Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Надпісы на ходніках у падтрымку Дашкевіча і Лобава


23 лістапада ў Менску на ходніках каля плошчы Бангалор і ў Кіеўскім сквэры зьявіліся надпісы «Свабоду Дашкевічу» і «Свабоду Лобаву».

Адказнасьць за акцыю ўзялі на сябе актывісты незарэгістраванага «Маладога фронту», які да арышту 18 сьнежня 2010 году ўзначальвалі Зьміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў.


Акцыі падтрымкі палітвязьняў у выглядзе расьцяжак, графіці і ўлётак рэгулярна праходзяць у Менску і рэгіёнах.

Зьміцер Дашкевіч
Нарадзіўся 20 ліпеня 1981 г. у вёсцы Кушняры Івацэвіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці. Да пяці гадоў жыў у Расеі на Далёкім Усходзе. Потым сям’я перабралася ў Старыя Дарогі. Там скончыў школу № 2. Вучыўся ў Гарадзенскім сельскагаспадарчым інстытуце. У 2001 годзе прыйшоў у "Малады фронт". Увосень 2001 г. быў адным з абаронцаў Курапатаў. Пазьней паступіў у Віленскі пэдагагічны ўнівэрсытэт на факультэт славістыкі. Быў абраны кіраўніком Менскай гарадзкой арганізацыі "Маладога фронту". Актыўны ўдзельнік і арганізатар масавых акцыяў і мерапрыемстваў. За сваю палітычную дзейнасьць неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці. У 2004 г. абраны старшынём "Маладога фронту".

Эдуард Лобаў
Нарадзіўся ў Менску ў 1988 г. З 8-га кляса марыў зьвязаць сваё жыцьцё з войскам. Служыў тэрміновую службу ў спэцназе. Тамсама, у войску, пазнаёміўся з маладафронтаўцам з Гомелю, дзякуючы якому далучыўся да "Маладога фронту". Быў абраны кіраўніком менскай гарадзкой арганізацыі МФ. Надалей цікавіцца ваеннай справай і марыць пра адраджэньне беларускага войска.

Затрыманы 18 сьнежня разам зь лідэрам МФ Зьмітром Дашкевічам, абвінавачаны ў хуліганстве. У Жодзінскім СІЗА за адмову сьведчыць супраць маладафронтаўцаў Эдуарда пагражалі перавесьці ў камэру, дзе зь ім жорстка расправяцца.
XS
SM
MD
LG