Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь не пасьпявае зьнішчыць міны


Беларусь апынулася сярод краінаў, што не спраўляюцца са сваімі абавязаньнямі па зьнішчэньні супрацьпяхотных мінаў. Паводле справаздачы Landmine Monitor, нягледзячы на кампанію па іх ліквідацыі, выкарыстаньне супрацьпяхотных мінаў у сьвеце расьце.

Аўтары дакладу Landmine Monitor адзначаюць, што новыя віды мінаў былі выкарыстаныя ў Лібіі войскамі Муамара Кадафі. Новыя міны выкарыстоўваюць таксама ўзброеныя групоўкі ў Аўганістане, Калюмбіі, Бірме і Пакістане. Дванаццаць краін пералічваюцца ў шэрагу вытворцаў такой зброі: гэта Бірма, Віетнам, Індыя, Іран, Кітай, Куба, Паўночная і Паўднёвая Карэя, Пакістан, Расея, Сынгапур, ЗША. Апошнія, дарэчы, пакуль знаходзяцца ў шэрагу краінаў, што яшчэ рыхтуюцца далучыцца да міжнароднага пагадненьня па забароне супрацьпяхотных мінаў.

Пагадненьне на сёньняшні дзень падтрымалі 158 краінаў сьвету. 87 дзяржаў ужо завяршылі зьнішчэньне сваіх запасаў супрацьпяхотных мін.

У справаздачы Беларусь названая ў ліку некалькіх краінаў, якія пакуль ня выканалі сваіх абавязаньняў па зьнішчэньні мінных запасаў (гэтаксама як Грэцыя, Турцыя і Ўкраіна). Беларусь, якая далучылася да пагадненьня ў 2003 годзе, павінна была ад 2006 году цягам чатырох гадоў зьнішчыць свае запасы – амаль 3.4 мільёна супрацьпяхотных фугасных мінаў – але ня справілася з гэтай задачай. Да 2006 году Беларусь выканала свае абяцаньні па зьнішчэньні іншых тыпаў мінаў.

У справаздачы адзначаецца, што ў сьнежні 2010 году Беларусь падпісала кантракт з гішпанскай фірмай на зьнішчэньне сваіх мінных запасаў цягам 28 месяцаў. Аднак паводле стану на чэрвень 2011 году ўсё яшчэ не былі ўрэгуляваныя адміністрацыйныя дэталі кантракту, і зьнішчэньне мінаў не пачалося.

Ініцыятыва Landmine Monitor была заснаваная ў 1998 годзе Міжнароднай кампаніяй за забарону супрацьпяхотных мінаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG