Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Баку пасьля нападу памёр публіцыст Рафік Тагі


Азэрбайджанскі публіцыст Рафік Тагі памёр праз чатыры дні пасьля таго, як быў атрымаў некалькі нажавых удараў у Баку.

61-гадовы Тагі, вядомы як крытык ўраду Азэрбайджану і Ірану, памёр у Баку ў лякарні, куды ён быў пакладзены пасьля начнога нападу ў суботу.

Расім Караджа, сябра Тагі і рэдактар літаратурнага часопісу "Alatoran", паведаміў, што Тагі памёр сёньня каля 3 гадзінаў дня па мясцовым часе.

Тагі перанёс хірургічную апэрацыю, у яго была выдаленая селязёнка, але паведамлялася, што пасьля апэрацыі ягоны стан быў задавальняючы.

Рафік Тагі ў шпіталі, 20 лістапада 2011 г.

Рафік Тагі ў шпіталі, 20 лістапада 2011 г.

Прыблізна за гадзіну да сьмерці ён сказаў у інтэрвію Свабодзе: « Мой стан стабільна цяжкі. Ён цяжкі, але гэта не пагаршэньне».

Нізамедзін Азгараў, адзін з лекараў, якія апэрыравалі Тагі, паведаміў Радыё Свабода, што, верагодна, Тагі падавіўся ванітамі. «Мы ня можам знайсьці якой-небудзь іншай прычыны ягонай сьмерці» - сказаў Азгараў. Паводле ягоных словаў, лекары аглядалі Тагі за 10 хвілінаў да сьмерці, і стан ягоны быў стабільны.

Раней некаторыя з сяброў пісьменьніка скардзіліся на адсутнасьць сыстэмы бясьпекі ў шпіталі і заклікалі ўрад прыняць меры, але Тагі паведаміў Радыё Свабода, што ён не адчуваў сябе ў небясьпецы.

Тагі атрымаў сем нажавых удараў каля свайго дома Баку 19 лістапада. На яго напалі двое невядомых.

У камэнтарах да Радыё Свабода ў панядзелак Тагі заявіў, што напад мог быць зьвязаны з артыкулам, які ён апублікаваў у пачатку гэтага месяца на сайце азэрбайджанскай службы нашага радыё "Іран і непазьбежнасьць глябалізацыі». У артыкуле ён падверг рэзкай крытыцы ўрад Ірану і высьмейваў пагрозы Тэгерану ў дачыненьні да Азэрбайджану.

У 2007 годзе раённы суд у Баку прысудзіў Тагі да трох гадоў зьняволеньня за артыкулы, надрукаваныя ў 2006 годзе, якія былі ацэненыя як крытыка ісламу і прарока Мухамэда. Ён атрымаў прэзыдэнцкае памілаваньне ў тым жа годзе.

Амбасада Ірану ў Баку ў аўторак выступіла з заявай, адмаўляючы дачыненьне Ірану да нападу на Тагі.

Азэрбайджанскія ўлады адкрылі крымінальную справу па факце нападу на Тагі.
XS
SM
MD
LG