Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзёньнік пісьменьніка: бульдозэры на Замкавай гары


Сустрэў знаёмага мастака: былі ў Друскеніках, наведалі магілу Яна Чачота. У Ротніцы? Ведаю, побач з Друскенікамі зусім, на касьцельных могілках, блізка ад беларускай мяжы. Калі я там быў? Хіба ў годзе 1990-м. Бязь візы цяпер ня трапіш. Мастак зьдзіўлены: яны ня ведалі раней, што ён там пахаваны…

Вядомы кароткі верш Антона Эдварда Адынца з доўгай назвай «Надпіс на надмагільным помніку Яну Чачоту ў Ротніцы». Адметны ён тым, што разам з пахаваным тут узгадваюцца сябры Адам Міцкевіч і Тамаш Зан. Пераклаў Кастусь Цвірка, сканчаецца так:

Хто ведаў яго – перад каменем гэтым схіліся,
Пастой, памаўчы і за ўсіх за траіх памаліся.


Напісаў калісьці Чачот баляду «Наваградзкі замак», гэтая назва перш прыгадваецца, калі імя яго ўспамінаеш, як вось у гэтай нашай размове.
Але чытаў даўно, сьцёрлася ў памяці.

Неручная работа


Калі падымаесься ўгору, трапляючы ў Наваградак, адчуваеш яго халоднасьць. Тужлівыя руіны дзьвюх замкавых вежаў пануюць над пагружаным у золкую смугу навакольлем. Памятаецца, мясцовыя чыноўнікі любілі беспрадметна марыць: а за польскім часам тут плацілі надбаўку за халаднейшы клімат… Што ж, наваградзкія пагоркі.

Чыноўнікі дагэтуль сядзяць у выдатнай камяніцы ваяводзкай управы, пакінутай польскай уладай. Праўда, у нашых даведніках нязьменна пішуць: райвыканкам, пабудаваны ў 1930 годзе.
Сьляды, пакінутыя тэхнікай
Сьляды, пакінутыя тэхнікай
Замкавыя руіны сёлета вырашана «закансэрваваць», спачатку была думка адбудаваць часткова. Гэта трывожна зьдзіўляе, калі трапляеш на Замкавую гару. Напярэдадні зімы з-пад зямлі выкрытыя рэшткі вежаў, муроў, каменныя і цагляныя. Прычым вельмі выразна бачныя сьляды «адвалу» ці каўша. Старажытная цэгла, дарэчы, пачала абсыпацца. А што ж вы думалі?!

Пакідаеш Замкавую гару ў немым зьдзіўленьні, з пытальнікамі ў галаве. Мне могуць сказаць, напрыклад: не шкадуй зямлі, якую зьнялі каўшом са схаваных замкавых рэштак, слой быў «малакультурным», яго пазьней насыпалі хутчэй, каб зьберагчы на будучыню разваліны. Добра, значыцца, руіны былі закансэрваваныя, але чаму іх раптам раскрылі, што палепшылі? Нічога.

Дзьве разбураныя вежы таксама ж, нібыта, мелі статус «закансэрваваных», прынамсі тая, над якой драўляны дах. Але яна працягвае разбурацца, гэта заўважна, у Наваградак ежджу з 1985-га.
Рэшткі вежаў і касьцёл пад гарою, здымак зроблены з кургана Міцкевіча, насыпанага ў 1924-31 гадах
Рэшткі вежаў і касьцёл пад гарою, здымак зроблены з кургана Міцкевіча, насыпанага ў 1924-31 гадах
Не кажу аб той вежы Малога замка, што рассыпалася пад струменем пажарнай машыны, пра што калісьці паведамляла «Наша Ніва». Памятаецца: там была дрывотня, вежа стаяла пры хаце, нібы гаспадарчая пабудова.

Паставіў я тут кропку, а праз паўгадзіны меў нечаканую размову з абазнаным чалавекам. Ён мне патлумачыў: зямля ў Наваградзкім замку «пустая», а што раскрытымі муры пакінулі, то кожны выконвае свой кавалак працы, а далей яго не цікавіць. Наконт археолягаў: расцэнкі ў нас высокія — мільён за кубамэтар грунту, таму ніхто ня хоча да іх зьвяртацца, эканомяць. У Горадні далей проста «археалягічнага нагляду» не даходзіць. А ў Польшчы, напрыклад, ёсьць прыватныя фірмы, якія маюць ліцэнзію на археалягічныя працы, расцэнкі ў паўтара раза меншыя.

Баляда Чачота


Дык вось: «Наваградзкі замак» Яна Чачота. Пасьля паездкі бярэш баляду з паліцы. Пачатак, бадай, няўдалы: «Сон, цо душ змыслэм патшэць не рачон…», здалёк і неканкрэтна. Але штосьці, штосьці мне гэта нагадвае. Вядома ж: «Літво! Ойчызно моя! ты як здрове…» Баляда Чачота пазначаецца 1818-19 гадамі, «Пан Тадэвуш» ягонага сябры Міцкевіча меў першы друк у Парыжы ў 1834-м, але ён схапіў адразу быка за рогі, майстар.

У мяне ў руках рэпрынтнае выданьне таго парыскага, у двух невялікіх тамах. Палякі зрабілі да 150-годзьдзя, дзесяць рублёў каштавала. Ганарар у мяне быў тады рублёў сорак, ня больш. Выданьне нятаннае, але вельмі ж хацелася яго мець. «Шляхецкая гісторыя з 1811 і 1812 гадоў, у дванаццаці кнігах, вершам». Пазначана таксама: «зь бюстам аўтара». Дакладней будзе сказаць: з выявай профіля-гарэльефа паэта. Шрыфт быў вельмі выразна адбіты, хоць дробны, можна было чытаць свабодна.

Паэма Чачота мяне расчаравала. Ясна: рамантызм, але месцамі цьмяна напісана. На «крывывах забойцах» «гіенах» швэдах засяродзіўся, хаця і «Маскву» ўзгадаў. Так руйнавалі замак Наваградзкі нашчэнт, варта было сказаць пра гэта. Чачот пісаў, што ня толькі разбураныя вежы, яшчэ руіны царквы былі на дзядзінцы. Сёньня няма.
У такіх дамах жылі ў Наваградку калісьці: Міцкевічы ды іншыя
У такіх дамах жылі ў Наваградку калісьці: Міцкевічы ды іншыя
А што Міцкевіч? Ён уявіў сабе замак у поўнай моцы – «на ўздыбленых горах» «волатаў-вежаў ламаныя цені»: «Гражына», пераклад Сяргея Дзяргая.

Два Міцкевічы і Ленін


Сёньня ў старой частцы Наваградка два помнікі Міцкевічу, а Ленін толькі адзін. Паэт у пэўным сэнсе перамог правадыра. Нават ня верыцца.

Дваццаць гадоў таму незвычайная навіна была ў Наваградку: палякаў з «Будымэксу», вядомай тады рэстаўрацыйнымі работамі фірмы, запрасілі рабіць дом-музэй Міцкевіча. Я нават размаўляў зь імі, як мог тады, па-польску. Паказваў толькі набыты беларускі пераклад «Пана Тадэвуша».
Адам Міцкевіч аўтарства Валяр’яна Янушкевіча
Адам Міцкевіч аўтарства Валяр’яна Янушкевіча
Абазнаны спадар, пра якога ўзгадваў вышэй, мне скептычна сказаў: а ўсё роўна рамонт дому-музэю цяпер рабіць трэба. І зразумей, кажа: ніхто больш запрашаць тых палякаў ня будзе, грошы на рэстаўрацыю калі даюць, то зь бюджэту, заказы даюць сваім, ніхто чужым плаціць ня будзе. Што ж, ясна: цяпер палякаў не прыцягваюць, самі з вусамі сталі. Не зважаючы, што рэстаўрацыя наша часта – саматужніцтва.

Кнігарня


Што ўспамінаецца з ранейшага Наваградка? Кнігаранька ў старым драўляным доме. Вуліца з пагорку абрыналася ў бок Міра і сталіцы БССР. І побач стаяў дом, дзе на другім паверсе былі кніжкі, драўляныя вулічныя ўсходы наверх, рыпучыя масьніцы ўсярэдзіне. Памятаю: набыў нейк кніжку пра падарожжы ў Італію Гётэ. Выйшаў зь дзьвярэй. Перад вачыма быў Наваградак, у пэўным сэнсе маленькі Рым для нас, цяперашніх беларусаў.

235 гадоў таму ў лістападзе Гётэ пісаў: «Разглядваю руіны, будынкі, толькі ў Рыме можна падрыхтавацца да Рыму. Нельга не прызнацца, што выкалупваць стары Рым з новага – прыкры і сумны занятак… Мы знаходзім сьляды цудоўнасьці і заняпаду, тыя і іншыя пераўзыходзяць усе нашы ўяўленьні. Тое, што пашкадавалі барбары, сьцёрлі з аблічча зямлі будаўнікі новага Рыму». Празь некалькі дзён ён дадае, што толькі тут пачынаеш разумець, што такое «трывалая каменная муроўка», і бязрадасная выснова: «Гэтыя людзі працавалі дзеля вечнасьці, усё было імі ўлічана, апроч безразважнага, дзікага барбарства, ад якога няма паратунку».

Заўважце: ён не сказаў – «вайны». У Наваградку ягоныя словы таксама да месца. Ня лічачы замка, як абарончай пабудовы, якая якраз зьнішчалася падчас баявых дзеяньняў, да астатніх разбурэньняў, як заўжды, прыклала руку родная савецкая ўлада.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG