літаратурны пэрсанаж) ды прышлых генэралаў ужо сама па сабе ўспрымаецца як стылёва брыдкая. Па-добраму, вось тут даўно пара брацца за лінгвістычную экспэртызу.

Большасьць дыктатараў мінулага і дня сёньняшняга, асабліва простага паходжаньня, ня вельмі абцяжарвае сябе выбарам далікатнай лексыкі ў адносінах да сваіх апанэнтаў. Сябра нашага прэзыдэнта Уга Чавэс як бы незнарок памыляецца, вымаўляючы «Кандаліза Райс» як «Condomiza Rice», Ахмадзінэжад, сын каваля і прававерны мусульманін называе сваіх незычліўцаў «апантанымі асламі». У свой час таварыш Ленін па-народнаму параўноўваў інтэлігенцыю з экскрэментамі, але гэта ўжо пахла салоннай вытанчанасцю адукаванага разначынца.

Вось слоўцы і выразы кіраўніка нашай дзяржавы, якія лёгка знайсьці ў сеціве набраўшы ў пошукавай сыстэме назву «Блатная феня», «Тюремный жаргон» і г. д.

Даю, як некалі проста запісалася. Не ў тэматычным і не ў алфавітным парадку. Натуральна па-расейску, як гаворыць носьбіт жаргону.

Наклонить, опустить (сорамна даваць пераклад, прабачце, хто не разумее)
Мамка – проститутка, бандорша (у адносінах да жонкі кандыдата ў прэзыдэнты)
У него башня не в ту сторону повернута (у адносінах да кандыдата ў прэзыдэнты падчас прэсавай канфэрэнцыі)
Козел – старшыня Эўракамісіі Барозу
Голубятня тут собралась – міністар замежных справаў ФРГ (мае нетрадыцыйную сэксуальную арыентацыю)
Петушиная компания, отморозки – апзыцыя
Мы не заточились на эту рвань
Москва начала меня мочить
Кидалово
Польская брехаловка
Безмозглый Европарламент
Мы не будем целовать их в определенное место
Муртазу Рахимова наклонили
Нас хотели кинуть
Мы не дадим себя развести
Там всегда не обходится без откатов
Нам такой базар не нужен
На нас начали наезжать
Это узкое место надо расшить (пра тое, што нашы жанчыны мала
нараджаюць дзяцей)
Российское руководство цапает нас за все части тела
Нас вот называют бульбашами. Ничего в этом плохого нет, вот картошки только хорошей маловато... (Хто называе? Ці ўсё добра ў гэтай назве?

У расейскім слоўніку “Жгучий глагол. Словарь русской народной фразеологии», г. Люберцы Московской области, 2000 г., 5000 экз., чытаем:

Бульбаш – презрительная кличка белорусов. Ілюстрацыя на с. 20 пра
беларусаў, бульбу і наша рускае вымаўленьне:

Бульба е, балота радам, дроў нарубим – и парадак.
Бульбу жарим. бульбу варим, бульбу так себе хуярим.


У слоўніках турэмнага жаргону мянушку «бульбаш» знаходзім у адным шэрагу з такімі слоўцамі як: кацап, москаль, азерик, лабус, чурка, хохол, пшек, маромой...

Можна пашукаць і па назьве «Пеоративные характеристики народов и национальностей». «Пеоративные» значыць «прыніжальныя».

Ня ведаю, як каго, мяне такія рэчы абураюць. Як бы пачуваў сябе вядомы расейскі ілюстратар і тэлевядучы (паводле адукацыі доктар-псыхіятар) Андрэй Більжо, які рабіў ілюстрацыі да гэтага слоўніка, калі б я яму прапанаваў выпіць кілішак гарэлкі «Маскаль»?

Ці мы ўжо зусім аглухлі і ня чуем хамскага бязьмежжа хамаў сваіх і чужых?

Хамскія тэндэнцыі карпаратыўных суполак


Памятаю, як колішні клеўрэт Лукашэнкі Аляксандар Зімоўскі браў вечаровае інтэрвію ў Ганса-Георга Віка і глыбакадумна даводзіў, што Беларусь збудуе своеасаблівую мадэль карпаратыўнай дзяржавы, якая будзе пасьпяхова спраўляцца з «сацыяльнымі кантрактамі адносна мэтавых групаў» і якую будзе ня так лёгка разбурыць.

Што праўда, то праўда, наша краіна зь яе «звычаёвым правам» і ўласным моўна-віртуальным афармленьнем у ідэалёгіі і СМІ ўсё больш ператвараецца ў карпаратыўную суполку, дзе так званая эліта, дакладней – намэнклятура (эліту выбіраюць, намэнклятуру прызначаюць) дазваляе
Гэта – моўная мадэль турмы, войска, паліцыі, бурсы, інтэлектуальнай псэўдафронды, таталітарных партыяў, якая паступова перацякае ў грамадзтва і ператварае яго ў хамскую суполку

сабе, як на карпаратыўных вечарынках, пераступаць межы прыстойнасьці. Такія пратубэранцы хамства нярэдка прабіваюцца і на публіку. Гэта – не перанятая хвароба інтэрнэту, дзе амаль ўсё можна. Гэта – моўная мадэль турмы, войска, паліцыі, бурсы, інтэлектуальнай псэўдафронды, таталітарных партыяў, якая паступова перацякае ў грамадзтва і ператварае яго ў хамскую суполку. Гэта наша пагроза: жывем за пайку, душым слабых, руйнуем сьвятыні (мову, гістарычную памяць), робім публічны цынізм модай і нормай, цалуючыся публічна з дэкараванымі сьвятарамі. А тыя ўтульна стрыгуць сваю дзесяціну ад хамскай дзяржавы і бессаромна рукаюцца з дыктатарамі-хамамі.

Мы – «як бы-грамадзтва»: як бы хрысьціяне, як бы беларусы, як бы заможна жывем. У інтэрвію нашы людзі так і гавораць: «Мы как бы обвенчались...», «Мы – как бы белорусы, должны типа держаться вместе...». «Мы как бы неплохо живём...» Гэта не для стварэньня «паўзаў роздуму» (па-вучонаму «паўзы хезытацыі»). Гэта ўжо – наша як бы-натура. Як і ў расейцаў. Там таксама нярэдка прабіваецца турэмны наваяз: «мочить в сортире» (Пуцін), «хохлы и бульбаши зашебуршились» (Жырыноўскі), «нас наклонять не надо» (элегантны Мядзьведзеў таксама хоча быць крутым, як Пуцін). Ня дзіўна: паводле падлікаў некаторых дасьледчыкаў больш паловы расейскай «эліты» выйшла з карпарацыяў КДБ, міліцыі, КПСС і нават крымінальных суполак. Хто бываў у савецкі час у высокіх партыйных кабінэтах, той памятае, які мат там вісеў у паветры. Расейская мова давала неабмежаваныя магчымасьці.

А як там у Эўропе?


Будучы амбасадарам у Нямеччыне, не назіраў публічнага хамства эліты ў адносінах да сваіх апанэнтаў. «Вузкалобая палітыка», «упёртасьць», «местачковасьць» – амаль самыя моцныя абразьлівыя эпітэты.

Цяпер разы два на тыдзень чытаю на інтэрнэт-форумах абмеркаваньні вострых праблемаў у пэрыядычных выданьнях Нямеччыны, калі-небудзь – ангельскіх, францускіх і нават вэнэсуэльскіх. Там да хваробы Чавэса заўсёды йшло шматгадзіннае шоў «Hallo, Presidente!», дзе ён, як Фідэль Кастра, гадзінамі адказваў у простым эфіры на званкі грамадзян. Нідзе такога хамства, як у нас, ці ў расейскім інтэрнэце, няма. Чавэс – выключэньне. Слоўцы кшталту «joder», «mierda» ў вуснах камандантэ амаль страцілі сваю адмоўную канатацыю. Нешта падобнае праглядаецца ў адпаведных францускіх ці ангельскіх пасажах. Гэтыя мовы ня маюць такога арсэналу як мова расейская. Але трэба мець на ўвазе, што ў Эўропе, напрыклад, другое слова (прадукт рэшткаў страваваньня) сэмантычна ніколі ня мела такога нізкага статусу, як у нас. Нават Карл Маркс называючы люмпэнаў – у расейскім перакладзе – «отбросами общества», ужываў выраз «Scheisse der Gesellschaft». Канадзкі прэм’ер Трудо карыстаўся калі-небудзь публічна словам «merde», але не ў адносінах да пэўных асобаў. На поўначы Нямеччыны ў мэтэапрагнозах рэгіянальнага радыё можна пачуць, што заўтра чакаецца «ein schietes Wetter» (страшэнная непагадзь). У ангельцаў гэтае слова таксама ня мае такой абразьлівай стылёвай сэмантыкі, як у нас.

Тут мы Эўропу перагналі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG