Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Маршруткі» сталі раскошай. У аўтобусы — ня ўбіцца


У рэгіёнах Беларусі за апошні час значна пагоршылася праца грамадзкага транспарту. Працягваецца скарачэньне аўтобусных маршрутаў, масава банкрутуюць пасажырскія «маршруткі». У выніку павялічваецца колькасьць вёсак, зь якіх няма на чым даехаць нават да бліжэйшых райцэнтраў.

Тыповы прыклад таго, як улады спрабуюць зэканоміць на патрэбах людзей — гарадзкі пасёлак Акцябрскі. Мясцовыя жыхары абураныя тым, што зьменены графік руху аўтобуса, які зьвязвае аддаленую вуліцу Калініна з мікрараёнам «Мэліяратараў», дзе паліклініка й шпіталь. На гэтым адзіным у райцэнтры аўтобусным маршруце ўжо скасаваныя два рэйсы.

Маладая маці з вуліцы Калініна: «Гарадзкі транспарт — у нас быў адзін аўтобус, ён пяць разоў на дзень хадзіў. Цяпер ён стаў тры разы хадзіць. Скарацілася колькасьць рэйсаў да абеду. Ён раней у 7:35 ішоў, потым у 8:10, 9:30, 12:00. А зараз толькі ў 7:35, 8:10 і ўжо толькі ў 13:00, калі абед пачынаецца. У інтэрвал паміж досьвіткам і абедам аўтобус ужо ня ходзіць, яго адмянілі».

Пасялкоўцам, асабліва з малымі дзецьмі, цяпер вельмі складана дабірацца ў раённую паліклініку альбо шпіталь з аднаго канца пасёлку ў другі:

«Шпіталь наш у канцы пасёлку. Я жыву ў іншым баку. Мне зь дзіцем у паліклініку даехаць вельмі нязручна. З хворым дзіцем трэба ўставаць а 7 гадзіне, каб туды даехаць. А 7 гадзіне там чарга вялікая. Калі аўтобус хадзіў у 9:30 і 12:00, то было зручна. Выходзіць, што раніцай мы едзем у паліклініку, а назад трэба ісьці пешшу — праз увесь пасёлак. Гэта 4 кілямэтры дакладна будзе».
Выходзіць, што раніцай мы едзем у паліклініку, а назад трэба ісьці пешшу — праз увесь пасёлак. Гэта 4 кілямэтры дакладна будзе

Пра скарачэньне ў лістападзе аўтобусных рэйсаў кажа й спадар Мікалай, жыхар вёскі Мілашавічы Лельчыцкага раёну:

«Наш аўтобус хадзіў наўпрост з Глушкавіч у Мазыр. А цяпер ён да Мазыра ня ходзіць, а толькі да Лельчыцаў. Чалавек, які дабраўся ў Лельчыцы, доўга ня можа даехаць да Мазыра. Трэба чакаць, калі будзе рэйс зь Лельчыц да Гомелю».

Скарочаныя таксама й штодзённыя рэйсы маршрутак да абласнога цэнтру. У сераду й суботу яны наагул перасталі хадзіць:

«Зь Лельчыц да Гомелю была маршрутка ў 11:30. Дык штодзённы расклад адмянілі — у сераду й суботу ня ходзіць. Так атрымліваецца, што ўжо ў суботу зусім няможна даехаць з нашай мясцовасьці да Гомелю. Наагул, зараз цяжэй дабрацца да Мазыра й да Гомелю».


У Магілёве колькасьць маршрутных таксовак скарацілася за апошнія паўгода на сотню адзінак. Некаторыя маршруты, паводле афіцыйнай інфармацыі, недаўкамплектаваныя на 80 працэнтаў. Ранейшай чаргі ў гарвыканкаме на атрыманьне ліцэнзіі маршрутнага таксі цяпер няма.

У пікавыя гадзіны ў грамадзкі транспарт ужо ня ўбіцца. Бальшыня пасажыраў адмаўляецца ад звыклых за дзесяцігодзьдзе маршрутак.

«Вось сюды пад’яжджае маршрутка. Практычна адзін, мо два чалавекі сядуць — і ўсё. Раніцай прыяжджаю сюды — цэлы прыпынак стаіць, а ніводзін ня сядзе», — наракае на пасажыраў вадзіцель маршруткі.

А ці дорага дзьве з паловай тысячы для маршруткі?

«Канечне, дарагавата. І так усё даражэе, што галава кругам ідзе. Але калі ня будзе маршрутак — гэта будзе страшная справа», — лічыць спадар.

Напярэдадні апошняга падаражэньня заяўлялася, што кошт праезду маршрутнікі ўздымуць да 4 тысяч рублёў. Гэта была правакацыя, каб людзі скупілі праязныя, — рэагуюць таксоўцы.

«Гэта была невядома чыя правакацыя. Мы тут толькі можам здагадвацца. Вось тры тысячы яшчэ нармальна было б, але з намі тады ніхто не паедзе».

Выручка ад цяперашніх дзьвюх з паловай тысяч за праезд у маршрутцы — мізэрная, кажуць таксоўцы:

«Дзяржава нас не падтрымлівае. Датацыяў мы не атрымліваем ніякіх, як аўтобусьнікі, да прыкладу. Паліва дужа дарагое. Мне трэба на зьмену 200 тысяч рублёў на запраўку. А выручка — 150–200 тысяч. Грошы прыходзяць і сыходзяць».

Лепшай пэрспэктывы для сябе й пасажыраў «маршрутнікі» ня бачаць. Падаражэе паліва — падаражэе праезд.

«Але паліва ня ёсьць сто працэнтаў нашай нерэнтабэльнасьці. На запчасткі цэньнік наагул страшны. Усё ж ад даляра скача. Я вось на рамонце пад машынай праваляўся. За лістапад сем працоўных дзён. Сёньня 23-е чысло. Вось бізнэс».

З Магілёва вадзіцелі маршрутак выпраўляюцца на больш прыбытковую працу альбо ў Расею, альбо ў Літву. Ніводзін ня хоча працаваць на радзіме на заводах. Той, хто паспытаў вольнага хлеба, у турму ня пойдзе. Турмой вадзіцелі называюць беларускія прадпрыемствы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG